25 красавiка 2024, Чацвер, 17:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Штраф для парушальнікаў-пешаходаў прапануюць павялічыць у 100 разоў

76
Штраф для парушальнікаў-пешаходаў прапануюць павялічыць у 100 разоў
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Абноўленыя ПДР могуць стаць нечаканасцю для беларусаў.

Шэсць чалавек 17 студзеня загінулі на дарогах краіны. Гэта вельмі высокі паказчык нават для зімовага непагодлівага дня, паведамляе СТВ.

А вось у Віцебскай, самай паўночнай вобласці, з пачатку 2018 года пад коламі аўто апынуліся паўтара дзясятка пешаходаў. І гэта нагода паразважаць аб узаемнай адказнасці ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. Гэта можа стаць нормай, якую унясуць у абноўленыя ПДР. Напрыклад, многія прапануюць у 100 разоў павялічыць штраф для тых, хто пераходзіць праезную частку па-за пешаходным пераходам.

На дарогах рэгіёну ў сярэднім кожныя два дні гіне пешаход. Халоднае надвор'е і жаданне хутчэй трапіць у цёплае памяшканне. Цёмная куртка, шапка, навушнікі і капюшон. Прыкладна так выглядае і паводзіць сябе патэнцыйная ахвяра ДТЗ.

Прычыны ДТЗ розныя: кіроўца не прадбачыў, пешаход - не ўпэўніўся.

Міхаіл Дзядзічкін, начальнік управы ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама:

- Пешаходы пераходзяць праезную частку па-за рэгуляваным пешаходным пераходам, не абазначаюць сябе святлоадбіўнымі элементамі. Кіроўцы не прапускаюць пешаходаў на нерэгуляваных пешаходных пераходах, перавышаюць хуткасны рэжым, а таксама адцягваюцца падчас кіравання транспартным сродкам.

Барацьба за перавагу на дарогах паміж кіроўцамі і пешаходамі прадаўжаецца шмат гадоў. Толькі аўтаўладальнік атрымлівае пасведчанне, а пешаход, як вядома, і так заўсёды мае рацыю.

Анатоль Іваноў, кіроўца:

- Ён выходзіць, а я, дапусцім, пад'язджаю 2-3 метра, і ён - раз! - абразае кут. Мне даводзіцца або сыходзіць, або рэзка тармазіць.

Вольга Зайцава, кіроўца:

- Напраўду кажуць: кіроўца сядзе і выйдзе, а яны лягуць, і ўжо назаўсёды.

Людміла Гласко, пешаход:

- Трэба паважаць адзін аднаго, так і будзе потым усё добра. І аварый не будзе. І ўсё будзе ў парадку. Жыццё кароткае, трэба яго берагчы.

Пра гэта не задумаўся нецвярозы жыхар Віцебска ўвечары 16 студзеня. Мужчына справакаваў ДТЗ. Спачатку грузавік, сыходзячы ад сутыкнення, перавярнуўся на бок. Услед за ім легкавік рэзнуўся ў агароджу. Пешаход жа паспрабаваў збегчы. Яго дагналі відавочцы.

Міхаіл Лесніковіч, кіроўца грузавіка:

- Ехаў з горада, з крамы на фабрыку. Тут з-пад моста выскачыў п'яны, ледзь не на карачках ён тут перапаўзаў дарогу. Было цёмна і не зразумела, ці то сабака, ці то чалавек. Пачаў тармазіць, сыходзіць ад яго.

інспектар:

- Патлумачце сітуацыю. Што адбылося на гэтым месцы?

Пешаход:

- Нічога не магу растлумачыць, бо я не рэагаваў ў гэтай сітуацыі. Таму што нулявая сітуацыя. Я вам растлумачыць не магу.

Пытанне ўзаемнай адказнасці кіроўцаў і пешаходаў цяпер вынесенае на грамадскае абмеркаванне. І, магчыма, стане адной з нормаў абноўленых правілаў дарожнага руху, калі пешаход абавязаны пераканацца ў бяспецы - прасцей кажучы, паглядзець направа і налева, а потым толькі ісці. Інакш - пакаранне.

А пакуль максімальны штраф, які сёння можа пагражаць пешаходу, - 193 рублі. А вось кіроўца можа пазбавіцца не толькі пасведчання, але і свабоды.

Напісаць каментар 76

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках