29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску за дзень зафіксаваныя амаль 200 ДТЗ

7
У Менску за дзень зафіксаваныя амаль 200 ДТЗ

І заўтра будзе такі ж снегапад.

Небяспеку ўяўляе не столькі снег, колькі рэзкая змена надвор'я і, як следства, дарожных варункаў. Першы сур'ёзны снегапад пасля доўгага перапынку значна ўскладніў становішча на дарогах Менска і ўсёй краіны агулам, піша onliner.by.

Менск. Вынікі

Паводле інфармацыі ДАІ Менска, за мінулыя дні ў сталіцы зарэгістраваныя 196 дарожна-транспартных здарэнняў. Гэта шмат: прыкладна ўдвая больш, чым у сярэднім за дзень у гэты час года. Для параўнання, за 15 студзеня ў Менску зарэгістравана 87 ДТЗ, за 16-е - 108 здарэнняў. Ды што там, за папярэднія выходныя дні ў горадзе адбылося ўсяго 103 аварыі!

Большасць ДТЗ, якія здарыліся за мінулыя дні, не прывялі да сур'ёзных наступстваў. Толькі ў адным выпадку пацярпеў чалавек - траўмы атрымаў кіроўца Volkswagen. Аварыя, пра якую ідзе гаворка, адбылася на праспекце Незалежнасці ля станцыі метро «Барысаўскі тракт»: паводле папярэдняй інфармацыі, на паласу сустрэчнага руху занесла Citroen - гэты аўтамабіль і рэзнуўся ў Volkswagen.

У такое надвор'е многія праявілі асцярожнасць: усяго двух кіроўцаў за дзень затрымалі за кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап'янення, выяўлены таксама 14 чалавек, якія селі за стырно без пасведчання кіроўцы.

57 аўтамабілістаў прыцягнутыя да адказнасці за парушэнне правілаў праезду пешаходных пераходаў. Таксама парушэнні ПДР выяўленыя з боку 153 пешаходаў.

Здарэння на дарогах краіны

Учора блізу 16:10 на 26-м км аўтадарогі Р16 (Цюхінічы - Высокае - мяжа Польшчы) у Камянецкім раёне здарылася ДТЗ са смяротным зыходам. Як паведамілі ў ДАІ Берасцейскай вобласці, мужчына 1952 года нараджэння, які кіраваў Toyota Camry, ехаў з боку горада Высокага ў кірунку Берасця.

- Пасля заканчэння манеўру абгону, вярнуўшыся ў сваю паласу руху, кіроўца не справіўся з кіраваннем аўтамабіля, з'ехаў у кювет і рэзнуўся ў дрэва, - распавялі ў Дзяржаўтаінспекцыі. - У выніку здарэння мужчына загінуў на месцы ДТЗ. Устаноўлена, што кіроўца быў прышпілены рамянём бяспекі, на аўтамабілі ўсталяваныя зімовыя шыны.

Аб факце ДТЗ праводзіцца праверка.

ДАІ Віцебскай вобласці паведаміла пра аварыю на 549-м км трасы М1 (Берасце - Менск - мяжа Расеі), якая адбылася ўчора блізу поўдня. Паводле папярэдняй інфармацыі, фургон Renault, якім кіраваў мужчына 1988 года нараджэння, выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з Volkswagen Passat.

Шпіталізаваны кіроўца Volkswagen - мужчына 1976 года нараджэння.

Па факце ДТЗ праводзіцца праверка. На Renault былі ўсталяваныя шыны са зношаным пратэктарам.

Карыстальнік форуму з нікам Pierrka апублікаваў відэа з трасы М1. Занесла грузавік: аўтамабіль цудам не перакуліўся.

- Дарога была ў некаторых месцах жудасная, але менавіта на гэтым адцінку - больш-менш. Вельмі нечакана аўтамабіль разгарнула, добра яшчэ, што не выскачыў на сустрэчную. Грузавік выехаў у поле і там спыніўся. Акрамя падбітай фары і адарванага нумару, я нічога не заўважыў з пашкоджанняў. Яшчэ адзін фургон спыніўся - думаю, каб дапамагчы, - распавёў сведка.

Што будзе далей

Далей прадоўжыцца зіма. Халодная, але не занадта, са снегам, але не экстрэмальным. Нармальная такая беларуская зіма, ад якой усе ўжо паспелі адвыкнуць.

У Рэспубліканскім гідраметэацэнтры распавялі, што за дзень у Менску вышыня снежнага покрыва склала 6 см. Мінулы снегапад сіноптыкі называюць сярэднім і папярэджваюць: заўтра будзе прыкладна такі ж.

- Праз тэрыторыю Беларусі будуць перамяшчацца атмасферныя франты, якія прынясуць ападкі. Ападкі сярэдняга характару, але і ўчорашні снег быў слабы, аднак прывёў да сур'ёзных цяжкасцяў на дарозе. Таму зноў рэкамендуем улічваць варункі надвор'я, быць больш уважлівымі, - падкрэслілі ў гідраметэацэнтры.

Снег паводле прагнозу пойдзе як раз да раніцы, на дарогах можа быць слізка. У паўднёва-заходніх раёнах краіны ападкі будуць больш інтэнсіўнымі, але там жа і цяплей. Ва ўсёй краіне перадаюць моцны парывісты вецер, магчыма мяцеліцу, на асобных адрэзках дарог - галалёдзіца. У такое надвор'е лепш адкласці далёкія паездкі, калі гэта магчыма.

Тэмпература ў Менску на найбліжэйшыя дні: уначы -3...-6 градусаў Цэльсія, удзень -1...-3 марозу.

І яшчэ адзін момант. Учора ДАІ папрасіла кіроўцаў не пакідаць каля краю праезнай часткі аўто, каб не перашкаджаць працы снегаўборачнай тэхнікі. Прыслухаліся не ўсе.

Каля станцыі метро «Уручча», у мясцовым праездзе, дзе і так забароненае спыненне і стаянка транспартных сродкаў, нават усталявалі дадатковы знак на праезнай частцы. Не дапамагло.

- Усім пляваць, - трапна і ёміста апісаў сітуацыю аўтар фота, карыстальнік форуму з нікам oimjakonecz.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках