29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Следства паводле справы смерці жаўнера Коржыча падоўжылі да 9 лютага

11
Следства паводле справы смерці жаўнера Коржыча падоўжылі да 9 лютага
АЛЯКСАНДР КОРЖЫЧ

Родныя жаўнера чакаюць канчатковых вынікаў расследавання.

Следства паводле справы смерці 21-гадовага Аляксандра Коржыча ў Печах пад Барысавам падоўжанае да 9 лютага.

Святлана Мікалаеўна, маці Аляксандра Коржыча, паведаміла «Радыё Свабода», што не можа агучваць абставіны расследавання. Жанчына спадзяецца, што ў выніку вінаватыя будуць пакараныя. Яна адзначае, што цяпер разглядаецца версія давядзення да самагубства, хоць самая яна зняпраўджвае такую магчымасць.

«Падчас сустрэчы з міністрам абароны прагучала, што імя прапаршчыка Вірбалы стала сапраўды назоўным. Ён арыштаваны. Грошы, якія былі на картцы Сашы, ён прысвойваў і пачаў выдаткоўваць на ўласныя патрэбы.

Мы прыходзілі ў вайсковую частку ў Печах. Відаць, што там ужо адбываюцца змены. Жаўнеры могуць свабодна карыстацца мабільнымі тэлефонамі. Але чаму ж змены пачаліся пасля таго, як невядомыя забралі жыццё майго сына?» - кажа Святлана Мікалаеўна.

Калегі на працы Святланы Коржыч спачуваюць жанчыне. Кажуць, што відаць, як трагедыя моцна адбілася на яе здароўі. Да Святланы Мікалаеўны часта звяртаюцца незнаёмыя людзі са словамі падтрымкі. Некаторыя вайскоўцы прапануюць сваю дапамогу ў правядзенні следства.

Нагадаем, 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным ў сутарэнні на тэрыторыі вайсковай часткі ў Печах. Труп Коржыча знайшлі са звязанымі шнуром нагамі і надзетай на галаву футболкай. Са слоў сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, з яго здзекаваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самагубства.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкмет крымінальнага характару смерці салдата не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў паводле арт 443 (дзедаўшчына), 455 (бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы), 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках