24 красавiка 2024, Серада, 12:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бізнэс просіць праверак

4
Бізнэс просіць праверак
ФОТА: TUT.BY

Прадпрымальнікі з рэгіёнаў просяць скасаваць двухгадовы мараторый на праверкі новых прадпрыемстваў.

Знайшліся тыя, хто выкарыстоўвае вета для шэрых схемаў працы, забіваючы бізнэс астатніх.

Нетыповая ініцыятыва прадпрымальнікаў абмяркоўвалася 15 студзеня на пасяджэнні Рады ў развіцці прадпрымальніцтва. На сустрэчы прысутнічалі старшыня Рады Аляксандр Турчын, а таксама міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі, паведаміла газеце «Белорусы и рынок» сяброўка Рады, прадпрымальніца Жанна Рогава.

Падставай для дыскусіі сталі масавыя скаргі беларускіх прадпрымальнікаў з рэгіёнаў на крамы, падкантрольныя ўзбекскім бізнэсоўцам. Апошніх абвінавачваюць у несумленнай гульні: утойванні часткі прыбытку, абыходзе працэдур сертыфікацыі, недаплаце падаткаў і мытных збораў, што дазваляе ім гандляваць заніжанымі коштамі. Праблема на слыху ў многіх, у тым ліку ў прадстаўнікоў дзяржструктур і кантрольных органаў, аднак развязаць яе дагэтуль не ўдавалася.

Большасць крамаў, да якіх узніклі прэтэнзіі, адкрыліся зусім нядаўна, і ў дачыненні да іх дзейнічае двухгадовы мараторый на праверкі. Максімум, што могуць зрабіць кантралёры, - наведацца да іх у рамках маніторынгу.

Дарэчы, маніторынг правялі. Вынік: былі зафіксаваныя шматлікія парушэнні - ад адсутнасці касавых апаратаў і да недакладнай маркіроўкі прадукцыі. Аднак у большасці выпадкаў крамы абышліся толькі рэкамендацыямі для ліквідацыі парушэнняў і прадоўжылі бойкі гандаль танным імпартам.

Уласнікі крам тлумачаць свой камерцыйны поспех нізкай гандлёвай нацэнкай у межах 15%. Зафіксаваць жа нелегальнае абарачэнне тавараў і ўтойванне часткі прыбытку маніторынг не можа. Гэта пад сілу толькі паўнавартаснай праверцы.

Падчас пасяджэння Рады плануецца звярнуцца да ўрада з просьбай прызначыць пазапланавыя праверкі суб'ектаў гандлю, якія падазраюцца ў выкарыстанні шэрых схем і ў якіх маніторынг зафіксаваў розныя парушэнні.

Магчыма, таксама будзе сфармуляваная просьба падрыхтаваць змяненні ва ўказ ад 16.10.2009 №510 «Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» у частцы двухгадовага мараторыю на праверкі. Зрэшты, наўрад ці ёсць сэнс цалкам адмаўляцца ад мараторыя. Кампрамісным развязаннем можа стаць пашырэнне пераліку выпадкаў, у якіх могуць быць прызначаныя пазапланавыя праверкі.

«На пасяджэнне рады мы запрасілі прадпрымальнікаў з розных рэгіёнаў. Выслухалі ўсіх, бо за імі стаяць тысячы людзей, якія працуюць на рынках, і на гэты раз з'явілася рэальная надзея на змену сітуацыі», - заявіла Жанна Рогава.

Са слоў спікера, найбольш вострая праблема ў малых гарадах, такіх як Петрыкаў або Навагрудак. Там ва ўмовах адносна малых даходаў і значнай долі сталага насельніцтва асноўныя продажы замыкаюць на сабе тыя, хто прапаноўвае тавары больш нізкімі коштамі. Крамы, якія актыўна практыкуюць шэрыя схемы, апынуліся ў больш выгадным становішчы, а тыя, хто працуе сумленна, - на мяжы банкруцтва.

Жанна Рогава таксама мяркуе, што мараторый на праверкі, магчыма, добры для буйных населеных пунктаў, аднак у малых гарадах склалася іншая сітуацыя. Там мясцовыя прадпрымальнікі хочуць карэкціроўкі гэтай, здавалася б, ліберальнай і прагрэсіўнай нормы.

У Радзе ў развіцці прадпрымальніцтва падкрэсліваюць, што катэгарычна супраць развіцця ў беларускім грамадстве ксенафобскіх настрояў. Ніхто не ставіць задачу выгнаць з краіны ўзбекскіх бізнэсоўцаў, мэта - дамагчыся таго, каб усе дзейнічалі паводле аднолькавых і сумленных правілаў і каб на рынку былі створаныя ўмовы для добрасумленнай канкурэнцыі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках