20 красавiка 2024, Субота, 19:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у СССР перапісвалі мінулае

18
Як у СССР перапісвалі мінулае

Дыктатары імкнуцца «змяніць мінулае», каб паўплываць на розум людзей.

Учора споўнілася роўна 68 гадоў з дня смерці класіка сусветнай літаратуры - Джорджа Оруэла. Думаю, вы ўсе чыталі ягоны несмяротны раман «1984» і не менш вядомы твор «Жывёльны двор» - калі не, то абавязкова прачытайце, там вельмі дакладныя апісанні мадэляў усіх сучасных дыктатур, піша вядомы беларускі блогер Максім Міровіч у сваім ЖЧ.

У рамане «1984» Оруэл вельмі дакладна апісаў, як дыктатары імкнуцца «змяніць мінулае», каб паўплываць на розум людзей. Да прыкладу, калі Акіянія пачынала вайну з Остазіяй, то ў газетах сцвярджалася, што Акіянія заўсёды ваявала з Остазіяй, а ўсе згадкі пра тое, што вайны не было - знішчаліся. Ці больш бытавы прыклад - калі кілаграм масла пачынаў каштаваць 5 даляраў замест 4-х, то ў газетах пісалі так - масла патаннела з 6 даляраў да 5-ці, а ўсе згадкі пра тое, што зусім нядаўна масла каштавала 4 даляра - сціраліся шляхам знішчэння і перапісвання ўсіх старых друкаваных крыніц інфармацыі.

Самае цікавае ва ўсім гэтым тое, што ў СССР нярэдка «распраўляліся з мінулым» менавіта такім чынам, які быў апісаны ў Оруэла. У сённяшнім паведамленні - аповед пра адзін такі прыклад, які знайшоў асабіста я яшчэ ў дзяцінстве.

Размова пойдзе аб другім выданні «Вялікай Савецкай Энцыклапедыі» - у дзяцінстве ў мяне было поўнае другое выданне гэтай энцыклапедыі, адкуль я прачытаў нямала артыкулаў. Наогул «БСЭ» вытрымала тры выданні - першае выходзіла ў 1926-47-м, другое выданне - у 1949-58-м, а трэцяе - у 1969-78-м. Што цікава, проста так набыць гэтую энцыклапедыю ў краме было нельга - мая бабуля атрымлівала гэтыя кнігі па падпісцы ў парадку іх выхаду.

Другое выданне «БСЭ» ўяўляла сабой 50 тамоў з сінімі карэньчыкамі (49 тамоў з артыкуламі паводле алфавіту і 50-ы тэматычны том пад назвай «СССР»), якія займалі роўна 4 паліцы ў зашклёнай кніжнай шафе. Думаю, вы звярнулі ўвагу, што другое выданне энцыклапедыі пачало выходзіць яшчэ пры Сталіне, а скончыла выдавацца ўжо пры Хрушчове – вось тут то і крыецца оруэлаўшчына.

Аднойчы я гартаў адзін з тамоў «БСЭ», які выйшаў ужо пасля 1953 года, і наткнуўся на адну цікавую памятку, якая была ўкладзеная ў самым пачатку кнігі. Вось што яна абвяшчала:

ФОТА: VMENKOV, «ВІКІПЕДЫЯ».

Зразумела, я тут жа палез глядзець - што ж было ў тым самым томе (том нумар 5, Бярэзіна - Батакуды) на праславутых 21, 22, 23 і 24-й старонках, якія прапаноўвалася выразаць, выкінуць і забыцца пра іх.

А было там ні што іншае, як артыкул пра Берыю - зразумела, поўны хвалебных эпітэтаў. Як можна было даведацца з артыкула, «пад кіраўніцтвам Л.П. Берыі партыйныя арганізацыі Закаўказзя і Грузіі правялі вялікую працу для арганізацыйнага ўмацавання сваіх шэрагаў, у ідэйна-бальшавіцкім выхаванні членаў партыі ў духу бязмежнай адданасці Цэнтральнаму камітэту ВКП (б) і вялікаму правадыру і настаўніку І.В. Сталіну» (дакладная цытата).

Дарэчы, не надта і зманілі - сябры партыі сапраўды былі адданыя не народу, а партнаменклатуры і асабіста «правадыру і навукоўцу», дзеля якога пісалі даносы, учынялі забойствы, вось толькі ў артыкуле пра гэта ўжо не сказана.

Потым, вядома, высветлілася, што Берыя быў злачынцам, і ўсю памяць аб ім было загадана знішчыць. Увогуле, усё ў дакладнасці як у адным бессмяротным тэксце, які апісвае, як пры кожным новым савецкім генсеку ўсе папярэднія разам з усім палітбюро выяўляліся нягоднікамі і гнюсамі:

P.S. Дарэчы, асабіста я зусім не выключаю, што многія добрапрыстойныя савецкія грамадзяне, замкнуўшы дзверы і завесіўшы шторы, сапраўды дрыготкімі рукамі выразалі і выкінулі старонкі, уляпілі на іх месца новыя. Партыя загадала забыцца - забыліся.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках