29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блогер Філіповіч дамогся распачынання дысцыплінарнага спагнання для суддзі

19
Блогер Філіповіч дамогся распачынання дысцыплінарнага спагнання для суддзі
МАКСІМ ФІЛІПОВІЧ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Гэта першы выпадак у Гомелі, калі раённага суддзю прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці.

Служыцель Феміды з суда Савецкага раёна Гомеля Віталь Каўбеня забараніў аўдыёзапіс гамельчуку, вядомаму блогеру Максіму Філіповічу, які праз Вярхоўны суд дабіўся дысцыплінарнай адказнасці для раённага суддзі, піша «Гомельская Весна».

«У сувязі з незаконнай забаронай ажыццяўляць аўдыёзапіс адкрытага судовага паседжання ў справе аб адміністрацыйным правапарушэнні старшыні Гомельскага абласнога суда даручана распачаць дысцыплінарную справу ў дачыненні да суддзі Коўбеня В.А.», - паведаміў у адрас М. Філіповіча першы нам. старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч.

Стасункі паміж блогерам і раённым суддзём не склаліся яшчэ з лета мінулага года, тады Максіма ў судзе абвінавачвалі ў «падмене дзяржаўных СМІ». Падчас працэсу суддзя забараніў вядзенне відэазапісу, хоць ніхто супраць гэтага не пярэчыў. «Менавіта відэазапісы вы хочаце?, - звярнуўся да яго суддзя. - Паўтараю яшчэ раз, відэазапіс паводле закона забаронены, таму ваша хадайніцтва не задавальняецца (аўдыё цытата).

Аб факце забароны аўдыёзапісу Максім Філіповіч пакінуў заяву ў кнізе скаргаў і прапаноў суда. Спроба «паставіць суддзю на месца» праз абласны суд поспехам не ўвянчалася, галоўны суддзя вобласці Сяргей Шаўцоў адказаў блогеру фармальнай адпіскай.

Нагадаем, да суддзяў у якасцi захадаў дысцыплінарнага спагнання могуць ужывацца пазбаўленне поўнасцю або часткова дадатковых выплат стымулюючага характару на тэрмін да 12 месяцаў; заўвага; вымова; папярэджанне аб няпоўнай службовай адпаведнасці; паніжэнне ў кваліфікацыйным класе на тэрмін да шасці месяцаў; вызваленне ад пасады.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках