19 красавiка 2024, Пятніца, 21:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзякуючы яму і ягоным песням, шмат хто зачараваўся беларускай мовай»

5
«Дзякуючы яму і ягоным песням, шмат хто зачараваўся беларускай мовай»
Міхаіл Анемпадыстаў

Беларусы смуткуюць з нагоды заўчаснай смерці выбітнага беларускага паэта і мастака Міхаіла Анемпадыстава.

Сайт Charter97.org сабраў першыя словы, прысвечаныя Міхаілу Анемпадыставу, якія беларускія культурныя дзеячы пакінулі ў Фэйсбуку:

Вячаслаў Ракіцкі:

Глыбока смуткую. Болей няма словаў, акрамя ўдзячнасьці дарагому Міхалу Анемпадыставу за цеплыню і глыбіню нашых кантактаваньняў цягам многіх гадоў. За плённую супрацу, зноў жа не аднаго году. Графічнае афармленьне Міхала шмат у чым вызначыла і зьмест, і форму бальшыні маіх тэлевізійных дакумэнтальных цыкляў, што выйшлі на Белсаце, сярод якіх -- "Сьведкі", "Пераемнікі". Ён разумеў задуму з паўслова і выдатна рэалізоўваў яе. Зрабілі мы зь ім і шэраг глыбокіх перадачаў на Радыё Свабода. Апошнюю нашу сумесную працу - дзесяцісэрыйны дакумэнтальны цыкль "Даты праўды", прысьвечаны 100-годзьдзю БНР, - мы завяршылі літаральна на гэтыя Каляды, але ў этэры нашага Белсату Міхал яе ўжо ня ўбачыць. Прэм'ера першай сэрыі прызначаная на сьветлы дзень 25 сакавіка. Гэтая праца, як і мінулыя, застануцца, на шчасьце, у архівах і ў памяці гледачоў. А вось наступную задуму разам мы ўжо ня зробім. Цяжка гэта ўсьвядоміць. Цяжка зразумець, што больш не пабачымся, не пачуемся, не папрацуем разам... Спакою табе на нябёсах, дарагі Міхал.

Сяргей Будкін:

Памёр Міхал Анемпадыстаў...

Гэта быў чалавек неверагоднай энэргетыкі, мяккі, далікатны, адукаваны. Дзякуючы яму і ягоным песьням, думаю, шмат хто зачараваўся беларускай мовай, музыкай, гісторыяй, культурай...Мы яго будзем памятаць і любіць заўжды.

На сувязі са сваякамі. Хто жадае рэальна дапамагчы ў зборы грошай на пахаваньне, набірайце, калі ласка, мяне ў самы бліжэйшы час, да 13.00. Тэл. +375 29 6872093. Грошы перадаю сёньня жонцы Міхала.

Алесь Аркуш:

З Міхалам Анемпадыставым я пазнаёміўся ў 1994 годзе, калі ён прыехаў у Полацак на каферэнцыю ТВЛ разам з Лявонам Вольскім і Касяй Камоцкай. Уразіў мяне такой сталічнай, інтэлігентнай беларускасьцю. Затым пэрыядычна мы недзе зь ім перасякаліся (пераважна на розных культурных імпрэзах). Апошні раз увосень мінулага году разам ехалі з Беластоку ў Менск. Прагаварылі ў цягніку да глыбокай ночы. Падарыў яму свой раман "Сядзіба". На маё зьдзіўленьне, Міхал праз нейкі час напісаў мне пра свае ўражаньні, што твор спадабаўся і чаму. Звычайна так рэдка бывае.

У інтэрнэце ёсьць відэа імпрэзы ў тагачаснай наваполацкай кавярні "Чабарок", якая адбылася ў час правядзеньня канферэнцыі ТВЛ у 1994 годзе. На тым відэа так шмат сяброў, якія ўжо ня з намі - Юры Гумянюк, Сяржук Цімохаў, Андрэй Пяткевіч, Алесь Касцень, Васіль Храмцоў... а цяпер вось і Міхал Анемпадыстаў. Сьветлая памяць!

Сяргей Харэўскі:

R. I. P.

Мы сябравалі 35 гадоў. Я страціў ня проста сябра, я страціў часьцінку свае душы...

Аляксандр Ляшкоў:

Роспач і немы крык, калі сыходзяць такія асобы. Пагасла ты, ясьнюсенькая зорка...

Вінцук Вячорка:

Адзін з найцікавейшых і найглыбейшых людзей, зь якімі зводзіў лёс. Міхал пашырыў прастору беларушчыны. Нечаканы ўдар.

Арамаiс Мiракян:

Мы не былі знаемыя асабіста, але я плачу ад самае раніцы, бо ня памятаю такой тусоўкі з сябрамі, на якой хтосьці б не заспяваў "Простыя словы" ці "Маю краіну".

Народны альбом - нешта вельмі дарагое для мяне, без гэтых песень я быў бы зусім іншы.

Вельмі люблю. І вельмі балюча. Вельмі. Не магу стрымацца ад слез. Шчэ адзін сапраўдны беларус адляцеў у вырай, не пабачыўшы свабодный Беларусі.

Супакой душы Вашай, спадар Міхал.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках