24 красавiка 2024, Серада, 7:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Знялі батарэі ў пад'ездзе, абяцалі эканомію»

6
«Знялі батарэі ў пад'ездзе, абяцалі эканомію»
ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

Жыхары дома ў Глыбокім скардзяцца на холад у кватэрах.

Жыхары 18-кватэрнага дома на вуліцы Міра, 22 у Глыбокім сутыкнуліся з сур'ёзнай камунальнай праблемай: супрацоўнікі ЖКГ абрэзалі ў пад'ездах частку батарэй, і цяпер праз гэта холадна не толькі на лесвічных пляцоўках, але і ў кватэрах, паведамляе tut.by.

У кватэры - тры пад'езды па тры паверхі. Кожны з паверхаў раней абагравалі батарэі, якія складаюцца з двух секцый. У верасні 2017 года працаўнікі ЖКГ знялі ва ўсіх пад'ездах па адной секцыі - як сцвярджаюць жыхары, на просьбу іх суседзяў.

- Дэмантаваць батарэі ва ўсім доме папрасіла сям'я, якая жыве ў другім пад'ездзе. Патлумачылі, што ім горача і, маўляў, да таго ж трэба эканоміць на ацяпленні. Пры гэтым іншыя жыхары згоды на дэмантаж не давалі. Ніякіх папер, з якой прычыны сэкцыі зразаюць, работнікі ЖКГ нам не далі. Пры гэтым усе кватэры тут прыватызаваныя. Людзі па гарачых слядах, яшчэ ў верасні, пачалі тэлефанаваць камунальнікам і высвятляць: на падставе чаго знялі батарэі, - распавядае жыхарка дома №22 на вуліцы Міра Вольга Пашковіч. - Нам адказалі: «Давайце дачакаемся ацяпляльнага сезона - вы ж здабудзеце ў грошах: будзеце менш плаціць за ацяпленне».

Восень і пачатак зімы людзі ў халодных кватэрах яшчэ сяк-так перажылі. Але ў студзені, калі цярпець дыскамфорт стала немагчыма, напісалі калектыўны зварот у ЖКГ з просьбай зноў падключыць батарэі.

- Падпісалі яго амаль усе, устрымаліся толькі дзве кватэры і тая сям'я, якая і папрасіла зрэзаць батарэі. Аднак камунальнікі нам паведамілі, што будуць разглядаць нашую заяву ў парадку чаргі, 2-3 тыдні, - прадаўжае Вольга.

- Пры гэтым у мяне дзіця, і даводзіцца ўключаць абагравальнік. На холад скардзяцца і суседзі. Я зрабіла замеры: нават нягледзячы на адсутнасць моцных замаразкаў, у нашым пад'ездзе +10°C, а да дэмантажу батарэй было +15°C. У кватэры ж цяпер +15-18°C, а то і менш, хоць раней тэрмометр паказваў +22-24°C.

Жыхары кажуць, што зэканоміць, як іх запэўнівалі ў ЖКГ, таксама не атрымаецца:

- Я запісала звесткі лічыльнікаў агульнадамавога выдатку цеплаэнэргіі за лістапад-снежань 2016 і 2017 гадоў. І высветлілася, што выдаткі выраслі: у лістападзе 2016 года было 14,32 Гкал, а ў гэтым жа месяцы 2017 года, ужо пасля таго як зрэзалі батарэі, - 20,35 Гкал. Такая сітуацыя і за снежань пазамінулага і мінулага гадоў.

Сітуацыю пракаментаваў Ігар Рудак, начальнік участка ўтрымання і рамонту жылога фонду ЖКГ Глыбоцкага раёна:

- З просьбай адключыць батарэі ў пад'ездах да нас звярнуліся не адзін і не два чалавекі, а больш жыхароў. Праўда, гэта быў вусны, а не пісьмовы зварот. Жыхары патлумачылі, што ў пад'ездах цёпла і яны хацелі б эканоміць на ацяпленні. Сапраўды, у пад'ездах у гэтым доме ўсталяваныя батарэі па 2 сэкцыі, у кожнай па 12 рэбраў - у выніку 24 рабры. Для 3-павярховага дома гэта зашмат. Пастанавілі прыбраць па адной сэкцыі і перанакіраваць гэта цяпло на ацяпленне кватэр. Але цяпер людзі ўжо скардзяцца.

Са слоў Ігара Рудак, пасля калектыўнага звароту жыхароў ЖКГ некалькі разоў вымярала тэмпературу ў пад'ездах:

- Паводле стандарту ў пад'ездзе павінна быць не менш за 14 градусаў цяпла. Апошні замер, 22 студзеня, паказаў, што ў першым пад'ездзе на трэцім паверсе +14°C, а на другім - +13,8°C. У другім пад'ездзе стандарт, сапраўды не вытрымліваецца. А ў трэцім пад'ездзе было + 14,1-14,5°C.

Прадстаўнік мясцовага ЖКГ запэўнівае, што праблема развязаная:

- Пакуль падключым другую сэкцыю ў другім пад'ездзе. Потым праверым яшчэ, паглядзім, якая тэмпература. І, магчыма, падключым найбліжэйшым часам батарэі і ў астатніх двух пад'ездах.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках