Вячаслаў Сіўчык: Дзень Волі стане дэманстрацыяй сілы беларускіх патрыётаў
1- 27.01.2018, 16:20
- 10,362
25 сакавіка - гэта самае вялікае свята беларускага народа.
Пра гэта прэс-службе БНК заявіў лідар Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.
«Упэўнены, што людзей на Дзень Волі ў Менску 25 сакавіка будзе шмат, бо гэта выбітная дата для вялікай колькасці беларусаў. Аб'яднанне апазіцыі, упершыню за доўгія гады - гэта вельмі важны фактар, які будзе спрыяць масаваму шэсцю ў гэты дзень.
Я б не хацеў цяпер займацца нейкай гульнёй у прагнозы аб дазволе ці не дазволе акцыі, бо, як паказвае практыка, пастановы ўладаў могуць быць розныя. Напрыклад, былі гады, калі пастановы ўладаў аб пытанні вулічных акцый наогул не было. Але мне вельмі хацелася б, каб у юбілейны год, улічваючы, што 100-я ўгодкі БНР - вялікая дата для ўсяго беларускага народа, улады не дазволілі сабе рабіць дзікасці ў Дзень Волі, як часам гэта было раней.
Гэта больш важна, чым іх дазвол ці забарона. Ёсць аптымізм, што ўсё ж рэжым сёлета не будзе ўжываць сілу супраць людзей, якія будуць святкаваць Дзень Волі. Для гэтага ўсе падставы ёсць, а наконт пастановы - гэта залежыць толькі ад аднаго чалавека. Я, на жаль, не лекар і адказаць на гэтае пытанне дакладна не змагу», - заявіў Вячаслаў Сіўчык.
Палітык таксама распавёў, як простыя беларусы, якія не належаць да нейкіх партый і рухаў, могуць дапамагчы ў арганізацыі свята, каб яно стала больш масавым.
«25 сакавіка - гэта самае вялікае свята беларускага народа, гадавіна адраджэння нашай дзяржаўнасці. Гэтую дату варта было б святкаваць увесь 2018 год і таксама на дзяржаўным узроўні.
Таму хацеў бы заклікаць беларусаў святкаваць Дзень Волі цягам усяго года, абавязкова ўзяць удзел у дэманстрацыі, якая адбудзецца 25 сакавіка ў Менску, прыйсці на Плошчу Якуба Коласа. Гэтая акцыя - найбольш важная, яна павінна стаць дэманстрацыяй сілы і адзінства патрыётаў Беларусі, павінна паказаць, ці гатовыя мы абараняць сваю краіну. Менавіта гэтая акцыя пакажа, якія сілы ёсць у Беларусі, будзе прымаць пастановы наконт нашай краіны», - адзначыў ён.