19 красавiка 2024, Пятніца, 11:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці ўцёкаў Януковіча з Украіны

11
Сталі вядомыя новыя падрабязнасці ўцёкаў Януковіча з Украіны
ФОТА: REUTERS

Целаахоўнік кіраўніка-ўцекача даў сведчанні ў судзе.

На слуханнях у Абалонскім судзе Кіева, дзе завочна слухаецца справа экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, прагучалі некаторыя падрабязнасці ягоных уцёкаў у Расею ў лютым 2014 года.

Пра тое, як уцёк з Украіны экс-прэзідэнт гэтай краіны, распавёў суду супрацоўнік украінскай Управы дзяржаўнай аховы Віктар Разнічэнка, які вартаваў яго, паведамляе bbc.com.

Разнічэнка адхіліў заявы Януковіча і ягоных адвакатаў аб тым, што падчас уцёкаў ягоны аўтамабіль быў абстраляны.

Версія Разнічэнкі

Былы ахоўнік прэзідэнта распавёў, што 22 лютага 2014 года Януковіч знаходзіўся ў Харкаве, куды прыбыў напярэдадні позна ўвечары, каб удзельнічаць у з'ездзе сваёй "Партыі рэгіёнаў". Але з'езд быў скасаваны.

"У другой палове дня 22 лютага ў складзе картэжа я выехаў у аэрапорт Харкава. Там знаходзіліся два гелікаптэры з некалькімі ахоўнікамі, у адным з якіх быў Януковіч, а ў другім - сям'я і яшчэ некалькі супрацоўнікаў аховы", - заявіў Разнічэнка.

Са слоў ахоўніка, прыкладна праз гадзіну пасля вылету з Харкава дыспетчары перадалі лётчыкам каманду вярнуцца ў аэрапорт, якая паступіла, як ён сцвярджае, ад старшыні Вярхоўнай рады Аляксандра Турчынава.

Рада ў той дзень прызнала Януковіча "самаўхіліўшымся" ад выканання абавязкаў прэзідэнта і прызначыла новыя выбары. Пасля ўцёкаў Януковіча і да ўступлення на пасаду цяперашняга прэзідэнта Пятра Парашэнкі Турчынаў выконваў абавязкі кіраўніка дзяржавы.

Але для вяртання ў Харкаў ужо не было паліва, і гелікаптэры селі ў Данецку, распавёў Разнічэнка.

Адразу пасля прыбыцця ў аэрапорт Данецка тагачасны начальнік Службы бяспекі прэзідэнта Украіны Канстанцін Кабзар даў каманду сядаць у два самалёты. У самалёт "Фалькон" селі Януковіч і сам Кабзар, у іншы самалёт - ахоўнікі.

Але супрацоўнікі Дзяржаўнай памежнай службы Украіны забаранілі ім ляцець праз адсутнасць патрэбных дакументаў.

Тады Януковіч і асобы, што суправаджалі яго, пераселі ў аўтамабілі і паехалі ў нейкі "вялікі дом" ў Данецку.

Адказваючы на пытанні адвакатаў, Разнічэнка паведаміў, што ў гэтым доме разам з Януковічам былі ягоны сын Аляксандр і бізнэсовец Рынат Ахметаў.

У Крым

У той жа дзень экс-прэзідэнт і ягоныя спадарожнікі выехалі на аўто ў бок Крыма.

Са слоў Разнічэнкі, картэж спыніўся ў полі ля Бярдзянска, на якое затым прызямліліся тры гелікаптэры Мі-8.

Разнічэнка сцвярджае, што на фюзеляжах гелікаптэраў былі чырвоныя зоркі. "Я думаю, што гэта былі гелікаптэры Расейскай Федэрацыі", - сказаў ён.

На гэтых гелікаптэрах Януковіч і асобя, якія суправаджалі яго, вылецелі ў невядомым кірунку. Са слоў ахоўніка, яны ляцелі над морам.

"Праз пэўны час мы селі ў аэрадроме, дзе нас сустрэлі расейскія вайскоўцы. Да раніцы мы знаходзіліся ў вагончыках на лётным полі", - дадаў сведка.

Віктару Януковічу далі часовы прытулак у Расеі
ФОТА: КЛІМЕНЦЬЕЎ МІХАІЛ/TASS

23 лютага з гэтага ж аэрадрома экс-прэзідэнт са сваёй аховай і групай невядомых узброеных людзей вылецеў далей на вайскова-транспартным самалёце Ан-26.

На аэрадроме, дзе прызямліўся Ан-26, яны знаходзіліся недзе паўтары гадзіны і, са слоў Разнічэнкі, ён бачыў тэхнічны транспарт з надпісам "Анапа", што праязджаў міма.

Затым быў пералёт на іншым самалёце ў іншы аэрапорт, дзе іх зноў сустрэлі расейскія вайскоўцы.

"Мы прыехалі ў Ялту, у санаторый ці базу адпачынку, якая, хутчэй за ўсё, належала РФ", - распавёў Разнічэнка.

Вечарам 23 лютага ўся група выехала з Ялты ў Севастопаль.

Там, на тэрыторыі расейскай вайсковай часткі, Януковіч прапанаваў ахове зрабіць выбар: ехаць з ім далей ці застацца.

Разнічэнка і другія ахоўнікі, якія не паехалі з экс-прэзідэнтам, здалі сваю зброю ва ўправу УДА ў Місхоры і на наступную раніцу вярнуліся цягніком у Кіеў.

Са слоў Разнічэнкі, прыкладна а 23:00 Януковіч, ужо без яго, паехаў далей са сваімі спадарожнікамі.

Ці быў замах?

Разнічэнка распавёў пра тое, што са слоў свайго былога калегі ведае пра стрэл у адзін з аўтамабіляў суправаджэння экс-прэзідэнта.

"Фактаў нападу на яго цягам 21-23 лютага не было. Але калі перадавая група выехала ў Харкаў з Кіева і калі мы сустрэліся на 110-м кіламетры трасы, Дзмітрый Іванцоў (супрацоўнік УДА) паведаміў нам, што пры выездзе з Кіева на адным з блокпастоў яго аўтамабіль быў абстраляны. Куля прабіла пярэднія дзверы аўто і захрасла ў табельным пісталета "Глок", які знаходзіўся ў кабуры на левым баку. Іванцоў паказваў нам пашкоджаны магазін пісталета, і я бачыў аўтамабіль з прабітай дзвярамі", - распавёў суду Разнічэнка.

Са слоў Разнічэнкі, гэты інцыдэнт наўрад ці можна ўважаць за замахам на Януковіча, бо той ніколі не ездзіў у гэтым аўто.

Больш за тое, са слоў Разнічэнкі, аўто ехала не ў картэжы, а асобна. На думку ахоўніка, па аўтамабілі стрэлілі, бо ён не спыніўся на блок-посце пры выездзе з Кіева.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках