Што будзе з расейскім рублём пасля абвяшчэння «крамлёўскага спісу» ЗША
7- 27.01.2018, 8:20
- 21,777
Аналітыкі прадказваюць паслабленне рубля ў пачатку наступнага тыдня.
Расейскі рубель за некалькі дзён да чаканай публікацыі «крамлёўскага дакладу» ЗША слабее, у той час як валюты іншых краін, якія развіваюцца, растуць.
У сераду, 24 студзеня, кіраўнік казначэйства ЗША Стывен Мнучын на эканамічным форуме ў Давосе заявіў, што слабы даляр спрыяльна адаб'ецца на амерыканскай эканоміцы, бо палепшыць умовы замежнага гандлю. Яго заява прывяла да паслаблення даляру да большасці валют, у тым ліку і да рубля, піша BBC.
Акрамя заяў Мнучына расейскую валюту падтрымалі і ўнутраныя фактары. У дакладзе Sberbank CIB гаворыцца пра перыяд падатковых выплат. У чацвер рублі скуплялі экспарцёры нафты для выплаты ПЗКВ.
Але рубель усё роўна адстае ад іншых валют краін, якія развіваюцца. За апошнія паўгода курс рубля да даляра, паводле падлікаў Бі-бі-сі, падняўся крыху менш чым на 1%. А кітайскі юань, да прыкладу, вырас да даляра амаль на 8%, паўднёваафрыканскі ранд - амаль на 9%.
З пачатку года рубель умацаваўся на 2,5%. Але ён адстаў ад ранда, юаня і бразільскага рэала, затое апярэдзіў індыйскую рупію.

У чым прычыны таго, што рубель слабейшы за іншыя валюты краін, якія развіваюцца?
Чакаецца, што адміністрацыя ЗША апублікуе «крамлёўскі даклад» - спіс бізнэсоўцаў, блізкіх да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, і іх сем'яў - ужо ў наступны панядзелак, 29 студзеня. Тады ж ЗША могуць прыняць пастанову аб забароне на ўкладанні ў расейскую дзяржаўную запазычанасць.
Аналітыкі Sberbank CIB папярэджваюць, што інфармацыя пра «крамлёўскі даклад» можа з'явіцца ўжо ў выходныя.
На думку банка, на фоне гэтых чаканняў замежныя ўдзельнікі расейскага валютнага рынку будуць паводзіць сябе асцярожна. Да публікацыі дакладу даляр будзе гандлявацца ў раёне 55,8 рублёў.
У банку Nordea мяркуюць, што рубель з высокай імавернасцю ўпадзе пасля публікацыі ў панядзелак санкцыйных дакументаў. У банку мяркуюць, што курс будзе рухацца да адзнакі 57 рублёў за даляр.
У пятніцу, 26 студзеня, да канца дня рубель ужо пачаў слабець да даляра, хоць на рынках валют іншых краін, якія развіваюцца прадоўжыўся рост.
На таргах на Маскоўскай біржы ў гэтую пятніцу даляр таргаваўся на ўзроўні 55,8 рубля, а да вечара даляр вырас у цане яшчэ - да 56,13 рублёў.
Доўгатэрміновыя прагнозы большасці банкаў прадугледжваюць паслабленне рубля сёлета. Так, на думку Bank of America, даляр у першым квартале будзе каштаваць у сярэднім 56,26 рубля, а да канца года падаражэе да 57,63 рубля. У «ВТБ Капитале» чакаюць, што ў сярэднім сёлета даляр будзе 58,26 рубля.
«Гіганцкі» попыт на АФП
У Райффайзенбанку звяртаюць увагу на «гіганцкі попыт» на аблігацыі федэральнай пазыкі (АФП) на аўкцыёне ў сераду: мінфін Расеі прапанаваў АФП на 40 млрд рублёў, а попыт на іх склаў 136 млрд рублёў.
«Такога высокага попыту [па аб'ёме] на АФП не было нават у перыяд актыўных пакупак нерэзідэнтамі ў пачатку мінулага года», - пішуць эканамісты банка.
Асноўныя пакупнікі цяпер - гэта лакальныя інвестары, якія такім чынам спрабуюць абараніць сябе на выпадак ўвядзення персанальных санкцый. Ва «Уралсибе» адзначаюць, што на гэтым тыдні ў прынцыпе расейскія аблігацыі карысталіся павышаным попытам.