У Кабуле смяротнік падарваў машыну хуткай дапамогі
1- 27.01.2018, 17:39
- 12,343
Прынамсі 95 чалавек загінулі і больш за 150 атрымалі раненні.
Нападнік нагрузіў выбухоўкай машыну хуткай дапамогі, што дало яму магчымасць праехаць праз кантрольна-прапускны пункт на вуліцу ў дыпламатычным квартале, закрытую для звычайнага транспарту, паведамляе bbc.com.
Паводле заявы афганскіх уладаў, смяротнік мінуў першы КПП, заявіўшы, што вязе пацыента ў лякарню, але на другім прапускным пункце яго ўсё ж спынілі супрацоўнікі службаў бяспекі, і тады ён прывёў у дзеянне выбуховае прыстасаванне.
Колькасць ахвяр, хутчэй за ўсё, будзе расці - у найбліжэйшыя лякарні прадаўжаюць паступаць параненыя.
Выбух адбыўся каля старога будынка міністэрства ўнутраных спраў, недалёка ад прадстаўніцтва Еўрапейскага Звязу і Вышэйшай Рады міру Афганістана.
Як паведамляе Франс прэс, выбух быў такой сілы, што ў радыусе некалькіх сотняў метраў у будынках выбіла шыбы, а некаторыя будынкі паблізу абрынуліся.
Адказнасць за напад узяў на сябе рух «Талібан».
Тыдзень таму ўзброеная групоўка талібаў напала на гатэль класа люкс «Інтэркантыненталь» у Кабуле, дзе часта спыняюцца замежнікі. Ахвярамі нападу сталі 22 чалавекі.
Радыкальны ісламісцкі рух «Талібан» (забаронены ў Расеі і многіх іншых краінах) кантралюе значныя тэрыторыі ў Афганістане і суседнім Пакістане.
Афганскае войска разам з сіламі NATO і ЗША вось ужо 14 гадоў вядзе барацьбу з талібамі. Нягледзячы на гібель тысяч баевікоў групоўкі, радыкальны рух распаўсюджвае свой уплыў на ўсё новыя раёны краіны.