Як у Купалаўскім тэатры пажартавалі з чыноўнікаў
8- 27.01.2018, 19:51
- 18,370
Спектакль «Рэвізор» выявіўся жорсткай сатырай на сённяшнюю рэчаіснасць.
У тэатры прайшоў перадпрэм'ерны паказ спектакля «Рэвізор» паводле аднайменнай п'есы Гогаля. Здавалася б, чакаць асаблівых сенсацый ад пастаноўкі класічнага твора не даводзіцца. Але такога не чакалі, піша Вераніка Бялова для сайта gazetaby.com.
Спектакль выявіўся жорсткай сатырай на сённяшнюю рэчаіснасць. У асобе тагачаснай эліты павятовага горада цалкам выразна адгадваліся цяперашнія чыноўнікі. А каб у гледача не засталося сумневаў у тым, што «ўсе супадзенні не выпадковыя», герояў нават прыбралі ў шэрыя чыноўніцкія гарнітуры і капелюшы.
- Там усё празрыста, - адзначыў рэжысёр, мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін.

Яшчэ большы эфект рэальнасці дадае і гаворка герояў. Усе яны гутараць на адборнай «трасянцы». Спецыяльна для пастаноўкі Марыя Пушкіна зрабіла арыгінальны пераклад тэксту.
- Дзеянне адбываецца ў павятовым горадзе - а самі ведаеце, як размаўляюць у малых гарадах, - тлумачыць рэжысёр. - Толькі Хлестакоў гаворыць на літаратурнай беларускай мове. Ён жа са сталіцы, таму ў тэме.

Аднак і самі дыялогі атрымаліся вельмі актуальныя. Акрамя класічных рэплік можна было пачуць і нешта новенькае, накшталт указанняў гараднічага для навядзення парадку з патрабаваннем «разабраць стары паркан і паставіць пашпарт аб'екта». Гледачы ў зале з цяжкасцю стрымлівалі смех, тым больш што літаральна ў гэты ж дзень Лукашэнка, як быццам адмыслова падгадалі да пастаноўкі, таксама займаўся ліквідацыяй безгаспадарчасці і парканамі.
Зрэшты, і несмяротная класіка дапасавала да месца. Калі наглядчык вучэльняў Лука Лукіч прамаўляў сваю рэпліку: «Не дай Бог служыць па вучэбнай часці! Усяго баішся» зала рагатала.

Увогуле, словы «Чаму смеяцеся? - З сябе смеяцеся» ў канцы былі абсалютна дарэчы.
Адчуванне, што п'еса проста спісаная з беларускіх рэалій, не пакідала ўвесь спектакль. Калі мясцовыя чыноўнікі пускалі «рэвізору» - Хлестакову пыл у вочы, паказваючы давераныя ім аб'екты, паралелі ўзнікалі самі сабой. Аранжавыя каскі, накінутыя на плечы белыя халаты і дзяўчаты ў вышыванках з караваямі і песнямі - ну проста суцэльнае дэжавю.
- У свой час Мікалай I сам цэнзураваў п'есу Гогаля. А пасля, паглядзеўшы прэм'еру ў тэатры, адзначыў: «Усім дасталася, а мне больш за ўсіх», - распавёў Мікалай Пінігін. - З гумарам быў чалавек.
Наколькі выстарчыць гумару ў чыноўнікаў, пакажа далейшае жыццё пастаноўкі.