19 красавiка 2024, Пятніца, 5:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сакрэтныя войскі Крамля

7
Сакрэтныя войскі Крамля

Войны ва Украіне і ў Сірыі прывялі да росквіту ў РФ прыватных вайсковых кампаній.

"Крэмль дазваляе ім дзейнічаць падпольна і выкарыстоўвае іх у якасці новага інструмента замежнай палітыкі", - піша NZZ, паведамляючы, што кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў заклікаў "дакладна зафіксаваць заканадаўчую базу" для байцоў ПВК. Newsweek прысвячае шырокі матэрыял "Групе Вагнера", пытаючыся, куды Пуцін накіруе свае прыватныя войскі пасля заяўленага вываду войскаў з Сірыі.

Расейскае заканадаўства забараняе выкарыстоўваць наймітаў, піша Newsweek (пераклад - inopressa.ru) журналіст Оўэн Мэцьюз.

"Але як мінімум з 1990-х гадоў Масква выкарыстоўвае іх для сваіх вайсковых уварванняў за мяжой як апасродкаваныя сілы, сувязь з якімі можна адмаўляць", - сцвярджае аўтар, згадваючы пра Боснію і Прыднястроўе. Апошнія чатыры гады Пуцін драматычна пашырыў выкарыстанне байцоў прыватных ваенных кампаній (ПВК) у якасці аднаго з ключавых элементаў замежнай палітыкі, выкарыстоўваючы іх для распаўсюджвання расейскай моцы на Усходняй Украіне і ў Сірыі.

Журналіст працягвае: "У снежні 2016 года падпалкоўнік Дзмітрый Уткін быў сфатаграфаваны на крамлёўскай бяседзе з Пуціным. Уткін - заснавальнік "Групы Вагнера", якую Мінфін ЗША назваў адным з найбуйнейшых вярбоўнікаў расейскіх грамадзян для вядзення вайны ў Сірыі".

Паводле звестак часопіса, Уткін у 2013 годзе стаў працаваць у ПВК Moran Security Group. "Згодна з расследаваннем "Радыё Свабодная Еўропа", у 2013 годзе мэнэджары Moran Security Group стварылі ў Пецярбургу арганізацыю "Славянскі корпус", якая вербавала адстаўных расейскіх вайскоўцаў для аховы нафтавых радовішчаў і трубаправодаў у Сірыі. Уткін быў адным з іх камандзіраў. З некаторых звесткак, (...) "Славянскі корпус" быў дрэнна абсталяваны, ім дрэнна кіравалі, і ён панёс вялікія страты", - гаворыцца ў артыкуле.

У 2014 годзе Уткін заснаваў "Групу Вагнера". "Са слоў аналітыка "Новай газеты" Паўла Фэльгенгаўэра, ён неўзабаве стаў адным з ключавых, хоць і неафіцыйных, супрацоўнікаў Крамля. Уткін з'явіўся ў бунтарскай Луганскай вобласці Усходняй Украіны, кіруючы групай адстаўных вайскоўцаў, якія ваявалі разам з мясцовымі паўстанцамі", - піша Мэцьюз.

"Адзін чалавек, які называе сябе таемным жаўнерам, сказаў Newsweek, што ў 2015 годзе быў завербаваны для службы ў Сірыі агентам адной буйной прыватнай вайсковай кампаніі, калі ваяваў у якасці валанцёра за данецкае ваенізаванае фармаванне. Ён назваўся "Сяргей" і сказаў, што яму 30 гадоў і што ён кіроўца з Данецка", - паведамляе карэспандэнт.

"Маёй галоўнай матывацыяй былі грошы, а не патрыятызм, - сцвярджаў Сяргей у тэлефонным інтэрв'ю. - Большасць хлопцаў ідуць туды зарабляць грошы. Нам прапанавалі 150 тысяч рублёў [2,6 тысячы даляраў] на месяц - дома [у Данецку] ты, калі пашанцуе, зарабляеш 15 тысяч. Вярбоўшчыкі сказалі нам, што ў нас будзе бяспечная праца - ахоўваць лініі сувязі, базы ды ўсялякае такое".

"Сяргей ды іншыя навабранцы вылецелі ў сірыйскую Латакію на зафрахтаваным самалёце, выдаючы сябе за цывільных інжынераў, як ён сцвярджае. Але неўзабаве пасля прыбыцця, кажа ён, яны выявілі, што ўдзельнічаюць у інтэнсіўных баявых дзеяннях, - пераказвае журналіст. -Кампанія выплачвала 5 тысяч рублёў (88 даляраў) узнагароды за галаву кожнага забітага чальца ІДІЛ*, сцвярджае Сяргей. Кампенсацыя за сур'ёзнае раненне складала 900 тысяч рублёў (16 тысяч даляраў), а сваякам загінулых жаўнера абяцалі 3 млн рублёў (53 тысячы даляраў). Наколькі было вядома Сяргею праз "сарафаннае радыё" наймітаў, з заробкам нікога не падманвалі".

Робэрт Янг Пелтон, аўтар кнігі "Ліцэнзія на забойства: наёмныя стралкі на "вайне з тэрорам", сказаў у інтэрв'ю часопісу, што "Група Вагнера" ў Сірыі пераважна нясе функцыю "дарадцаў на перадавой", і што адная з яго крыніц, якія працавала ў Дэйр-эз-Зоры, сказала яму, што ўзровень расейцаў-вайскоўцаў "быў не такім ужо ўражальным... прафесіяналаў у камандзе трохі, і крыві занадта шмат".

Аўтар артыкула дадае, што гэтыя байцы "таксама каардынуюць авіяўдары, якія дапамаглі расейскай авіяцыі пераламаць ход вайны на карысць прэзідэнта Асада".

Мэцьюз заўважае: "Насуперак афіцыйнаму адмаўленню наўпроставых сувязяў, Крэмль, відавочна, узнагародзіў камандзіраў "Групы Вагнера" за службу".

"Магчыма, гэта быў вынік нейкага лабіявання з боку сірыйскага ўрада, - сказаў у інтэрв'ю часопісу расейскі сэнатар Франц Клінцэвіч. - Магчыма, яны сказалі: гэтыя хлопцы - сапраўдныя героі. Яны заслугоўваюць узнагарод... Але афіцыйнай сувязі паміж гэтымі людзьмі і расейскім урадам няма".

"Амерыканцы ўвесь час выкарыстоўваюць вайсковыя кампаніі, - сказаў у інтэрв'ю часопісу Сяргей Жалязняк, дэпутат Дзярждумы. - Чаму мы не павінны гэтага рабіць?"

Мэцьюз мяркуе, што амерыканскія ПВК не выконваюць такія функцыі, як расейскія ПВК. Акрамя таго, "прыватныя войскі - ідэальная зброю для новага фірмовага крамлёўскага метаду гібрыднай вайны".

"Як мяркуецца, у сакавіку адстаўныя вайскоўцы з ПВК RSB Group займаліся размінаваннем раёнаў Лібіі, якія захапіў паблізу Бенгазі палявы камандзір Халіфа Хафтар", - гаворыцца ў артыкуле.

"Цяпер, калі Расея згортвае ўдзел сваіх вайскоўцаў у падзеях у Сірыі, многія робяць здагадкі, куды Пуцін накіруе свае прыватныя войскі наступным разам - і дзе будзе ўзведзены наступны помнік загінулым таемным жаўнерам Расеі", - падрахоўвае аўтар.

"Войны ва Украіне і ў Сірыі прывялі да росквіту ў Расеі прыватных вайсковых кампаній. Крэмль дазваляе ім дзейнічаць падпольна і выкарыстоўвае іх у якасці новага інструмента замежнай палітыкі", - піша Андрэас Руш на старонках швайцарскага выдання Neue Zürcher Zeitung.

На штогадовай прэс-канферэнцыі міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў выказаў меркаванне, што "ўдарыў па хворым месцы": росквіт прыватных вайсковых кампаній, якія фактычна бяруць на сябе выкананне вайсковых задач за мяжой, абсалютна не рэгулюецца законам. На думку Лаўрова, "трэба выразна зафіксаваць заканадаўчую базу для таго, каб гэтыя людзі (расейцы - супрацоўнікі ПВК) былі таксама ў прававым полі і абароненыя", піша выданне.

"Магчыма, выказванне Лаўрова адлюстроўвае чаканне таго, што значнасць удзелу прыватных вайсковых кампаній у аперацыях за мяжой і далей будзе расці. Гаворка ідзе аб прыбытковым рынку, на якім доўгі час панавалі амерыканскія і брытанскія кампаніі, але вось ужо некалькі гадоў значную ролю адыгрывае Расея", - піша аўтар. Так, у пачатку студзеня тэлеканал BBC паведамляў, што з нядаўняга часу "Група Вагнера" ўдзельнічае, акрамя іншага, у вайсковых аперацыях у Судане.

"Згадванне гэтай дзяржавы прымушае насцярожыцца, бо Расея з пэўнага моманту ўсё больш увагі надае геапалітычнай ролі Паўночнай Афрыкі", - адзначае Руш. "Якія менавіта паслугі выконвае "Група Вагнера" ў Судане, невядома, але яны, безумоўна, супярэчаць расейскаму заканадаўству, што забараняе ўдзел прыватных вайсковых кампаній у ваенных аперацыях за мяжой", - піша журналіст.

Што да вайны ва Украіне, то яна паказала, як дзяржава можа выкарыстоўваць прыватныя вайсковыя кампаніі, дзейнасць якіх знаходзіцца на мяжы парушэння закона, у сваіх інтарэсах. "Байцы з фармальна прыватнага фармавання "Група Вагнера" сталі патрэбным сродкам для таго, каб замаскаваць расейскую інтэрвенцыю. На падставе ўласных звестак СБУ, не правераных незалежнай стараной, выяўленыя імёны 2 тысяч чалавек, якія ваявалі пад прыкрыццём "Вагнера", - паведамляецца ў публікацыі.

"Група Вагнера" хутчэй падобная да напаўвайсковай арганізацыі, чым на ахоўную фірму. Відавочна, яна служыць прасоўванню нацыянальных інтарэсаў без наўпроставага ўдзелу дзяржавы. Яе выкарыстанне робіць лягчэйшым маскаванне Крамлём ваенных аперацый і замоўчванне колькасці ахвяр", - піша аўтар. Магчыма, гэта з'яўляецца ў Маскве важным аргументам, каб захоўваць гэтую напаўлегальную зону і адкладаць яе прававое рэгуляванне.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках