29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Міжнародныя арганізацыі адрэагуюць на «справу прафзвязаў»

4
Генадзь Фядыніч: Міжнародныя арганізацыі адрэагуюць на «справу прафзвязаў»
Генадзь Фядыніч
ФОТА: ПЦ «Вясна»

Улады груба ўмешваюцца ва ўнутраныя справы РЭПа.

Старшыня прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў праваабарончаму цэнтру «Вясна» сітуацыю з масавымі допытамі сябраў арганізацыі Следчым камітэтам, якія адбываюцца ў апошні час.

23 студзеня прафзвяз РЭП выступіў з адпаведнай заявай, якая накіраваная не толькі ў Генеральную пракуратуру Беларусі, але і ў Міжнародную арганізацыю працы (МАП), Міжнародныя прафзвязныя аб'яднанні і ўсім зацікаўленым.

«У апошні час на просьбу Следчага камітэта Менска масава пачалі выклікаць сябраў прафзвязу і актывістаў у следчыя камітэты абласных і раённых цэнтраў. Паводле нашых падлікаў на гэты момант было выклікана больш за 90 чалавек.

Мы ўважаем, што гэты ціск у першую чаргу на сяброў арганізацыі для таго, каб дыскрэдытаваць працу прафзвязу і яго кіраўніцтва, і каб у выніку прафзвяз зменшыў абароты ў сваёй актыўнасці па абароне сваіх сябраў», - адзначае Генадзь Фядыніч.

Ён мяркуе, што такога ў найноўшай гісторыі Беларусі яшчэ не было: каб столькі людзей было апытана следчымі, якія зусім не маюць дачынення да сфабрыкаванай крымінальнай справы, распачатай супраць яго і Ігара Комліка.

«Я спадзяюся, што мы разам з міжнароднымі прафзвязнымі арганізацыямі выпрацуем цэлы шэраг канкрэтных мерапрыемстваў, якія дазволяць нам устанавіць законнасць і спыніць гэтую крымінальную справу.

Варта адзначыць, што цяпер ідзе такое грубае і непрыхаванае ўмяшанне ва ўнутраныя справы прафзвязу: следчы камітэт тыдні тры таму запытаў у нас поўныя спісы сябраў - з самага пачатку дзейнасці дагэтуль - з усімі выходнымі звесткамі: тэлефонамі, месцамі працы і пражывання людзей. Безумоўна, мы сказалі, што на такі запыт мы не можам даць адказ, таму што гэта ўнутраная інфармацыя прафзвязу і ў нас ёсць цэлы шэраг падстаў, каб не даваць такую інфармацыю», - падкрэслівае старшыня прафзвязу РЭП.

Аднак, на думку Генадзя Фядыніча такія звесткі маглі быць узятыя з тых кампутараў, якія былі канфіскаваныя ў іх падчас ператрусаў 2 жніўня мінулага года і якія дагэтуль не вернутыя.

«Ці ўлада не разумее, што парушэнне правоў чалавека, правоў прафзвязаў - гэта не тое, на што сёння можна заплюшчыць вочы?

Міжнародныя арганізацыі безумоўна адрэагуюць на гэта, якім менавіта чынам - пабачым у вельмі хуткім часе. Але я думаю, што крымінальная справа супраць прафзвязу РЭП не дазволіць павялічыць тыя інвестыцыі, якія чакае ўрад, і тыя праекты, якія вельмі неабходныя для эканомікі Беларусі.

І адказнасць за гэта будуць несці і ўлада, і тыя людзі, якія цяпер вядуць гэтую крымінальную справу», - адзначыў ён.

Нагадаем, раніцай 2 жніўня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў правялі ператрус у менскім офісе прафзвязу РЭП, а таксама дома ў старшыні прафзвязу Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара Ігара Комлік.

Затым было абвешчана, што ў дачыненні да абодвух распачатая крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса - «ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва значнай суме».

Ігар Комлік правёў за кратамі два месяцы, Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Абодва лічаць сябе невінаватымі і выплачваць налічаныя ім падаткі не збіраюцца.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках