23 красавiка 2024, aўторак, 21:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як барысаўцаў завабліваюць распаўсюджваць наркотыкі

7
Як барысаўцаў завабліваюць распаўсюджваць наркотыкі

Жыхарка Барысава ў пошуках падпрацоўкі сутыкнулася з сумнеўнымі «вакансіямі».

У рэдакцыю ex-press.by звярнулася маладая барысаўка Кацярына і распавяла пра тое, як у пошуках падпрацоўкі сутыкнулася з вельмі сумнеўнымі «вакансіямі». Дзяўчына вучыцца ў Менску. Навучанне і арэнда жытла ў сталіцы каштуюць нятанна. Як і ў многіх іншагародніх студэнтаў, у яе паўстала пытанне падпрацоўкі. Праглядаючы аб'явы ў інтэрнэце, Кацярына выявіла няхітрую прапанову расклейкі аб'яў. Аднак пасля размовы з працадаўцам нешта пайшло не так.

- Мне трапілася аб'ява пра распаўсюд рэкламных улётак з штодзённай аплатай. Там быў нумар, праз які можна было звязацца ў Viber з працадаўцам. Далей у нас адбылася цікавая камунікацыя, - кажа Кацярына.

Камуніікацыя ў Viber была нядоўгай. Размова перайшла ў «бяспечны» Telegram.

- Мая цікаўнасць ўзяла верх, і я пачала з імі размаўляць. Ужо проста дзеля цікавасці.

У перапісцы Кацярыне ў адкрытую прапанавалі прадаваць псіхатропы і абяцалі «вельмі годную аплату», папярэдзіўшы, што «праца» небяспечная.

- Мяне шакавала такая шчырая камунікацыя, - распавядае Кацярына. - Бо на аб'явы аб расклейцы адклікаюцца многія людзі, і нават школьнікі. У цяжкія часы ўсе спрабуюць зарабіць. Некаторыя з іх, я ўпэўненая, не разумеюць усёй адказнасці за такія дзеянні. Бо шмат моладзі ўжо пасадзілі за такое.

Як бачым, «працадаўцаў» у асноўным цікавіць Менск і Менскі раён. Але і Барысаў не абмінаюць. Так, напрыклад, аднаму з маладзёнаў у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» прыйшло такое паведамленне.

У аддзеле барацьбы з наркотыкамі Барысаўскага РУУС журналістам патлумачылі, што «гэта праблема рэспубліканскага маштабу» і што «цяпер зламыснікі набіраюць новых «кур'ераў», бо дзейнасць старых ўжо спыненая».

На жаль, у пагоні за «лёгкімі грашыма» некаторыя гатовыя пайсці на злачынства, не аддаючы сабе справаздачу ў тым, чым усё гэта можа скончыцца.

Сітуацыю каментуе барысаўскі праваабаронца і юрыст Алег Мацкевіч:

- Пакаранне як для такога кшталту «працадаўцаў», так і тых, хто пагаджаецца на іх прапанову зарабляць «лёгкія і хуткія» грошы, прадугледжана Крымінальным кодэксам, і яно даволі суровае. Так, часткай 3 артыкула 328 КК прадугледжана, што дзеянні за незаконны з мэтай збыту выраб, перапрацоўку, набыццё, захоўванне, перавозку або перасылку незаконны збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў, учыненыя групай асоб, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Кажучы пра меру адказнасці за ўчыненне гэтага тыпу злачынства нельга не згадаць пра заўвагу да артыкула 328 КК Беларусі. Яна абвяшчае: асобы, якія добраахвотна здалі наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх прэкурсоры або аналагі і актыўна спрыяюць выяўленню або спыненню злачынства, звязанага з незаконным абаротам гэтых сродкаў, рэчываў, выкрыццю асобаў, якія іх учынілі, выяўленні маёмасці, здабытай злачынным шляхам, вызваляюцца ад крымінальнай адказнасці за гэтае злачынства. І гэта, мабыць, адзіны шлях пазбегнуць крымінальнай адказнасці як для тых, хто прапаноўвае гэтую, без перабольшання, брудную працу, так і для тых, хто на яе згаджаецца.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках