25 красавiка 2024, Чацвер, 0:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у Беларусі змагаюцца са снегам, і якая плата за гэтую «выгоду»?

7
Як у Беларусі змагаюцца са снегам, і якая плата за гэтую «выгоду»?

Выпаў снег, а з ім і саляна-пясчаная сумесь на дарогі, ходнікі ды прыступкі гарадоў.

Такая сумесь з'яўляецца самым танным спосабам прадухіліць утварэнне слізкіх адцінкаў, але не самы бяспечны, піша newgrodno.by.

У якасці рэагента на цяперашнюю зіму абраны мінеральны галіт - белая соль. У залежнасці ад тэмпературы паветра спецмашыны апрацоўваюць дарожныя адцінкі паводле строга дазаваных нормаў. Напрыклад, пры тэмпературы паветра ад нуля да мінус 5 градусаў на адзін квадратны метр дарожнага пакрыцця высыпаецца яго ўсяго 25 грамаў, да мінус дзесяці градусаў – 30, пры моцных маразах – 40.

У сваю чаргу экалагічныя актывісты рэгулярна кажуць пра тое, як «перасальванне» забівае гарадскія дрэвы, абпальвае лапы сабакам, псуе днішча аўтамабіляў.

Камунальныя і дарожныя службы не спяшаюцца адмаўляцца ад солі і саляных сумесяў праз выгадны кошт, хоць запэўніваюць, што рэгулярна тэстуюць выкарыстанне розных супрацьгалалёдных матэрыялаў, а таксама не дапускаюць лішняй солі і выкарыстоўваюць спецыяльныя дазатары.

Праўда, жыхары гарадоў рэгулярна размяшчаюць у сацыяльных сетках фатаграфіі дарожак з солі на ходніках. Нават, калі снегу няма. Напрыклад, у Гародні ў навагоднія святы не было снегу, але ходнікі надумалі пасыпаць загадзя, каб соль без пяску ляжала «на ўсялякі выпадак», а раптам выпадзе снег. Толькі вось соль раскідалі проста на газоны, дарогі ды ходнікі. На пешаходных пераходах раскідваюць соль на ўсялякі выпадак.

Што не так з соллю?

Соль з'яўляецца прычынай утварэння іржы на аўтамабілі

Падчас эксплуатацыі ў зімовы час кузаў аўто пакрываецца сумессю пяску, снегу, солі. Яна запаўняе разнастайныя расколіны ў афарбоўцы, наліпае на аголеныя датчыкі. Калі своечасова не змыць такую сумесь з аўтамабіля, вясной на кузаве завядуцца «жукі», выйдуць з ладу датчыкі, іржа з'явіцца і на іншых элементах.

Супрацоўнікі шынамантажу кажуць, што таксама ёсць рызыка выхаду з ладу датчыкаў ціску шын. Соль раз'ядае іх даслоўна за два гады, а гэта блізу 500 рублёў на чатыры колы.

На ровары варта аб'язджаць пасыпаны соллю і пяском снег

Такая сумесь з'яўляецца моцным абразівам для дэталяў ровара. Паднятая падчас язды ў паветра, соль здольная пранікаць у тармазную сістэму, выядаць у яе знутры зубцы.

Спецыялісты веларамонту раяць чысціць ровар кожны раз пасля зімовай паездкі, змазваць ланцуг адмысловымі сродкамі. Часам аматары зімовай язды заводзяць яшчэ адзін ровар, для зручнасці.

Сабакі, якія прайшліся па солі, могуць атрымаць апёк або мазалі

Каб пазбегнуць такіх нязручнасцяў, у ветэрынарных аптэках прадаецца спецыяльны абутак і воск для чатырохногіх сяброў. Ветэрынары рэкамендуюць абыходзіць дарожкі пасыпаныя сумессю, а пасля шпацыру прамыць лапы сабакі паміж пальцамі.

Сабакаводы ў снежны сезон аддаюць перавагу выгульваць сабак у лесапарках.

Пакутуе ад солі і абутак

Перад зімовай эксплуатацыяй скураны абутку спецыялісты ў рамонце абутку рэкамендуюць наносіць сродак, якое абараняе ад вільгаці, тры разы цягам трох дзён. Кожны раз дачакайцеся яго высыхання. Такі спосаб дазволіць зрабіць абутак сапраўды воданепрымальным.

Калі на вашым абутку ўжо ёсць белыя разводы, яны прыбіраюцца некалькімі прамываннямі вады і для больш глыбокай чысткі выкарыстоўвайце раствор з вады і воцату або спірту (2:1).

Мадэльны абутак лепш браць з сабой, каб ён не судакранаўся з соллю. Пазбягайце хаджэння узбочынамі і каля інтэнсіўнай плыні аўтамабіляў, бо акрамя абутку можа пакрыцца паднятай соллю вашае адзенне і нават скура і дыхальныя шляхі. А гэта зусім іншая соль, чым на марскім узбярэжжы. Яна здольная справакаваць алергію і іншыя рэспіраторныя захворванні. Дрэвы ўздоўж дарог і ходнікаў пакутуюць больш за ўсё ад солі.

Падчас зімы сумесь аўтамабільнай плынню перакідваецца на ўзбочыны, дворнікі любяць прыбіраць снег на газоны. Вясной снежныя насыпы ператвараюцца ў салёную ваду, соль трапляе ў глебу. Соль у глебе абпальвае карані дрэў і кустоўя. У такіх месцах горш расце трава.

Каб гэтага пазбегнуць, існуюць правілы прыборкі снегу ў населеных пунктах, а таксама нарматывы «салення». У правілах паказваецца, што снег з гарадскіх вуліц неабходна вывозіць на спецыяльна падрыхтаваныя для гэтага пляцоўкі або снегаплавільныя станцыі.

Часам трэба рэагаваць неадкладна

Так вясной 2017 года Зялёны дазор атрымаў у сацыяльных сетках фатаграфію няправільнага складавання снегу на газон і адразу адправіў зварот. Снег растаў хутчэй, чым скончыўся тэрмін на пісьмовы адказ 15 дзён, і прыйшоў адказ відавочны: «...у сувязі з адсутнасцю снегу і надыходам вясновага перыяду выявіць парушэнняў зімовага ўтрымання вуліц не магчыма».

Актывісты рэкамендуюць адразу ж звяртацца да самога работніка ЖЭС, які кідае снег з ходніка на газоны, а ў выпадку выяўлення факту складавання салёнага снегу патэлефанаваць у цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ў Гародні на «Гарачую лінію» на нумар +375 0152 74 39 81.

Чаму б не адмовіцца ад солі?

Як піша The Village Беларусь, выкарыстанне саляных раствораў Мінтранс назваў перспектыўнай тэхналогіяй. У гэтым кірунку вядуцца напрацоўкі, але для выкарыстання такіх раствораў няма абсталявання.

Супраць экалагічнага гранітнага друзу ў міністэрства транспарту ёсць як мінімум адзін аргумент. Ва ўстанове тлумачаць, што выкарыстанне гранітнага друзу прадугледжвае шматразовае яго выкарыстанне праз дарагоўлю. А вось яго збор спецыяльнай тэхнікай магчымы толькі пры наяўнасці бардзюраў, якіх няма на аўтадарогах агульнага карыстання.

— Праводзілася выпрабаванне матэрыялу на аснове адкідаў віцебскага даламітавага камбіната, з дапамогай апрацоўкі кіслатой — кажа прадстаўнік «Гаррамаўтадора» Алег Лукашэнка аб беларускіх эксперыментах. — Але там паўстала шмат скаргаў у людзей. Па-першае, пры раскладанні ўтвараецца крэйда і абутак псуецца. І спецыфічны пах стаяў пры вырабе. Ды і кошт там... Было выпрабаванне з ужываннем меласы. Гэта дадаецца рэагент у галіт маркі А, блізу 5%. Здольнасць плаўлення вышэйшая ў 1,5 разы, пры гэтым кошт матэрыялу з даданнем патакі ў 5 разоў перавышае кошт галіту. Прыйшлося адмовіцца, — канстатуе суразмоўца.

У лісце з міністэрства транспарту і камунікацый гаворыцца, што меласы паказала нязначны антыкаразійны і супрацьзлежвальны эфекты і значны рост выдаткаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках