20 красавiка 2024, Субота, 5:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маламуж: Ёсць магутныя рычагі, якія прымусяць Расею вярнуць Данбас і Крым

3
Маламуж: Ёсць магутныя рычагі, якія прымусяць Расею вярнуць Данбас і Крым
МІКАЛАЙ МАЛАМУЖ
ФОТА: ДАР'Я ДАВЫДЗЕНКА/АПОСТРОФ

Уплывовыя сілы ў РФ заяўляюць пра незадаволенасць Пуціным.

Экс-старшыня Службы замежнай выведкі Украіны (2005-2010 гг) Мікалай Маламуж у інтэрв'ю «Апострофу» распавёў, з чым звязаныя скандальныя словы міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова аб Будапешцкім мемарандуме, чаму ў Маскве ўспомнілі пра ўкраінскую вайсковую тэхніку ў Крыме, як адаб'ецца на стабільнасці ўлады Уладзіміра Пуціна страта падтрымкі расейскіх элітаў і якія рычагі павінен знайсці Кіеў, каб прымусіць РФ сысці з Данбаса і вярнуць захоплены Крым.

- На днях міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Украіна парушыла Будапешцкі мемарандум, дапусціўшы Майдан, у той час як Расея выканала сваю частку дамоўленасцяў. Якая мэта такой заявы?

- На сёння Расея знаходзіцца ў вельмі хісткім становішчы – ёсць канкрэтныя факты аб парушэнні ёю нормаў міжнароднага права. Гэта і стратэгічныя дакументы ААН аб незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці краін, і Хельсінскія пагадненні, і сам Будапешцкі мемарандум, які гарантаваў Украіне тэрытарыяльную цэласнасць, бяспеку, неўмяшанне замежных дзяржаў, уключаючы РФ.

Я сам быў удзельнікам падрыхтоўкі Будапешцкага мемарандума. Мы вялі тады дыскусію з нашым прэзідэнтам аб тым, якой павінна быць форма Будапешцкага мемарандума. Вядома, з пазіцыі дзяржбяспекі мы ставілі пытанне аб дакладных абавязацельствах краін-удзельніц і юрыдычных наступствах, гаворка ішла аб гарантыях і, у выпадку іх невыканання, – аб вяртанні да ядзернага статусу для таго, каб мы мелі механізм абароны. Зразумела, што на тым этапе і ўкраінскае, і замежнае палітычнае кіраўніцтва намагалі на тым, што гэта будзе толькі мемарандум, а не юрыдычны дакумент, які павінен мець вельмі выразныя крытэры.

Аднак былі агульныя заявы пра тое, што нам гарантуюць бяспеку, тэрытарыяльную цэласнасць і прызнанне межаў. Сёння мы як раз маем факт парушэння міжнародных нормаў і двухбаковых пагадненняў паміж Украінай і Расеяй, прынамсі, Дамову аб дружбе і супрацоўніцтве, дзе Расея прызнала мяжы Украіны, уключна з Крымам і ўсходнімі тэрыторыямі. Лаўроў жа спрабуе перавярнуць факты ў рамках зняпраўджвання нашай пазіцыі.

Я вось вярнуўся з ЗША, дзе сабраліся 113 краін свету, такі нефармальны клуб, і як раз гэтыя высновы былі зробленыя. Зразумела, што гэтая рэакцыя Лаўрова – гэта спроба нейкім чынам апраўдаць сябе. Якім чынам? У самім тэксце Будапешцкага мемарандума (я яго добра ведаю) якіх-небудзь заяў аб тым, што мы (краіны, якія падпісалі дакумент, - «Апостроф») будзем устрымлівацца ад экстрэмізму, ксенафобіі, нацызму не было. Былі асобныя заявы, якія робіць кожная краіна. З нашага боку такіх парушэнняў не было, тым больш у дачыненні да Расеі мы ніякім чынам не дзейнічалі так – няма юрыдычных фактаў, якія б маглі пацвердзіць словы Лаўрова. Сёння, калі Расея спрабуе навязаць свету сваю новую палітыку, і Пуцін пра гэта заяўляе ў сваіх так званых ініцыятывах, Лаўроў падыгрывае яму – ім трэба нейкім чынам аспрэчыць наша сцвярджэнне аб парушэнні Расеяй Будапешцкага мемарандума і іншых нормаў міжнароднага права. Палітычны і юрыдычны пасыл Лаўрова няўдалы, ён будзе нівеліраваны ў ацэнках сітуацыі на міжнародным, палітычным узроўні, а пазней – у судах.

- Тры гады Пуцін не ўспамінаў пра ўкраінскую вайсковую тэхніку ў Крыме. Чаму ён цяпер пра гэта загаварыў, на вашаму думку? Што стаіць за гэтай «шчодрасцю» і як павінна рэагаваць Украіна?

- Сёння Пуцін ужо актыўна вядзе перадвыбарчую кампанію. Яму трэба паказаць, што ён – не які-небудзь там дыктатар-агрэсар, а што ён – міратворац, даслоўна голуб міру. З аднаго боку, ён быццам бы ідзе на рэалізацыю Менскіх пагадненняў, напрыклад, ёсць ягоная ініцыятыва аб абмене палоннымі. Другая ініцыятыва, пра якую мы чулі раней, тычылася кантынгенту міратворцаў ААН, але ў расейскай рэдакцыі. Трэцяя ініцыятыва – гэта нібыта вяртанне караблёў, тэхнікі, авіяцыі, БТР, танкаў, боепрыпасаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Крыма ўвесь час.

Так ён на міжнародным узроўні дэманструе, што робіць канкрэтныя крокі на выкананне Менскіх пагадненняў. І што ён хоча за гэта? Каб ацэнка Расеі была іншай – станоўчай, больш таго – каб ужо пачалі здымаць санкцыі. Чуем мы зваротную рэакцыю? Чуем! Напрыклад, віцэ-канцлер, міністр замежных спраў Нямеччыны Зігмар Габрыэль кажа: калі Пуцін будзе рабіць хоць маленькія крокі на выкананне Менскіх пагадненняў, то трэба паэтапна здымаць санкцыі. Гэтаму патурае прэм'ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан. Пра гэта ж кажа шэраг палітыкаў у Італіі (яны, дарэчы, хутка ідуць на выбары). Пуцін спрабуе ўплываць на сусветныя працэсы, зыходзячы з таго, што няма рашучай пазіцыі не тое, што прымусіць яго сысці з Данбаса, а нават паставіць у крытычныя ўмовы, калі ён будзе вымушаны гэта зрабіць.

У пытанні вяртання маёмасці мы павінны згаджацца і на караблі, і на іншую тэхніку, але ў гэтым жа ключы ставім пытанне вяртання Крыма, выхаду расейцаў з Усходу, то бок, усе актуальныя сёння праблемы. Нельга пагаджацца толькі на вяртанне зброі. Акрамя Крыма і Данбаса ў нас яшчэ ёсць пытанне кантролю межаў. Аб усім гэтым трэба казаць і ў палітычнай, і ў дыпламатычнай, і – самае галоўнае – у юрыдычнай плашчынях. Тут мы стоадсоткава пераможам, бо Расея адназначна і відавочна – гэта я кажу як юрыст-міжнароднік – саступае ў гэтым фармаце, яна з'яўляецца адказчыкам у гэтым працэсе.

- Вясной у Расеі пройдуць выбары, сумневаў у перамозе Уладзіміра Пуціна няма. Якім падаецца вобраз для перадвыбарчай кампаніі і якім, па-вашаму, будзе яго ўнутраны і замежнапалітычны курс на чарговы тэрмін?

- Пуцін – гулец, ён будзе гуляць у дачыненні да ядзернай праграмы Паўночнай Карэі, Сірыі, ну і, вядома, у дачыненні да Украіны, гэта галоўнае для яго пытанне. Ён хацеў бы мець ценявыя дамоўленасці наконт таго, што Украіна з'яўляецца зонай ягонага ўплыву. Таму цяпер ён будзе спрабаваць дэманстраваць, што ўрэгулюе сітуацыю з нашай дзяржавай, але фактычна ўсё адно будзе імкнуцца рэалізаваць свой сцэнар. Пакуль, як мы мяркуем, без маштабных ваенных аперацый, але будуць спецыяльныя аперацыі «прымусу», як ён любіць казаць, нашага кіраўніцтва – праз палітычны, міжнародны і аператыўны ціск, праз агентуру высокага ўзроўню ва ўладных структурах і парламенце для таго, каб мы прызналі АРДЛА як аўтаномныя адзінкі, каб мы пайшлі на перамовы з баевікамі, каб мы правялі выбары, якія насамрэч будзе кантраляваць Расея.

Прымусіўшы нас прызнаць непадкантрольныя тэрыторыі як аўтаномныя адзінкі, Расея атрымае сродак сталага стрымлівання нашай краіны як у плане суверэнітэту, так і ў плане магчымых правакацый з гэтага рэгіёну. Адназначна будзе існаваць пазіцыя, што Крым яны ніколі не вернуць. Гэта пытанне можа падняцца толькі тады, калі наспеюць міжнародныя ўмовы, калі мы як магутны гулец разам з амерыканцамі, еўрапейцамі, Кітаем, краінамі 19-кі («Вялікая дваццатка» без Расеі, - «Апостроф») зможам стварыць умовы, якія заахвоцяць гэтыя дзяржавы ціснуць на Расею не толькі за парушэнне ёй міжнароднага права ў дачыненні да Украіны або Сірыі, але і што да пагроз светапарадку агулам.

Гэта павінен быць фармат, дзе кансалідуюцца ўсе сілы свету, якія могуць уплываць на Расею ў плане фінансаў, энэргетыкі, бяспекі, асабістых пытанняў Пуціна і набліжаных да яго алігархаў. Менавіта трэба гэтыя рычагі задзейнічаць, а не проста заклікаць Пуціна ўрэгуляваць сітуацыю ў краіне, пагражаючы якімі-небудзь санкцыямі. Часткова гэтыя абмежаванні дзейнічаюць, але трэба задзейнічаць значна больш магутныя рычагі, зыходзячы з інтарэсаў і сусветнай супольнасці, і магутных краін свету, і нашай дзяржавы.

- Ці ёсць падставы казаць пра незадаволенасць расейскіх эліт палітыкай Пуціна, у тым ліку праз санкцыі? Чым гэта можа пагражаць?

- На сёння, паводле нашай аператыўнай інфармацыі, сярод расейскіх элітаў існуе пасіўная незадаволенасць дзейнасцю Пуціна, у першую чаргу праз арышт многіх актываў. Прыкладна 1 трыльён 200 мільярдаў – гэта актывы кааператыва «Возера» і некалькі больш шырокага кола выхадцаў са спецслужбаў, якія сышлі ў вялікі бізнэс. Тое, што ўнутраныя сілы заяўляюць пра незадаволенасць, – гэта як раз сёння вялікая пагроза. Рэгіянальныя эліты, напрыклад, у Татарстане, праяўляюць магутную актыўную незадаволенасць, ёсць шэраг рэгіянальных «гарачых пунктаў» у глыбінках, дзе сапраўды надзвычай нізкі ўзровень жыцця людзей – людзі падымаюцца аж да Далёкага Усходу.

Але самае галоўнае – асяроддзе Пуціна. На гэтым этапе мы кажам, што гэта незадаволенасць яшчэ, магчыма, і не перарасце ў нейкі выбух, але фармаванне негатыву цалкам рэальнае. І на этапе, калі будуць сапраўды ўскладненыя эканамічная, сацыяльная, фінансавая сітуацыі, напрыклад, будзе адключаная сістэма SWIFT, ён можа згубіць падтрымку гэтых груп, а гэта перадумовы да магчымай дэстабілізацыі і страты ўлады. Гэты сцэнар магчымы, але на сёння, паводле апошняй інфармацыі, усе сілы і сродкі – фінансавыя, адміністрацыйныя, спецслужбы, СМІ – задзейнічаныя для выбарчай кампаніі. Таму пакуль ніякай сістэмнай дэстабілізацыі не чакаецца, і Пуцін, зразумела, пераможа.

Таму нам трэба жыць з тым, што ён чарговым разам стане прэзідэнтам, але выбудоўваць новую мадэль стасункаў з буйнымі краінамі свету для таго, каб прымусіць Пуціна пакінуць Усход на нашых умовах, якія адпавядаюць міжнароднаму праву, а пазней – ставіць пытанне аб Крыме. Магчыма, гаворка можа ісці аб вывадзе паўвострава ў асобную эканамічную зону, накшталт таго, як Кітай вывеў Ганконг. Тады мы будзем кантраляваць свае тэрыторыі праз міжнародныя структуры, а пазней, пасля змены сітуацыі ў Расеі, вернем Крым ужо і фізічна нашай дзяржаве.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках