25 красавiка 2024, Чацвер, 16:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Прыватнае войска» Пуціна

1
«Прыватнае войска» Пуціна

Навошта Расеі «дружыннікі» ў Севастопалі?

31 снежня 2017 года прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб прыёме ў «дружыннікі». Яны будуць дапамагаць паліцыі сачыць за грамадскім парадкам, але без права затрымліваць людзей на вуліцы - толькі выклікаць вартавых парадку, піша «Крым.Реалии».

Набіраць «дружыннікаў» будуць і ў Севастопалі. Тут валанцёрствам ужо займаецца грамадская арганізацыя «Рубеж», якую МУС Расеі ўнёс у рэестр. Асобна ў законе згаданыя пазаштатныя паліцыянты, якімі могуць быць грамадзяне Расеі, што дасягнулі 18 гадоў.

Журналіст Давід Аксельрод здзіўляецца, навошта дружыны гораду, дзе ўжо некалькі гадоў дзейнічаюць аналагічныя арганізацыі.

- У Севастопалі асобныя «дружыны» працуюць без перапынку яшчэ з 2014 года - гэта не толькі «Рубеж», але і атрады казакоў. Наўрад ці новы закон зменіць сітуацыю. Магчыма, гэта звязанае з выбарамі прэзідэнта, але «дружыннікі» і да гэтага сачылі за парадкам на выбарчых участках. Ці ж такім чынам улады маюць намер павысіць узровень лаяльнасці асобных груп насельніцтва. Не так даўно ў Севастопалі спрабавалі прыняць закон аб мясцовым казацтве, але гэтага не адбылося.

Першы віцэ-прэзідэнт Цэнтра палітычных тэхналогій Аляксей Макаркін нагадвае, чым павінны займацца дружыннікі ў Расеі.

- Дружыннік у Расеі павінен садзейнічаць праваахоўным органам у ахове грамадскага парадку - гэта ягоная гістарычная функцыя. Яны працуюць і на масавых акцыях, і ў сваіх раёнах. Вядома, сур'ёзных злачынцаў дружыннікі наўрад ці затрымаюць, а вось да таго, хто, скажам, прадае спіртное ў грамадскім месцы, могуць выставіць прэтэнзіі. Паліцыянты фізічна не здольныя ўсё пракантраляваць. Праўда, у савецкі час пад працу дружыннікаў падводзілі ідэалогію, а цяпер яе няма.

Атаман «Крымскага казацтва» Сяргей Акімаў мяркуе, што цяперашнія ўлады Крыма займаюцца адмываннем грошай, фінансуючы непатрэбныя грамадскія арганізацыі.

- У нас яшчэ з 2014 года хацелі стварыць асобныя рэестры казацтва і прадстаўнікоў грамадскасці, каб фінансаваць, надаваць льготы, аднак задума правалілася. Гаворка ішла нават пра тое, каб даваць казакам зямлі. Увогуле, шмат хто расчараваўся, бо за Украінай казацтву надавалі больш увагі. Атрымліваецца, што Расеі мы не патрэбныя: не зрабілі кадэцкія карпусы, нават не падалі дакументы на стварэнне станіц, не заклалі ніводнага храма.

Важна падзяляць: «крымская самаабарона» - гэта не дружыннікі, а апалчэнне. Праўда, супраць каго яны апалчыліся, незразумела. У гэтай так званай грамадскай арганізацыі ёсць блізу 100 адзінак тэхнікі, у тым ліку два БТР, а яшчэ ім выдаюць 260 мільёнаў рублёў на год. Гэта больш, чым на «хуткую дапамогу» і інвалідаў. Мы бачым проста адмыванне грошай.

Сяргей Акімаў сцвярджае, што так званая самаабарона Крыма ператварылася ў камерцыйную структуру, а палова яе ўдзельнікаў мае судзімасці, а гэта забаронена расейскім заканадаўствам.

- Думаю, што іх утрымліваюць дзеля стабільнасці - каб гэтыя людзі не засталіся без працы і не стварылі ўладам праблем. А так яны ходзяць і выдаюць сябе за ахоўнікаў, прычым наогул без зброі, нават без дубінак. Што да расейскіх законаў, якія павінны ўсё гэта прыводзіць у парадак, то мы цяпер не разумеем – ці ёсць яны ў нас, ці няма іх. Быццам бы пераходны перыяд скончыўся, але фактычна незразумелых момантаў стала больш. Крыміналітэту поўна і сярод чыноўнікаў, а ў ФСБ кажуць мне: «Выбачайце, гэта за Украінай яны былі злачынцамі, а цяпер яны законы ніякія не парушалі».

Экспэрт у сілавых структурах, экс-супрацоўнік Галоўнай управы СБУ ў Кіеве Іван Ступак рэзюмуе, што расейцы рызыкуюць займець у Крыме войска незадаволеных.

- У Крыме вельмі шмат паліцыі, ФСБ і вайсковых частак, але яны ўсё адно не адчуваюць сябе дастаткова ўпэўнена. Расейцы ведаюць, што гэта не іх тэрыторыя, і ўсімі сіламі імкнуцца яе ўтрымаць - вось навошта патрэбныя «дружыннікі». Я перакананы, што ў варунках акупацыі яны будуць дапамагаць паліцыі чыніць незаконныя дзеянні супраць нязгодных: адбіраць маёмасць, уздзейнічаць фізічна і гэтак далей. Фактычна, «дружыннікі» могуць стаць і чыімсьці прыватным войскам, атрадам для развязання праблем. На іх яшчэ і грошы можна будзе адмыць - словам, вакол адны выгады для расейскіх уладаў. Праўда, як толькі фінансаванне спыніцца, яны атрымаюць сабе войска незадаволеных.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках