24 красавiка 2024, Серада, 2:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Блакаванне «Хартыі'97» можа быць першым крокам да акупацыі Беларусі Расеяй

17
Зміцер Бандарэнка: Блакаванне «Хартыі'97» можа быць першым крокам да акупацыі Беларусі Расеяй
Зміцер Бандарэнка

У Беларусі паўтараецца крымскі сцэнар.

Блакаванне сайта Charter97.org у Беларусі пракаментаваў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка:

- На мой погляд, ёсць дзве прычыны блакавання сайта. Першая - дыктатару непрыемна чытаць праўду аб сабе. Я ўпэўнены, што Лукашэнка асабіста чытае сайт Сharter97.org.

Яго прыводзілі ў жах дзясяткі тысяч чалавек, якія скандавалі «Сыходзь!» падчас «Плошчы-2010», «Не дэкрэту №3 - Лукашэнка, сыходзь!» падчас Маршаў абураных беларусаў.

Сайт «Хартыя'97» таксама паказвае стаўленне простых беларусаў да ўлады. Гэта адбівалася ў пазіцыі рэдакцыі і каментарах чытачоў. Тэматыка, якую апошнім часам асвятляў сайт Сharter97.org, а менавіта - як Лукашэнка і ягонае асяроддзе, так званыя жыхары Драздоў, балююць на фоне ўсеагульнага збяднення людзей. Сайт асвятляў ідыёцкія дэкрэты, накіраваныя супраць ІП і «дармаедаў». Натуральна, сілавікі з атачэння Лукашэнкі стала запалохваюць яго народнымі паўстаннямі, змовамі і нядобразычлівасцю.

Другая прычына - пастанова магла быць прынятая ў Маскве. Нават амерыканскія генералы кажуць аб тым, што Расея не спыніцца, будзе прадаўжаць агрэсіўныя ваенныя дзеянні, у першую чаргу - супраць краін Балтыі.

Для таго, каб пачаць агрэсію супраць краін Балтыі - патрэбная поўная акупацыя Беларусі. Так як інфармацыйны складнік - гэта блізу 70% гібрыднай вайны, то Расея не магла трываць наяўнасці незалежнага медыйнага рэсурсу, які паводле ўплыву і аўдыторыі перасягае ў Інтэрнэце ўсе расейскія сайты і беларускія дзяржаўныя СМІ.

Я мяркую, што Расея даўно магла запатрабаваць ад Лукашэнкі, каб ён закрыў сайт Сharter97.org, бо гэты рэсурс з'яўляўся бар'ерам на шляху распаўсюду агрэсіўнага, шавіністычнага «расейскага свету».

Неабходна разглядаць закрыццё сайта «Хартыя'97», як геапалітычную пагрозу для беларускага народа і краін-суседзяў Беларусі: Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы.

Калі рэакцыі не рушыць услед, то можна казаць, што закрыццё сайта Сharter97.org - гэта рэальны крок да поўнай акупацыі Беларусі і пачатку вайны ў рэгіёне.

- Цягам усёй сваёй гісторыі сайт Сharter97.org сутыкаўся з супрацьдзеяннем з боку ўладаў. Як жа ўдалося выстаяць?

- Я адкажу, як адзін з заснавальнікаў ініцыятывы «Хартыя'97» і чалавек, які ў розныя гады меў пэўны ўплыў на працу сайта.

Людзі, якія працавалі ў прэс-цэнтры «Хартыі'97», Мікалай Халезін, Алег Бябенін, Наталля Радзіна, якая цяпер з'яўляецца галоўнай рэдактаркай сайта - усе яны мелі досвед закрыцця газет, у якіх яны працавалі.

Гэта і газета «Імя», і «Навіны», і газета «Наша Свабода». У мяне быў досвед працы і досвед закрыцця «Радыё 101.2». «Хартыя'97» першапачаткова была ініцыяваная журналістамі і накіраваная на абарону свабоды слова.

Мы заўсёды разумелі, што калі ты не будзеш змагацца за сябе, калі ты не будзеш дапамагаць іншым - мы будзем раз'яднанымі. Гэта тое, чаго хочуць улады.

Калі мы актыўна змагаліся за сябе, а я маю на ўвазе і палітычныя партыі, і прафзвязы, і праваабаронцаў, і медыі - мы маглі спыніць дзеянні ўладаў.

Калі ж была пасіўнасць - то нічога не атрымоўвалася. Я прыводзіў такі прыклад, што калі закрывалася «Радыё 101.2», але мы яшчэ не выходзілі ў эфір, то я прапаноўваў заклікаць людзей выйсці ў нашу абарону. Перамаглі іншыя меркаванні, прапановы дамовіцца і ўсё неяк развязаць.

З закрыццём «Радыё 101.2» не засталося незалежных станцый у сферы радыё. Усе астатнія былі добрымі і пухнатымі. Тое ж самае адбылося і на тэлевізіі. Калі мы змагаліся, калі ўключалася міжнародная салідарнасць, нам удавалася выстаяць, захаваць гэтыя астраўкі свабоды і знізіць рэпрэсіі. Беларусь - дыктатура лацінаамерыканскага тыпу і тое, што ў нашай краіне няма дзясяткаў тысяч забітых палітычных апанентаў і журналістаў, як у свой час у Аргенціне, Парагваі або Бразіліі, у гэтым заслуга беларускай апазіцыі і журналістаў.

Хацелася б яшчэ сказаць уладам, што закрыццё СМІ ніякім чынам не зніжае сацыяльную напружанасць, калі для яе ёсць падставы.

- Якая павінна быць рэакцыя беларусаў на блакаванне сайта Charter97.org?

- Тут многае залежыць ад саміх журналістаў «Хартыі'97», ад іх актыўнасці і дзеянняў. Радуе тое, што ў першыя гадзіны інфармацыю аб блакаванні сайта апублікавалі многія сусветныя медыі, інфармацыя аператыўна распаўсюджвалася ў «Твітэры» і «Фэйсбуку».

Першая рэакцыя вельмі абнадзейвае. Ёсць словы падтрымкі і салідарнасці ад незалежных беларускіх СМІ і палітыкаў. Жывучы за мяжой я б не хацеў штосьці раіць людзям у Беларусі, але калі беларусы хочуць атрымліваць незалежную інфармацыю, калі існуе разуменне таго, што за блакаваннем сайта Сharter97.org можа рушыць услед поўнае закрыццё незалежных СМІ ў Беларусі, то павінны быць прынятыя ўсе дзеянні, накіраваныя на паўнавартаснае функцыянаванне сайта «Хартыя'97».

Як я ўжо казаў, гэта не толькі ўнутрыбеларуская справа. Закрыцце Сharter97.org - наўпроставае запрашэнне расейскіх войскаў у Беларусь. Мы бачым, што адбываецца ў Крыме. На акупаваным Расеяй паўвостраве ідзе поўная зачыстка незалежных меркаванняў, усякай самастойнасці сярод крымскіх татараў, украінцаў, якія пражываюць у Крыме.

Як заявіў лідар Меджліса крымска-татарскага народа Мустафа Джамілеў, ідзе засяленне паўвострава расейцамі, ужо некалькі сотняў тысяч чалавек расейскія ўлады перасялілі ў Крым. Гэта мадэль прадугледжваецца Расеяй і для Беларусі. А пачыналася ўсё з закрыцця ўкраінскіх медыяў і судовых спраў супраць журналістаў.

Як бы не складана было эканамічна выжываць у Беларусі, я веру, што ў нас у краіне ёсць смелыя мужчыны і жанчыны, якія будуць змагацца за свабоду слова, свабоду «Хартыі'97», за сваю ўласную свабоду і незалежнасць нашай краіны.

Нагадаем, што 24 студзеня рэжым Лукашэнкі заблакаваў незалежны інфармацыйны рэсурс Charter97.org. Блакаванне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі.

Падрабязная інструкцыя пра тое, як абысці блакаванне сайта Charter97.org, знаходзіцца тут.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках