24 красавiка 2024, Серада, 6:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Мельнікаў: Cлуцкія паўстанцы ішлі ў бой, як самураі

2
Андрэй Мельнікаў: Cлуцкія паўстанцы ішлі ў бой, як самураі

Слуцкі збройны чын быў выбітнай беларускай ініцыятывай.

У традыцыі называць тыя падзеі Слуцкім паўстаньнем. Але насамрэч, больш ім пасуе назва Слуцкі збройны чын. Паўстанне адбываецца ва ўмовах ці акупацыі, ці прыгнёту. А случчакі стварылі сваё войска ва ўмовах нядоўгай, але свабоды, і пайшлі бараніць сваю зямлю ад тых, хто ірваўся яе акупаваць, піша telegra.ph.

Андрэй Мельнікаў і Аліна Нагорная

Актывістка Аліна Нагорная пагутарыла з Андрэям Мельнікавым пра Слуцкі збройны чын:

- Гэта была выбітная мясцовая беларуская ініцыятыва. Прадстаўнікі розных клясаў удзельнічалі ў Слуцкім збройным чыне. Для мяне асабліва цікава тое, што падчас тых падзеяў праваслаўныя сьвятары заклікалі да супрацьстаяньня бальшавізму. На Случчыне адбылася кансалідацыя грамадзтва. І калі б умовы былі не настолькі трагічнымі, каб б не было столькі сілаў у нашых ворагаў, магла б па-іншаму скласьціся гісторыя. Гэтая дзея магла б сапраўды стаць пачаткам новай дзяржавы.

Я не кажу, што Случчына была ў гэтым пляне эксклюзыўная. У той жа Ўкраіне існавала знакамітая Гуляйпольская рэспубліка бацькі Махно, дзе людзі самаарганізоўваліся. Нешта падобнае, можа быць нават лепшы варыянт, мог бы адбыцца на Случчыне.

- Як нарадзілася вашая песьня "Слуцкія палкі"?

- Гісторыя зьвязаная з Міхасём Тулейкам, беларускім дзеячам замежжа. У Беларусі ў яго быў яго пляменьнік, таксама Міхась Тулейка. Ён сыйшоў у крышнаіты, і я ня ведаю, што зь ім было далей. Вось менавіта гэты пляменьнік, паслухаўшы мае песьні, сказаў, што дашле мне кніжку пра Слуцкае паўстаньне. Я адразу паставіўся скептычна, бо ня думаў, што змагу на тую кніжку напісаць песні. Але Міхась Тулейка малодшы аказаўся дальнабачным: калі я пачаў чытаць гэтыя вершы, я проста пачуў мелодыю. Гэта быў зборнік вершаў удзельніка Слуцкага паўстаньня, які стаў вядомым пад псэўданімам Алесь Змагар. Мая песня "Слуцкія палкі" напісаная на верш з таго зборніка.

Мяне натхняе сама сытуацыя. Вось ёсьць такі фільм "Апошні самурай". І вось гэты паход слуцкіх палкоў, вельмі слаба ўзброенных, як тыя самураі. У фільме яны ішлі супраць кулямётаў японскіх капіталістаў, якія прыйшлі да ўлады. А ў нас слуцкія самураі, яны пайшлі супраць бальшавікоў, супраць кітайцаў. І таксама пад кулямёты, таксама масава гінулі. Імёнаў нават ня ведаем многіх. Тыя людзі загінулі як самураі.

- Што рабіць, каб захаваць памяць пра гэтую падзею?

- Задача ў тым, каб пра яе памяталі тыя, для каго у ёй ёсьць сэнс. Ня важна, каб усе памяталі. Бо памяць можа прыносіць здабыткі як са знакам плюс, так і са знакам мінус. Некаторыя могуць зрабіць выснову, што слуцкія змагары — гэта прыклад бязсэнсоўнай ахвяры. Магчыма, ім усім варта было перайсьці мяжу, адразу пайсці ў тую Польшчу, як і зрабіла частка паўстанцаў.

Ці застацца, як Лукаш Семянюк, які працягнуў змаганьне ўжо пасьля паразы паўстаньня на тэрыторыі Беларусі. Яго атрад некалькі гадоў наводзіў жах на бальшавікоў. Зь імі разабраліся, Лукаш быў забіты. Ён адзін з самых вядомых асобаў Слуцкага паўстаньня, які застаўся і працягваў змагацца за сваю зямлю. Памятаць важна тым, хто адчувае пераемнасьць. Бо гэта зварот да сумленьня. Тыя, што засталіся, у нейкі момант ішлі бараніць свой край і ня бачылі ў гэтым практычнага сэнсу. Яны мелі сэнс духоўны. Так патрабавала іх сумленьне, разуменьне таго, як годна паводзіць сябе ў той сытуацыі.

- Чаму мясцовыя ўлады не пагаджаюцца паставіць помнік Слуцкаму збройнаму чыну?

- Бяда ў тым, што, як правіла, мясцовыя ўлады ў нас нічога не вырашаюць. Вельмі вялікае шчасьце проста знайсьці чыноўнікаў, якія здольныя самі прымаць рашэньні. Дзяржаве ў цяперашняй форме не патрэбныя людзі ініцыятыўныя, бо кожны ініцыятыўны чалавек — гэта апазыцыя аўтарытарызму. Аўтарытарызму патрэбныя выканаўцы. Слуцкія ўлады проста перастрахоўваюцца.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках