19 красавiка 2024, Пятніца, 4:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму ў Расеі нервуюцца праз «Крамлёўскі даклад»

27
Чаму ў Расеі нервуюцца праз «Крамлёўскі даклад»
ЛІЛІЯ ШАЎЦОВА

Гэты даклад падрывае мадэль выжывання расейскай эліты.

Лілія Шаўцова - вядомая экспэртка-міжнародніца, спецыялістка Расеі і Злучаных Штатаў, працавала ў Маскоўскім Цэнтры Карнэгі і Інстытуце Брукінгса ў Вашынгтоне, цяпер супрацоўнічае з брытанскай арганізацыяй Chatham House. У інтэрв'ю DW Шаўцова падзялілася чаканнямі ад публікацыі ў ЗША так званага "крамлёўскага дакладу" і новага вітка санкцый.

- У расейскіх СМІ ўсё больш матэрыялаў пра так называемы "крамлёўскі даклад", які ўрад ЗША, як чакаецца, 29 студзеня падасць Кангрэсу. Гэты даклад - пра набліжаных да прэзідэнта Уладзіміру Пуціну расейскіх алігархаў, іх багацце і сувязі - частка закона, прынятага летам 2017 года і закліканага даць адказ на дзеянні Расеі ва Украіне і спробу ўмяшання ў прэзідэнцкія выбары ў саміх ЗША ў 2016 годзе. Мяркуючы з публікацый, частка расейскай эліты нервуецца. А як вы думаеце?

- "Крамлёўскі даклад", як цяпер прынята называць гэты спіс, фактычна закрывае цэлую эпоху не проста ў стасунках паміж Амерыкай і Расеяй, але ў геапалітычных стасунках. Постмадэрнізм, які дамінаваў у палітыцы цягам апошніх 20 гадоў, з яго размытасцю каштоўнасцяў і нормаў, з яго гатоўнасцю Захаду інтэграваць аўтарытарныя эліты, у тым ліку расейскую, заканчваецца.

Самае важнае - гэты даклад падрывае мадэль выжывання расейскай эліты, якая палягае ў тым, каб быць з Захадам, быць унутры Захаду без усялякіх стрымлівальных чыннікаў і быць супраць Захаду. Гэтая мадэль дазваляла расейскай эліце вывозіць сваю рэнту з Расеі і манетызаваць яе на Захадзе пры дапамозе заходніх лабісцкіх структур.

А даклад з'яўляецца асновай для новага курсу стрымлівання, ён спыняе механізм інтэграцыі расейскай эліты ў амерыканскую эканоміку. Больш таго, гэты механізм руйнуецца і з іншай прычыны. Падпадаюць пад пагрозу лабісцкія структуры на Захадзе, перш за ўсё ў Амерыцы, якія палягчалі вывад грошай з Расеі, атрымання гатоўкі і адмыванне расейскіх сродкаў.

- Хто з расейскіх алігархаў асабліва перажывае?

- Перажываюць усе, у тым ліку і алігархі, зусім не блізкія да Крамля, аб чым сведчыць нечаканы рост просьбаў аб статусе рэзідэнта, напрыклад, на Мальце. Праблема ў тым, што, відавочна, ёсць страх таго, што заходняя машына адмывання перастане працаваць для ўсіх, пачынаючы з крамлёўскіх алігархаў і сяброў Пуціна і заканчваючы прадстаўнікамі сярэдняга ўзроўню.

- Наколькі жорсткімі могуць быць новыя санкцыі?

- Тут ёсць некаторыя сумневы, бо Белы дом кладзецца бервяном на шляху намаганняў Кангрэса, у тым ліку і амерыканскіх сілавых устаноў, для таго, каб гэты даклад стаў рэальным эфектыўным інструментам. Напрыклад, у кастрычніку 2017 года амерыканцы фактычна паставілі пад санкцыі 33 расейскія кампаніі. Але ў той жа час мы ведаем, што амерыканскія лабісцкія структуры зрабілі ўсё, каб змякчыць механізм гэтага санкцыйнага спісу.

Больш таго, еўрапейцы, і перш за ўсё Нямеччына, таксама леглі касцьмі, каб знізіць пагрозу так званых другасных санкцый, гэта значыць санкцый на адрас тых, хто будзе супрацоўнічаць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі. Фактычна, "Паўночны струмень-2" выведзены за межы усялякіх пагроз. Таму пакуль, як мне здаецца, еўрапейцы не гатовыя ствараць адзіны фронт з Амерыкай у стрымліванні Расеі і адплаты ў дачыненні да Расеі. А цэлы шэраг краін - ад Грэцыі да Аўстрыі - наадварот, спрабуюць зрабіць усё для таго, каб аслабіць адзіны заходні фронт супраць Расеі, у тым ліку ў пытанні санкцый за агрэсію ва Украіне.

- Як далёка гатовая ісці ў гэтым пытанні адміністрацыя Трампа?

- Мне здаецца, што цяпер - і ў гэтым парадокс ды іронія амерыканскай унутранай палітыкі, у апошнія дзесяцігоддзі мы не бачылі настолькі затузанага і расколатага Вашынгтона - у дачыненні да расейскага курсу дзіўнае адзінадумства, аб чым кажа практычна аднагалоснае прыняцце санкцыйнага закона абедзвюма палатамі Кангрэса. Мабыць, ёсць адзінства і міністэрства фінансаў, і Кангрэсу, і Дзярждэпу, каб гэты курс рэалізаваць.

Але лабісцкія структуры застаюцца. Еўрапейцы прадоўжаць сваю працу нейтралізацыі празмернай агрэсіўнасці амерыканскіх намаганняў. Таму ўсё залежыць ад механізму рэалізацыі гэтага дакладу. Трэба ўбачыць, наколькі сур'ёзнымі з'яўляюцца намеры амерыканцаў стварыць сакрэтную частку спісу, які будзе так званым "чырвоным сігналам" папярэджання для расейскай эліты.

- Як павядзе сябе расейская эліта?

- Пакуль яна шакаваная, нават пагроза з'яўлення спісу выклікае спробы не нарывацца. "Сбербанк" не працуе ў Крыме, кампанія Авэна-Фрыдмана ("Альфа-банк". - Рэд.) пастанавіла не фінансаваць абаронныя прадпрыемствы - мы бачым, што спіс пачынае дзейнічаць. Але давайце будзем рэалістамі - пакуль чаканні крытыкаў Пуціна аб тым, што адбудзецца неадкладны раскол расейскай палітычнай эліты, і значная частка палітычнага класа перастане ўважаць Пуціна сваім ахоўным механізмам і паўстане, не апраўдваюцца, наўрад ці можна чакаць такога выніку. Наўрад ці ў інтарэсах амерыканцаў неадкладна зрынуць пуцінскі рэжым, таму што ўзнікае пытанне - а што далей адбудзецца ў гэтай ядзернай краіне?

- На думку некаторых экспэртаў, адная з мэтаў "крамлёўскага дакладу" - раскалоць эліты ў Расеі. Гэта магчыма?

- Я думаю, што незадаволенасць, страхі, сумненні ўнутры расейскай эліты гэты закон спародзіць. А таксама імкненне ўцячы, вывесці актывы. Але чакаць цяпер рэвалюцыі зусім бяззубага, бездапаможнага расейскага класа, тым больш бізнэс-класа, самага баязлівага з усіх падраздзяленняў расейскай эліты, калі ў грамадстве ўсё спакойна? Вось калі ў грамадстве пачнецца хваля, калі масы выйдуць на вуліцу, хоць бы частка, як гэта было ў 2011-2012 гадах, і калі частка лібералаў, нават былыя чальцы ўрада палічылі для сябе неабходным удзельнічаць у мітынгу на плошчы Сахарава і на Балотнай, тады іншая справа.

- Акрамя дакладу і спісу алігархаў закон аб супрацьдзеянні Расеі прадугледжвае і іншыя санкцыі - супраць вайскова-прамысловага комплексу, энэргетычнага сектару і дзяржаўнай запазычанасці. ЗША пойдуць на гэта?

- Я думаю, што ўжо вельмі хваравіта адчувае сябе, перш за ўсё, расейскі ВПК, таму што дзе шукаць новыя тэхналогіі - у Кітаі? Вельмі сур'ёзныя праблемы з сыравіннай газанафтавай галіны, таму што без бурыльных установак і марыць не трэба пра арктычны шэльф. Але цяпер амерыканцы будуць пагражаць вельмі сур'ёзным ударам - спробам Расеі фінансаваць свой дзяржаўны абавязак.

Як вядома, кітайцы грошай проста так не даюць, альбо пад вялікія адсоткі. Больш таго, кітайцы не хочуць парушаць заходні санкцыйны рэжым - што цікава, для іх стасункі з Амерыкай і Еўропай значна важнейшыя за стасункі з Расеяй. Таму спробы звузіць поле манэўру для рэфінансавання расейскай дзяржаўнай запазычанасці - гэта наступны этап палітыкі новага стрымлівання Расеі.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках