25 красавiка 2024, Чацвер, 20:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Падчас наведвання беларускіх фермаў я бачыў вельмі дзіўных жывёл»

49
«Падчас наведвання беларускіх фермаў я бачыў вельмі дзіўных жывёл»
Ян Брэўшма

Галандскі фермер падзяліўся меркаваннем пра беларускую малочную жывёлагадоўлю.

Фермер Ян Брэўшма больш за 20 гадоў займаўся развядзеннем малочных парод буйной рагатай жывёлы ў Галандыі, а ў апошнія два гады актыўна наведвае беларускія сельгаспрадпрыемствы і кансультуе жывёлаводаў. Ён распавёў парталу AGRONEWS пра асаблівасці аграрнага бізнэсу ў Галандыі і падзяліўся сваім меркаваннем аб беларускай сельскай гаспадарцы.

«Кіраваць фермай можа адзін чалавек»

— Спадар Брэўшма, раскажыце, калі ласка, пра сябе і вашу ферму.

— Мая гаспадарка займае 120 гектараў, на ферме ўтрымліваецца 250 галоў буйной рагатай жывёлы і ўстаноўленыя чатыры робата. Такіх вялікіх МТФ, як у Беларусі, у нас няма. Цяпер я перадаў справы свайму сыну і больш займаюся кансультаваннем.

Я ўпершыню прыехаў Беларусь сем гадоў таму, тады мне тут вельмі спадабаліся людзі і беларуская гасціннасць. У апошнія два гады я наведаў шмат гаспадарак у вашай краіне, знаёміўся з сельгасвытворцамі, наладжваў кантакты з прадстаўнікамі Мінсельгасхарчу. Цяпер шукаю беларускі праект, у якім змагу выкарыстаць свае веды і досвед. Я гатовы выступіць у якасці мэнэджара на сельгаспрадпрыемстве, кансультанта, магчыма — інвестара.

— Як змянілася праца на вашай ферме пасля ўстаноўкі робатаў?

— Па-першае, працаваць стала нашмат прасцей. З дапамогай рабатызаванай тэхнікі Lely кіраваць фермай можа адзін чалавек. Гэта важна, бо ў Галандыі наймаць работнікаў на ферму вельмі дорага. Цяпер фермай займаецца мой сын, ён наймае памочніка толькі на час сваіх ад'ездаў.

Яшчэ адна перавага палягае ў тым, што кароў можна даіць часцей за тры разы на дзень. Выраслі надоі: кожная карова дае больш за 10 тысяч літраў малака за год. Аднак ёсць і мінус — пасля ўстаноўкі робатаў павялічыліся выдаткі на электраэнэргію.

— Куды вы рэалізуеце малако?

— Паколькі мы самі не вырабляем прадукты, усё малако адпраўляецца на завод Campina — гэта адна з найбуйнейшых малакаперапрацоўчых кампаній у Галандыі. Цяпер мы здаём сыравіну коштам 45 еўрацэнтаў за літр. Гэта вельмі добры кошт: год таму мы атрымлівалі за літр малака 30 еўрацэнтаў. Сабекошт малака, у залежнасці ад выдаткаў на кармы, складае 21-25 еўрацэнтаў.

Фермеры ў Нідэрландах самі выбіраюць, якому заводу яны будуць пастаўляць сыравіну. У гэтым адрозненне ад Беларусі, дзе сельгасвытворцы абавязаныя адвозіць малако на канкрэтнае малакаперапрацоўчае прадпрыемства, у сыравінную зону якога яны ўваходзяць. Часам гэта не вельмі выгадна.

Шлях да вялікага малака

— Давайце пагаворым пра набалелае. У чым, на вашу думку, галоўныя праблемы беларускай жывёлагадоўлі?

— У першую чаргу, у вас праблема з надоямі. Калі ў Галандыі прыблізна атрымліваюць 30-35 літраў малака ад каровы, то ў Беларусі на некаторых фермах маюць па 8 літраў. Так, ёсць гаспадаркі, якія надойваюць па 25 літраў за дзень, але гэта хутчэй выключэнне.

Таксама што ў Беларусі занадта рана пачалі выкарыстоўваць робатаў-даяроў. Ваша жывёлагадоўля яшчэ не гатовая да такіх тэхналогій, бо беларускія каровы даюць не так шмат малака. Я мяркую, што Беларусі трэба развіваць малочную жывёлагадоўлю яшчэ 10-15 гадоў, каб прыйсці да выкарыстання робатаў. Цяпер такое абсталяванне на многіх фермах прастойвае. А сродкі, выдаткаваныя на робатаў, можна было б пусціць на куплю добрых сістэм даення.

Акрамя таго, шматлікім беларускім сельгаспрадпрыемствам не стае добрых кіраўнікоў. Кіраўнікі кансерватыўныя і не заўсёды гатовыя прыслухоўвацца да парад, пераймаць сусветны досвед. Падчас наведвання ферм мяне не раз прасілі скласці бізнэс-план. У большасці выпадкаў я казаў, што тут не патрэбен бізнэс-план, а пакрокавая інструкцыя, што менавіта трэба рабіць: своечасова лячыць кароў, забяспечваць іх неабходнымі кармамі, закупляць якасную сперму быкоў. Пры добрым харчаванні і доглядзе большасць беларускіх кароў могуць даваць па 25 літраў малака.

— На якія памылкі ў кармленні кароў вы звярнулі ўвагу падчас наведвання МТФ?

— Вы косіце траву для корму жывёлы радзей, чым галандцы, у выніку яна вырастае занадта высокай. Калі траву касіць раней, у ёй будзе больш пратэіну. У тых гаспадарках, дзе я быў, на корм жывёлам давалі шмат люцэрны, аднак часам выкарыстоўвалася занадта вільготная трава. Яе трэба добра сушыць перад тым, як даваць каровам.

Таксама вы выкарыстоўваеце ў кармах занадта шмат кукурузы. Я не магу ацаніць яе якасць і пажыўнасць, бо не ведаю ўсіх нюансаў яе вырошчвання, напрыклад, колькі гною ўносілі на палі. Аднак гэта марнатраўна. На сваёй ферме я наогул не выкарыстоўваў корму з гэтай культуры, таксама як многія іншыя фермеры — ёсць больш танныя альтэрнатывы. Напрыклад, піўная драбіна, якую робяць з адходаў піваварства. Яна дае шмат энэргіі і павялічвае вытворчасць малака. Таксама выкарыстоўваем у кармах сою.

— Як вы ацэньваеце беларускую пароду кароў – чорна-пярэстую?

— На выставе «Белагра» я звяртаў увагу на выдатных кароў. Але калі я наведваў беларускія фермы некалькі гадоў таму, я бачыў вельмі дзіўных жывёл. У нас у Галандыі такія былі 40 гадоў таму: вельмі маленькія і тоўстыя. Але на некаторых фермах, якія клапоцяцца аб правільным утрыманні і кармленні жывёл, займаюцца селекцыйнай работай, утрымліваюцца добрыя і прадуктыўныя жывёлы.

30-40 гадоў таму галандскія фермеры таксама разводзілі чорна-белых кароў. Яны давалі блізу 4000 літраў малака за год. Сёння дзякуючы шматгадоваму паляпшэнню пароды мы вырошчваем высокіх і моцных кароў, якія могуць даваць на дзень да 60-70 літраў малака.

Для сваёй фермы я закупляў сперму найлепшых амерыканскіх і канадскіх быкоў у лідара рынку — галандскай кампаніі CRV. У тым ліку мы выкарыстоўвалі матэрыял ад быка Sunny Boy (бык галштынскай пароды, які за час свайго жыцця меў рэкордную колькасць спермы — амаль 2,2 млн доз. Яго статуя ў натуральную велічыню ўсталяваная ля штаб-кватэры CRV — заўв. аўт.). Цяпер парода нашых кароў настолькі палепшылася, што мы маем сваіх выдатных быкоў-вытворцаў, таму не закупляем матэрыял у іншых краінах.

Кілімкі, матрацы, манікюр

— Ці ёсць у вас праблемы з масцітам? Як вы з ім спраўляецеся?

— Праблемы з масцітам ёсць на кожнай ферме, праз клімат у нас вышэйшая імавернасць яго ўзнікнення. Таксама на гэта ўплывае якасць ежы і подсцілу кароў. Своечасова выяўляць хворых жывёл нам дапамагае рабатызаванае абсталяванне, але мы і самі старанна адсочваем першыя прыкметы хвароб. З антыбіётыкамі складана, бо ўрад краіны не ўхваляе іх выкарыстанне. У складаных выпадках ветэрынар можа прызначыць антыбіётыкі для лячэння каровы, аднак затым яе малако цягам трох тыдняў нельга здаваць на перапрацоўку.

— Які варыянт подсцілу ў стойлах вы выкарыстоўваеце?

— Найлепшы варыянт — гэта пясок, аднак ён можа трапляць у рабатызаванае абсталяванне. У нас у стойлах ёсць вадзяныя матрацы — падушкі з вадой, на якіх могуць ляжаць каровы. Каб было чысцей, мы насыпаем на гэтыя матрацы пілавінне.

—Якія парэкамендуеце спосабы прафілактыкі хвароб канечнасцяў у кароў?

— Мы выкарыстоўваем гумовыя кілімкі і часта робім каровам «манікюр» — абрэзку капытоў. Таксама немалаважную ролю адыгрывае і кармленне — калі дрэннае харчаванне ў жывёл, то і стан здароўя агулам у іх будзе не найлепшы.

— Спадар Брэўшма, апошняе пытанне. Ці спрабавалі вы беларускія малочныя прадукты, напрыклад, выраблены ў нас галандскі сыр?

— У Расеі і Украіне я неаднаразова чуў меркаванне аб тым, што беларускія прадукты вельмі добрай якасці. Калі я прыехаў сюды, то пераканаўся ў гэтым. Яны добрыя, але не такія, як у Галандыі. Гэта справа густу. Сёння раніцай на сняданак я еў бутэрброды з беларускім сырам, а вось мой сябар, які ажаніўся на беларусцы, заўсёды бярэ сыр з сабой, калі ляціць у Беларусь з Галандыі.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках