19 красавiка 2024, Пятніца, 12:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фотафакт: Калыску Менска паказалі з дрона

9
Фотафакт: Калыску Менска паказалі з дрона
ГЛЕБ ЛАБАДЗЕНКА
ФОТА: BELSAT.EU

Гарадзішча на Менцы - месца, дзе быў заснаваны Менск.

Каментар да фатаграфіі Сяргея Плыткевіча апублікаваў у «Фэйсбуку» Глеб Лабадзенка:

- Гарадзішча на Менцы - месца, дзе быў заснаваны Менск, дзе горад знаходзіўся да 1067 года, калі ён быў спалены кіеўскімі князямі і перанесены да зліцця Нямігі са Свіслаччу. Выцягнутая частка валоў злева - дзяцінец, самая старая частка гарадзішча, некаторыя археолагі датуюць знаходкі на ёй IX стагоддзем. Злева ад гарадзішча працякае летапісная рака Менка. Па версе вала ў XIX стагоддзі ўладальнікі вёскі Гарадзішча памешчыкі Пішчала ўсталявалі прыгожую белую альтанку, адкуль любаваліся навакольнымі краявідамі. І цяпер з гэтага месца можна добра разгледзець мікрараён Малінаўка - а гэта 5-6 км наўпрост.

Ніжэй за вал у Менку ўпадае адзіны прыток Менкі - ручай Дунай. Дунай - самае распаўсюджаная назва для рэк у беларускім фальклоры. Калі спявалі «ой, пайду ў Дунай утаплюся», дык мелі на ўвазе нейкі такі, найбліжэйшы Дунай. Тут, ледзь вышэй месца ўпадзення Дуная ў Менку, яшчэ ў XIX стагоддзі стаяў вадзяны млын.

Уверсе фота, за валамі, месца, дзе б'е крыніца, якую Уладзімір Арлоў прапанаваў назваць Крыніцай Усяслава Чарадзея. Бо гэтае месца памятала і легендарнага полацкага князя, і ягонага сына Глеба Менскага, першага менскага валадара. У той час, калі на валах у XVIII стагоддзі стаяла сядзіба Пішчала, да гэтай крыніцы вяла спецыяльная лесвіца, каб можна было хадзіць браць ваду (вышыня валоў там - больш за 12 метраў).

Яшчэ вышэй на фота, у полі за дрэвамі, а таксама ў полі справа ад валоў знаходзіцца самае буйное ў Беларусі старажытнае паселішча - больш за 30 гектараў. Умацаванае гарадзішча і было цэнтрам гэтага паселішча, дзе людзі трымалі абарону ў выпадку небяспекі. Знаходкі там датуюць V стагоддзем.

На фота справа, насупраць выезду з валоў, могілкі сярэдзіны XVI стагоддзя (сама вёска заснаваная ў 1547 годзе).

І ўсё гэта - пад самым Менскам, 10 хвілін на аўто ад метро Малінаўка або 20 хвілін на маршрутцы ад метро Пятроўшчына.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках