17 лiстапада 2023, Пятніца, 6:50
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Бэн Ходжэс: Вучэнні ў Беларусі былі толькі часткай шырокамаштабных манеўраў «Захад-2017»

2
Бэн Ходжэс: Вучэнні ў Беларусі былі толькі часткай шырокамаштабных манеўраў «Захад-2017»
БЭН ХОДЖЭС

Расеі выгадна тое, што яе ваенныя дзеянні не асвятляюцца ў СМІ.

«Пакуль аб дзеяннях Расеі ва Украіне няма нічога ў навінах, гэта дапамагае ёй захоўваць цяперашнюю сітуацыю», - заявіў генерал-лейтэнант у адстаўцы Бэн Ходжэс, былы камандуючы сіламі ЗША ў Еўропе, а цяпер – кіраўнік Праграмы Першынга для даследаванняў у галіне бяспекі ў вашынгтонскім Цэнтры аналізу еўрапейскай палітыкі, піша «Голас Амерыкі».

Вядомы амерыканскі ваеначальнік выступіў у пятніцу са сваім аналізам аспектаў нарошчвання еўрапейскай бяспекі, сярод якіх былі названыя ўмацаванне «перадавой лініі» заходніх краін, падтрымка «атлантызму» – доўгачасовай хаўрусніцкай сувязі ЗША, Канады і Еўропы, а таксама стрымліванне Крамля (а не Расеі, як асобна ўдакладніў генерал).

Паводле слоў Ходжэса, які выйшаў у адстаўку ў снежні 2017 года, на Данбасе «цяпер знаходзіцца 4-5 тысяч расейскіх жаўнераў». Падчас адказу на пытанне журналістаў, наколькі дакладныя гэтыя звесткі, генерал сказаў:

«Такога кшталту выснова вынікае з аналізу звестак некалькіх крыніц, але дакладныя лічбы ў гэтым выпадку не такія ўжо і важныя, бо яны ўвесь час мяняюцца. У гэтым ва ўсім як раз важна, што праз сепаратыстаў і расейскіх вайскоўцаў Спецыяльная маніторынгавая місія АБСЕ не можа выконваць свае абавязкі цалкам, і таму ўся мяжа паміж Данбасам і Расеяй цалкам адкрытая. Таму зброя, рыштунак, расейскія жаўнеры і іх камандзіры, усе патрэбныя ім сродкі – усё гэта адбываецца на мяжы ў абодва бакі».

«Калі вы пагутарыце з кожным украінскім афіцэрам, які там ваяваў, то ён вам раскажа пра гэта. Але ёсць мноства іншых крыніц, і таму ў мяне няма сумненняў, калі я прыводжу гэтыя звесткі», – растлумачыў Бэн Ходжэс.

Як жа будуць дзейнічаць краіны Захаду, калі Расея распачне – аб магчымасці гэтага кажуць некаторыя вайсковыя аналітыкі – уварванне ва Украіну да канца гэтай зімы, каб падцяпліць ваяўнічыя настроі для поспеху прэзідэнцкай кампаніі Уладзіміра Пуціна? Бэн Ходжэс мяркуе, што «развязанне гэтага канфлікту павінна быць дыпламатычным, тут няма сумневаў, і дамагчыся такога развязання можна ціскам Захаду на Маскву – усяго Захаду, не толькі ЗША».

«Злучаныя Штаты будуць дамагацца аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны цалкам – гэта і Крым, і Данбас. Але гэта хутка не робіцца, мы ведаем, што для гэтага патрэбная камбінацыя розных падыходаў, трэба, каб многія дзяржавы працавалі разам. Давайце ўспомнім, што ўз'яднанне Нямеччыны адбылося ў выніку дыпламатычных крокаў, падмацаваных сотнямі мільярдаў даляраў цягам дзясяцігоддзяў, і тым, што краіны NATO трымаліся разам. Ну, і для Украіны ў гэтым таксама ёсць тое, што трэба зрабіць: падтрыманне даверу да яе з боку Захаду залежыць ад празрыстасці яе ўлады і сур'ёзнасці намаганняў для выкаранення карупцыі», – кажа Бэн Ходжэс.

Падчас гутаркі з экспэртамі, якія прыйшлі ў Цэнтр аналізу еўрапейскай палітыкі на выступ былога камандуючага сіламі ЗША ў Еўропе, Бэн Ходжэс заявіў, што пастаўкі смяротных узбраенняў Украіне з боку ЗША вельмі важныя ў тым, каб Расея засумнявалася ў магчымасці свайго нападу на суседнюю краіну: «30-40 пускавых установак Javelin не пераломіць сітуацыю ў корані, але моцна павысяць кошт для Расеі за яе магчымыя дзеянні ва Украіне».

Генерал нагадаў, што «ўкраінскія жаўнеры гінуць кожны тыдзень, нягледзячы на абвешчанае спыненне агню».

Кажучы аб адным з кірункаў умацавання бяспекі Захаду перад тварам ваеннай небяспекі з боку Расеі, Бэн Ходжэс распавёў прысутным, што расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017», якія прайшлі ўвосень мінулага года на тэрыторыі Беларусі, і якія сталі прычынай для турботы заходніх краін, істотна дапамаглі аналізаваўшым іх спецыялістам зразумець сутнасць расейскіх манеўраў.

«На прыкладзе «Захаду-2017» мы зразумелі, навошта Расея праводзіць манеўры – для таго, каб выпрабаваць свае новыя падыходы (да арганізацыі ўзброеных сіл – заўв.). NATO трэба адаптавацца да гэтага...Расейскія войскі падчас вучэнняў паказалі, што могуць перамяшчаць вялікія сілы рэальна хутка. І вучэнні ў Беларусі былі толькі часткай шырокамаштабных вучэнняў, якія праводзіліся адначасова ў некалькіх месцах. Сілы NATO павінны быць здольныя перасоўвацца хутчэй, чым расейскія войскі. Але ў чым «Захад-2017» даў сапраўды добры вынік – гэта ў сур'ёзнай актывізацыі абмену звесткамі паміж выведкамі заходніх краін», – распавёў Бэн Ходжэс.

Генерал зрабіў выснову, што ЗША дзейнічаюць значна больш эфектыўна, калі аб'ядноўваюцца з хаўруснікамі, а галоўным хаўруснікам Бэн Ходжэс назваў Еўропу і некаторыя еўрапейскія дзяржавы: «Нямеччына адыгрывае крытычную ролю ў магчымасцях NATO на сваіх рубяжах...Балтыйскія краіны правялі вялікую працу ў сэнсе разумення таго, у чым яны могуць дамагчыся лепшых вынікаў, і як прыстасаваць гэта да выкарыстання ва ўмовах пагрозы з боку Расеі».

Ходжэс асабліва падкрэсліў, што ад Расеі ўсім разам «трэба дамагацца празрыстасці яе дзеянняў», і што «факт уключэння расейскім кіраўніцтвам ядзернага складніку ў свае вайсковыя вучэнні з'яўляецца крытычным у сэнсе іх тактыкі запалохвання».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках