Трамп плануе павялічыць абаронны бюджэт ЗША на 13%
4- 27.01.2018, 10:25
- 9,073
Павелічэнне амерыканскага абароннага бюджэту экспэрты назвалі знакавым.
У праекце бюджэту ЗША на 2019 г. выдаткі на абарону будуць на 13% вышэйшыя за ўзровень 2017 года і больш чым на 7% перавышаць бюджэт Пентагона на 2018 год, які яшчэ не зацверджаны Кангрэсам. Пра гэта паведамляе The Washingtom Post са спасылкай на неназваных амерыканскіх чыноўнікаў.
Крыніцы паведамілі, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп плануе ў лютым падаць у Кангрэс праект абароннага бюджэту на суму $716 млрд.
Як адзначае газета, пастанова прэзідэнта прынятая з улікам пазіцыі міністра абароны Джэймса Мэціса, які апублікаваў стратэгію, якая прадугледжвае пераарыентацыю узброеных сіл на стрымліванне і, пры неабходнасці, барацьбу з «такімі буйнымі дзяржавамі, як Кітай і Расея».
Са слоў суразмоўцаў выдання, $716 млрд пойдуць на аперацыі Пентагона ў іншых краінах і падтрыманне ядзернага арсенала ЗША.
Абаронны аналітык Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS) Марк Кансіян назваў імавернае павелічэнне абароннага бюджэту знакавым. Ён падкрэсліў, што гэта стане «вялікім скокам» для абароннай сферы ЗША, які азначае, што адміністрацыя Трампа плануе выкарыстаць «надзвычай агрэсіўную стратэгію абароны».
У Пентагоне і Белым доме адмовіліся каментаваць інфармацыю аб магчымым сказе Трампа.
У снежні 2017 года Трамп зацвердзіў абаронны бюджэт на 2018 год сумаю $692 млрд. Дакумент прадугледжвае, між іншым, сродкі на барацьбу з тэрарыстычнай арганізацыяй ІДзІЛ і павышэнне на 2,4% заробкаў амерыканскім вайскоўцам. Падпісаны амерыканскім прэзідэнтам дакумент таксама прадугледжвае вылучэнне Украіне $350 млн для яе бяспекі.