29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы самотных маці не засяляем: потым немагчыма іх выселіць»

12
«Мы самотных маці не засяляем: потым немагчыма іх выселіць»
ФОТА: ЯЎГЕН ЦІХАНОВІЧ

Гісторыя маці з дзіцем, якая здымала кватэру ў Баранавічах.

Ці лёгка знайсці арэнднае жытло ў Баранавічах, што і якім коштам прапануюць арэндадаўцы, і якія патрабаванні яны выстаўляюць кандыдатам, высветліла карэспандэнт Intex-press:

- Нягледзячы на святочныя дні, газеты і інтэрнэт поўняцца аб'явамі аб арэндзе кватэр. Паводле легенды, у мяне ёсць кот і маленькае дзіця, таму, адкінуўшы прапановы для студэнтаў і самотных, у маім спісе засталіся 15 кватэр. Нямала! І я з натхненнем бяруся за тэлефон.

«Самотных маці не засяляем»

Гаспадыня двухпакаёвай кватэры ў цэнтры горада просіць $50 плюс плату за камунальныя паслугі. Паводле ейных слоў, кватэра «у добрым стане, на пяць-шэсць балаў з дзесяці»: сцены пафарбаваныя, аклееныя шпалерамі, на падлозе - ламінат, таксама ёсць ложак, кухня, шафа і камода, лядоўня і газавая пліта. Гараджанка не супраць ката, галоўнае, каб я сачыла за жывёлінай. Прапанова мне падабаецца: цэнтр горада і кошт невысокі. Дамаўляемся аб папярэднім званку і сустрэчы, каб я змагла паглядзець кватэру. Але ва ўмоўлены час на мой званок ніхто не адказвае.

Двухпакаёвая кватэра ў Паўднёвым мікрараёне з мэбляй і бытавой тэхнікай «ацэньваецца» на $100, «камуналка» - за кошт арандатара. Уладальніца кватэры згодная браць аплату ў беларускіх рублях, але просіць папярэднюю аплату за тры месяцы. Жыллё яна здае паводле дамовы, але аплачваць падаходны падатак чамусьці павінен арандатар.

Са слоў жанчыны, з мэблі ў кватэры кухня, мяккі куток, сталы, крэслы і спачывальня, з бытавой тэхнікі - пралкаі мікрахвалеўка. Ёсць інтэрнэт.

- Кухня ў нас новая, усё чыста і акуратна. Мне мурзаў не трэба, я шукаю кватэранаймальнікаў без жывёл, - адзначае гаспадыня, быццам прадбачыўшы маё пытанне пра ката.

Высветлілася, гараджанка не гатовая здаваць кватэру і арандатарам з дзецьмі. Дзіця былых пастаяльцаў размаляваў у доме сцены.

Уладальніца аднапакаёвай кватэры на вуліцы Камсамольскай у тэлефоннай размове паведаміла, што паказаць жыллё зможа толькі праз тыдзень, калі з'едуць арандатары. Даведаўшыся пра дзіця, жанчына адразу ж пацікавілася, ці замужам я. Пачуўшы адмоўны адказ, сказала, што кватэру мне не здасць.

- Мы самотных маці не засяляем. У нас ужо былі з гэтым праблемы, не маглі потым выселіць, - тлумачыць яна.

«Аптымальна - тры чалавекі і без жывёл»

Тры адмовы - не падстава хвалявацца. Але мой імпэт пачынае згасаць, калі некалькі разоў запар чую, што кватэру ўжо здалі або зусім перадумалі здаваць. І толькі двое ўладальнікаў згаджаюцца паказаць жыллё.

Першы ў спісе - дом ва Усходнім мікрараёне. Гаспадар з жонкай жывуць у адной частцы дома, другую з трыма пакоямі - здаюць.

Ва ўмоўлены час на парозе мяне сустракаюць гаспадар дома і дзяўчына, якая таксама прыйшла паглядзець жыллё. Мужчына спачатку паказаў прысядзібны надзел, сказаў, што можна карыстацца агародам, а пасля правёў у дом. Дом - прасторны, чысты, абстаўлены мэбляй, але рамонт, як на мой погляд, не сучасны. Гаспадар вадзіў нас з пакоя ў пакой, адкрываў шафкі, уключаў ваду, казаў, што пры жаданні можна падключыць пралку, правесці інтэрнэт.

- Калі нейкая няспраўнасць, звяртайцеся да мяне - усё парамантую, - запэўніў ён.

Кошт за палову дома «дэмакратычны» - 200 рублёў плюс аплата камунальных паслуг. Гэтыя грошы, як растлумачыў мужчына, ён аддае сыну, які здымае жыллё ў Менску.

Ні сабакі, ні ката ў гаспадара няма і ён, як высветлілася, супраць таго, каб кватэранаймальнікі прывозілі сваіх.

- Аптымальны варыянт для нас - тры чалавекі і без жывёл. Пасля вас будуць засяляцца іншыя жыхары, і не ўсім падабаецца поўсць, - растлумачыў мужчына.

Не мой варыянт.

«Хоць свінні, галоўнае - каб было чыста»

У гэтым жа раёне я зайшла паглядзець трохпакаёвую кватэру. У аб'яве было пазначана - толькі сямейным, але гаспадар пагадзіўся мне яе паказаць.

Мужчына сустрэў мяне каля дзвярэй, прапусціў унутр і, нічога не сказаўшы, схаваўся ў адным з пакояў. Абследаваць кватэру давялося самой. Прасторна, шпалеры і мэбля ў парадку. Ёсць дзве канапы, дзве шафы, кухня, лядоўня і тэлевізар. Санвузел раздзельны сантэхніка новая. Побач з домам ёсць садок, школа і аўтобусны прыпынак.

Кватэру здае паводле дамовы найму, плата - 130 рублёў за месяц і «камуналка». Супраць хатніх жывёл гаспадар не пярэчыць:

- Мне ўсё адно, хоць свінні, галоўнае - каб было чыста і акуратна.

На адным з балконаў (іх у кватэры два) заўважаю, што шкло разбітае. Паказваю на гэта гаспадару і удакладняю, паправіць ці як.

- У мяне ёсць шкло. Магу даць. Хочаце - устаўляйце, - спакойна адказаў мужчына і павярнуўся да мяне спінай.

Такое стаўленне мне не спадабалася, і я развіталася з гаспадаром кватэры.

... Знайсці прыдатную кватэру ў Баранавічах, як высветлілася, не так і проста.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках