17 лiстапада 2023, Пятніца, 6:51
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Максім Валадзько: Цяпер 100 даляраў можна выдаткаваць за вечар, а 10 гадоў таму ўмудраўся жыць на іх месяц

7
Максім Валадзько: Цяпер 100 даляраў можна выдаткаваць за вечар, а 10 гадоў таму ўмудраўся жыць на іх месяц
Максім Валадзько

Абаронца БАТЭ Максім Валадзько ўспомніў, калі футбол пачаў прыносіць яму прыбытак.

Пра гэта спартовец распавёў у інтэрв'ю tut.by.

- Памятаеце, калі футбол пачаў прыносіць прыбытак?

- У класе дзявятым, з прыходам у дубль з'явіўся першы заробак - 100 даляраў у месяц. Мая сям'я як раз пераехала з Мендзялеева ў Брылевічы. Я змяніў школу: гадзіна дарогі ў адзін бок - гэта занадта. Праз футбол пачаў шмат прапускаць. За ўвесь 11-ы клас правёў у школе толькі месяц. Атэстат на выхадзе атрымаўся адпаведны - 5,5. Ніколі не было плана «Б» і думак пра іншую прафесію.

- Адным са стымулаў стаць футбалістам былі высокія заробкі?

- Гэта быў немалаважны аспект. Я рос у самай звычайнай сям'і. Не магу сказаць, што ў нас зусім не было грошай, але лішняга сабе дакладна не дазваляў. Галоўнай радасцю ў дзяцінстве былі чыпсы і кока-кола ў слоічках. Калі куплялі, наступала свята: піў колу па глытку, нават рот ёй мог прапаласкаць, каб смак даўжэй захоўваўся. Цягаў чыпсы па адной штучцы - расцягваў задавальненне.

Я хацеў зарабляць столькі, каб дапамагаць родным і ні ў чым сабе не адмаўляць. Цяпер дапамагаю пляменніцы плаціць за ўніверсітэт, а яна па-добраму прыязджае перыядычна навесці парадак у маёй кватэры. Такія ў нас гандлёва-рынкавыя стасункі.

- На што хапала першага стодаляравага заробку?

- Па тых часах гэта былі нядрэнныя грошы. Цяпер сто даляраў можна выдаткаваць за вечар, а 10 гадоў таму прымудраўся жыць на іх месяц і яшчэ аддаваць частку бацькам. Гадоў з 18 бессэнсоўна марнаваў грошы на гулянкі. У першы раз пайшоў у клуб з іншымі футбалістамі ў паўналетнім узросце.

Памятаю, гэта быў WestWorld Club, які ўжо зачыніўся. Сустрэлі там нашага трэнера фізпадрыхтоўкі - гішпанца Пепе. Да яго як раз сябры прыехалі і таксама вырашылі адпачыць. Мы сказалі: «Пепе, тссс!» На шчасце, гэта было не перад трэніроўкай, так што змаглі дамовіцца.

- Цяпер па-іншаму глядзіце на тыя тусоўкі?

- Разумею, што толку ў іх не было, толькі сабе горш рабіў. Часам адпачывалі да закрыцця клуба - гадзін да пяці раніцы. Потым з цяжкасцю прыходзіў у сябе і ехаў на трэніроўку. Па знешнім выглядзе без медагляду можна было зразумець, што са мной усё не вельмі добра. Нават калі кладуся спаць у нармальны час, з раніцы выглядаю пакамечаным - я далёка не жаўрук. А калі напярэдадні «адпачыў», то ўсё лёгка чыталася па твары. Дзякуй богу, трэнеры даравалі. У БАТЭ ніколі не было праверак, аблаў з боку кіраўніцтва. Усё на даверы. На жаль, пару разоў я гэта давер падрываў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках