25 красавiка 2024, Чацвер, 19:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксей Навальны: Выбараў няма - ёсць перапрызначэнне

4
Аляксей Навальны: Выбараў няма - ёсць перапрызначэнне
АЛЯКСЕЙ НАВАЛЬНЫ

Палітык заклікае да актыўнага байкоту расейскіх «выбараў».

Галоўны крытык Крамля Аляксей Навальны рэзка асудзіў сакавіцкія выбары прэзідэнта Расеі, назваўшы іх прафанацыяй з мэтай «перапрызначыць» Уладзіміра Пуціна, які, з ягоных слоў, імкнецца стаць «пажыццёвым імператарам», паведамляе «Голас Амерыкі».

Самага Навальнага да ўдзелу ў гэтых выбарах не дапусцілі.

За два месяцы да таго, як грамадзяне Расеі прыйдуць на выбары, якія практычна гарантавана прывядуць да гістарычнага чацвёртага тэрміну Пуціна, 41-гадовы апазіцыйны лідар і змагар з карупцыяй даў інтэрв'ю інфармагенцтву AFP у ягоным штабе.

«Гэтыя выбары не з'яўляюцца выбарамі, і мая роля будзе палягаць у тым, што мы будзем тлумачыць усім, што гэтая працэдура, якая называецца выбарамі, дэ-факта з'яўляецца перапрызначэннем Пуціна», - сказаў ён.

«Мы проста будзем даводзіць і пераконваць людзей у тым, што немагчыма прызнаваць ні выбары, ні гэтую ўладу», - дадаў палітык.

Летась Навальны арганізаваў агульнанацыянальную кампанію, сустракаўся з тысячамі людзей у розных гарадах Расеі, але ў снежні Цэнтрвыбаркам заявіў, што ён не можа балатавацца праз спрэчную судзімасць, якую апазіцыйны лідар уважае за сфабрыкаваную.

Цяпер ён хоча перанакіраваць сваю кампанію на тое, каб пераканаць расейцаў байкатаваць выбары, заклікаўшы да правядзення першых буйных акцый пратэсту сёлета 28 студзеня.

«Пуцін хоча быць пажыццёвым імператарам Расеі, у гэтым ягоная мэта. Атачэнне яго, якое стала запар мільярдэрамі і самымі багатымі людзьмі свету, хоча таго ж самага», - сказаў Навальны, паабяцаўшы прадаўжаць «палітычную барацьбу».

У 2017 годзе яго тройчы арыштоўвалі. Ягоныя прыхільнікі таксама часта зазнаюць пераслед: арышты і напады.

Са слоў Навальнага, Пуцін баіцца яго і людзей, якіх ён прадстаўляе.

Палітык заявіў, што яму ўдалося стварыць найбуйнейшы палітычны рух у найноўшай гісторыі Расеі, у якім удзельнічаюць больш за 200 тысяч валанцёраў.

Гэтыя валанцёры, якія працуюць у штабах, адкрытых у большасці расейскіх рэгіёнаў, будуць займацца падтрымкай «страйку выбаршчыкаў», паведаміў ён.

«Мы не ходзім на выбары, мы пераконваем усіх, што не трэба хадзіць на выбары, і адначасова вядзем назіранне, для таго, каб не дазволіць уладзе сфальсіфікаваць прыход», - сказаў ён.

З ягоных слоў, назіранне, напрыклад, будзе весціся ў рэгіёнах Паўночнага Каўказа, вядомых публікацыяй сумнеўных вынікаў аб выбарах - звыш 90 адсоткаў.

Паводле звестак некалькіх сацапытанняў, рэйтынг Пуціна перавысіў 80 адсоткаў пасля расейскай анэксіі Крыма ў 2014 годзе.

Навальны заявіў, што папулярнасць Пуціна штучна завышаная, дзякуючы неканкурэнтнай атмасферы. З ягоных слоў, такія рэйтынгі могуць існаваць толькі ў варунках, калі ўлады не дапускаюць пэўных кандыдатаў і дазваляюць удзельнічаць у выбарах толькі тым людзям, якіх яны адабралі.

Ён абвінаваціў Пуціна ў ператварэнні Расеі ў аўтарытарную дзяржаву, дзе нестабільнасць праяўляецца ў тэрактах і зніжэнні ўзроўню жыцця, у той час як карупцыя стала галоўным элементам ягонага кіравання.

Са слоў Навальнага, праз карупцыю багатая нафтай краіна стала беднай.

Навальны заявіў, што ведае, на якія дзеянні здольны Крэмль, нагадаўшы пра забойства апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова ў 2015 годзе. З ягоных слоў, ён як нармальны чалавек, занепакоены бяспекай сваёй сям'і.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках