19 красавiка 2024, Пятніца, 16:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якой была Беларусь 60 гадоў таму

9
Якой была Беларусь 60 гадоў таму

Унікальныя фота Петрыка Таранды.

У менскай галерэі TUT.BY адкрылася выстава фатаграфіі Пятра Таранды (1921–2001), які ня быў прафэсійным фатографам, а проста здымаў звычайнае жыцьцё вакол сябе. Аматарскія чорна-белыя здымкі пра побыт беларусаў у 1950–60-я гады высока ацанілі і адмыслоўцы-прафэсіяналы, і звычайныя гледачы, паведамляе «Радыё Свабода».

Пётар Пятровіч Таранда каля сваёй хаты ў Баранавічах, пачатак 60-х гадоў

Пляменьнік Петрыка Таранды захаваў больш за 1000 здымкаў правінцыйнага жыцьця

Работнікі баранавіцкай швейнай фабрыкі гуляюць у валейбол у двары фабрыкі, 60-я гады

«Гэта нэарэалізм, калі са звычайных здымкаў простых людзей, бытавых сытуацый нараджаюцца кранальныя гісторыі. Такое ўражаньне, што паглядзеў вельмі праўдзівае кіно, бо гэта сапраўдная дакумэнтальная фатаграфія», — так ацаніў фотавыставу кіраўнік парталу Zнята Валер Вядрэнка.

«Называць гэтую фатаграфію аматарскай неяк нават абразьліва, бо асобныя здымкі ня горшыя, чым у той жа Хамянтоўскай. Верагодна, гэта і ёсьць так званая „вэрнакулярная“ фатаграфія, пра якую мы шмат чулі, але ня ведалі, каго зь беларусаў да яе аднесьці», — напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку выбітны беларускі фатограф Уладзімер Парфянок.

Жанчына каля машыны Петрыка Таранды, Вёска Падлесьсе, Ляхавіцкі раён, 60-я гады

Фатаздымкі, прадстаўленыя на выставе, захоўваліся ў пляменьніка фатографа Міколы Таранды, выкладчыка Гарадзенскага дзяржаўнага аграрнага ўнівэрсытэту, кіраўніка культурна-гістарычнага аб’яднаньня «Паходня».

За праньнем бялізны, Баранавічы, 60-я гады

«Незадоўга да адыходу ў іншы сьвет дзядзька праз сваякоў перадаў для мяне свае фотаплёнкі, якія праляжалі ў мяшэчку ў гарошак з 2001 да мінулага году. Дарэчы, у мяне ёсьць яшчэ і шмат магнітафонных запісаў, дзядзька Петрык быў надзвычай цікавым, яркім чалавекам — на вёску прыяжджаў на „Опэлі“ ці матацыкле, усіх вясковых дзяцей частаваў, прывозіў экзатычныя падарункі, кшталту цюбяцеек ці шортаў», — сказаў Мікола Таранда на адкрыцьці выставы.

Работнікі швейнай фабрыкі, Баранавічы, 1960-я гады

Таранда-малодшы публікаваў ужо асобныя гісторыі з жыцьця свайго дзядзькі, пра ягоныя вайсковыя прыгоды, на сайце Гарадзенскага аграрнага ўнівэрсытэту, дзе ён выкладае.

Хлопчык, які ўдзельнічаў у дэманстрацыі разам з бацькамі ад працоўнага калектыву швейнай фабрыкі, Баранавічы, 1960-я гады

«Аблічбаваць» плёнкі ўзялася вопытны гарадзенскі фатограф Натальля Дораш, якая адразу заўважыла, што сярод здымкаў ёсьць сапраўдныя шэдэўры. Я запытаў, як яна іх вызначыла.

«Калі здымак сам за сябе гаворыць, то гэта і ёсьць шэдэўр», — адказала Натальля.

Работніца Баранавіцкай швейнай фабрыкі на вуліцы горада, 1960-я гады

1950–60-я гады — «белая пляма ў гісторыі фатаграфіі»

Фотамастак, кіраўнік парталу Zнята Валер Вядрэнка лічыць, што вяртаньне да старой фатаграфіі — аб’ектыўная гістарычная зьява. А 1950–60-я гады — гэта наагул «белая пляма ў фатаграфіі». У бальшыні людзей у сямейных альбомах ёсьць шмат старых фота, але ніхто ня бачыць у іх каштоўнасьці, яны не выходзяць на ўзровень мастацкай фатаграфіі, гэта бытавыя здымкі. І далей за сям’ю інтарэсу да гэтых здымкаў няма. А вось Таранду пашанцавала — архіў трапіў у добрыя рукі пляменьніка, які зразумеў каштоўнасьць здымкаў і вельмі ашчадна захаваў плёнку. А якасьць — у любой галерэі сьвету ня сорамна паказацца, лічыць фотамастак Валер Вядрэнка.

Працоўныя швейнай фабрыкі зь дзецьмі на возеры Сьвіцязь, 1960-я гады

«Калі раздрукавалі фота — нават адмыслоўцы дзівіліся і выказвалі сумнеў: можа, фаташопам падцягнулі ці яшчэ чым? Не, ніхто гэтага не рабіў.

Прычым каштоўнасьць ня толькі ў якасьці выявы, але і ў саміх фота: як ён кампануе кадар, на што ставіць акцэнты. Мы сустрэліся з фатографам ад Бога, з Асобай».

Падчас зімовага перадвыбарчага мотапрабегу, Баранавічы, 1960-я гады

Усяго захавалася больш за 1 тысячу нэгатываў Таранды, на выставу трапіла каля 70 здымкаў.

Фатаграфіі Таранды падобныя да італьянскіх фільмаў 1950–60-х

На думку Валера Вядрэнкі, у цяперашнім грамадзтве ёсьць стэрэатып успрыманьня 1950–60-х гадоў. Пасьляваенны час, людзі незадаволеныя, азлобленыя, жыцьцё цяжкое...

Дзень народзінаў, Баранавічы, 1960-я гады

«Але калі глядзець фота Петрыка Таранды — іншыя вобразы ўзьнікаюць.

Ягоныя фатаграфіі падобныя да італьянскіх фільмаў. Гэта нэарэалізм, калі са звычайных здымкаў простых людзей, бытавых сытуацый нараджаюцца кранальныя гісторыі. Такое ўяўленьне, што краіна жыве сваім жыцьцём, а людзі — сваім, хоць прысутнічаюць і дэманстрацыі, і мотапрабегі. Там вельмі шмат гумару. Такое ўражаньне, што паглядзеў вельмі праўдзівае кіно, бо гэта дакумэнтальная фатаграфія. Ня толькі гістарычная каштоўнасьць, а вялікая мастацкая каштоўнасьць. Імя Петрыка Таранды запоўніць „белую пляму“ — фатаграфію 1950-х гадоў», — кажа Валер Вядрэнка.

Сяляне займаюцца праполкаю калгаснай бручкі, вёска Зарытава, 1952 год

Чаму ў Беларусі няма Музэю фатаграфіі?

«Добрая фатаграфія адрозьніваецца ад жывапісу, графікі тым, што яна дакумэнтальная, праўдзівая, адлюстроўвае канкрэтны факт, які не прыхарошыш. Гэта адна з прычын, чаму ў Беларусі дагэтуль няма музэю фатаграфіі. Магчыма, я памыляюся, гэта маё ўласнае меркаваньне: улада проста баіцца нават зьбіраць праўдзівую, дакладную інфармацыю пра тое жыцьцё, бо гэта дакумэнт, які не аспрэчыш. Таму і адгаворкі: гэта немэтазгодна, гэта нікому не цікава, або самы банальны адказ: няма грошай», — кажа кіраўнік парталу Zнята Валер Вядрэнка.

Сяляне косяць траву ў лузе каля рэчкі, вёска Зарытава, 1960-я гады

На яго погляд, спрацоўвае стэрэатып, што музэй — гэта звычайна сховішча дасягненьняў ці старажытнасьцяў. А тут іншае — дакумэнты. Патрэбныя асаблівыя ўмовы захаваньня, спэцыялісты. На думку Вядрэнкі, у Беларусі толькі адзін адмыслоўца-музэйшчык, які прафэсійна займаецца гісторыяй фатаграфіі, дагератыпам, езьдзіць на канфэрэнцыі, мае ўяўленьне пра каштоўнасьць старых фатаграфій. Гэта Надзея Саўчанка з Нацыянальнага гістарычнага музэю. Гэта мізэрна мала — адзін спэцыяліст на ўсю краіну.

Маці Петрыка Ганна Таранда корміць птушанят, вёска Зарытава, 1952 год

«Але гэта адносіны краіны фатаграфіі. Я ня ведаю іншай краіны, у якой фотаальманах „Прэс-фота“ спалілі з цэнзурных меркаваньняў, калі ён год ужо праляжаў на паліцах кнігарняў. Гэта маразм. Таму цікавасьць да фатаграфіі ва ўладаў пільная, толькі зь іншага боку — як бы чаго ня выйшла. Фатаграфія можа быць небясьпечнай», — кажа спадар Вядрэнка.

Цяпер у сьвеце вялікі ўсплёск інтарэсу да аналягавай фатаграфіі. І беларускія фатографы таксама стараюцца не адставаць ад усясьветнага трэнду.

Адзін з апошніх здымкаў Петрыка. Зарытава (новая вёска), суседзі выйшлі паглядзець на тавары, якія прывёз анучнік Барыс Таранда — родны дзядзька фатографа, 1961 год

22 студзеня ў Менску, у Музэі гісторыі кіно адбудзецца адкрыцьцё першай выставы Сэкцыі аналягавай фатаграфіі Беларускага аб’яднаньня фатографаў «Асаблівая фатаграфія».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках