20 красавiка 2024, Субота, 2:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы расцэньваюць блакаванне «Хартыі'97» як далейшы наступ на свабоду слова ў Беларусі

11
Праваабаронцы расцэньваюць блакаванне «Хартыі'97» як далейшы наступ на свабоду слова ў Беларусі

Прэтэнзіі Міністэрства інфармацыі да сайта Charter97.org беспадстаўныя і абуральныя.

Міністэрства інфармацыі назвала прычыны блакавання сайта «Хартыя'97». Інфармацыйны рэсурс абвінавацілі ў распаўсюдзе інфармацыі, якая можа прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі, у парушэнні Закона аб масавых мерапрыемствах, а таксама ў распаўсюдзе матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі. Падставай для блакавання сайта стаў артыкул 38 Закона «Аб СМІ», які неаднаразова крытыкаваўся праваабаронцамі, як дыскрымінацыйны і недэмакратычны.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» ўважае прэтэнзіі Міністэрства інфармацыі да сайта «Хартыя'97» за беспадстаўныя і абуральныя.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» занепакоены тым, што апошнім часам адбываецца ў беларускай інфармацыйнай прасторы. Праваабаронцы мяркуюць, што блакаванне сайта Сharter97.org з'яўляецца недапушчальным абмежаваннем права на свабоду выказвання. Гэта грубае парушэнне міжнародных абавязацельстваў у галіне свабоды слова і наогул - правоў чалавека, якія дапускаюць беларускія ўлады.

Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі адзначае, што сайт «Хартыя’97» адрозніваецца высокай дэмакратычнай і патрыятычнай пазіцыяй. У той жа час Міністэрства інфармацыі ніякім чынам не абмяжоўвае тыя антыбеларускія інфармацыйныя рэсурсы, якія сапраўды пагражаюць нацыянальнай бяспецы, фактычна з'яўляюцца інфармацыйнай зброяй і размешчаныя пераважна ў Расеі.

«Інфармацыйная палітыка сайта Сharter97.org была вызначаная ад пачатку заснавання рэсурсу і апошнія захады ўладаў у яго блакаванні - даволі небяспечны сігнал. «Хартыя'97» заўсёды займала бескампрамісную пазіцыю, яны мелі свой погляд на грамадска-палітычныя падзеі, на развіццё Беларусі, што часам выклікала вялікія дыскусіі.

Такая пазіцыя, безумоўна, мае права на існаванне. Калі беларускае грамадства хоча атрымліваць рознабаковую плюралістычную інфармацыю, мы павінны шанаваць права на свабоду выказвання меркаванняў. Мы ўсе розныя людзі, і ў грамадстве павінны гучаць самыя разнастайныя думкі», - адзначае праваабаронца.

«Скажу, што сайт Сharter97.org, як ніякі з іншых дэмакратычных інфармацыйных рэсурсаў, за час свайго існавання пацярпеў ад беларускіх уладаў: гэта ператрусы і канфіскацыя абсталявання і маёмасці падчас падзей 2010 года, збіццё, зняволенне і крымінальны пераслед галоўнай рэдактаркі і журналістаў, якія працавалі на сайт, аж да выцяснення рэсурсу за мяжу. Але нягледзячы на гэта сайт здолеў захаваць сваю актыўнасць. Як і раней, аўтарытарныя ўлады ўспрымаюць «Хартыю'97» як патэнцыйна небяспечны для сістэмы рэсурс.

Калі я знаходзіўся ў калоніі, з 2011 да 2014 года, было прыемна, што першыя навіны, з якіх я даведваўся аб нечым важным, што адбываецца на волі, мне як раз перадавалі кантралёры, спасылаючыся менавіта на «Хартыю'97». І гэта сведчыць аб яго вялікай папулярнасці сярод розных слаёў беларускага грамадства», - заявіў Алесь Бяляцкі.

Барацьба з незалежнымі СМІ - небяспечны сігнал, звязаны з няўпэўненасцю ўладаў у правільнасці сваёй эканамічнай і палітычнай пазіцыі. Замест таго, каб рэагаваць на абгрунтаваныя крытычныя заўвагі і праводзіць змены ў дэмакратызацыі ўнутранай сітуацыі ў Беларусі, наладжваць дыялог з грамадзянскай супольнасцю, улады па-ранейшаму выкарыстоўваюць гвалтоўныя метады затыкання ратоў незалежным журналістам і СМІ.

«Мы памятаем, што некалькі гадоў таму былі спробы абмежавання распаўсюду інфармацыі з сайта «Хартыя'97», «Белпартызана» і некаторых іншых, якія былі ўключаныя ўладамі ў спіс абмежавальнага доступу.

І вось зноў, пасля зняцця санкцый, калі стасункі з Захадам сталі паляпшацца і на міжнародным узроўні беларускія ўлады сталі адчуваць сябе больш упэўнена, яны пачалі актыўны наступ на свабоду слова ў краіне, мабыць спадзеючыся, што рэакцыя міжнароднай супольнасці на такія непапулярныя дзеянні будзе мінімальнай і неістотнай» - нагадвае Бяляцкі.

Праваабаронцы, рыхтуючы Агляд у правах чалавека за 2017 год, адзначалі, што сітуацыя з пераследам незалежных журналістаў у Беларусі значна пагоршылася.

Пераслед Сharter97.org бачыцца трывожным натуральным прадаўжэннем гэтага працэсу. Беларуская асацыяцыя журналістаў за 2017-ы год прыводзіць амаль 200 выпадкаў пераследу незалежных журналістаў, звязаных з выкананнем імі прафесійнай дзейнасці. Рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў перакінуліся ў 2018-м годзе і на незалежныя інфармацыйныя рэсурсы.

«Інфармацыйная прастора ў Беларусі моцна абрэзаная, і знаходзіцца пад моцным кантролем з боку дзяржавы. У Беларусі няма аніводнага незалежнага тэлеканала, аніводнага незалежнага радыёканала. І вось дзяржаўная цэнзура і ціск дайшлі да дэмакратычнага слова ў інтэрнэт-прасторы.

Гэта ненармальная сітуацыя. Мы абараняем правы беларускіх грамадзян на свабоду слова, права на распаўсюд меркаванняў і думак. Мы звяртаемся да беларускіх улад і асабіста да міністра інфармацыі з патрабаваннем спыніць пераслед незалежнага слова. Мы будзем звяртацца як да беларускага грамадства, так і да міжнароднай супольнасці, ціснуць на беларускія ўлады. У сённяшнім свеце беларусы маюць права на атрыманне аб'ектыўнай і рознабаковай інфармацыі», - падкрэслівае Алесь Бяляцкі.

Нагадаем, што 24 студзеня рэжым Лукашэнкі заблакаваў незалежны інфармацыйны рэсурс Charter97.org. Блакаванне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі.

Падрабязная інструкцыя пра тое, як абысці блакаванне сайта Charter97.org, знаходзіцца тут.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках