24 красавiка 2024, Серада, 16:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: «Страйк выбаршчыкаў» - выдатны прыклад для беларусаў

8
Зміцер Бандарэнка: «Страйк выбаршчыкаў» - выдатны прыклад для беларусаў
Зміцер Бандарэнка

Супольная барацьба супраць рэжымаў і ўзаемная падтрымка стануць залогам новых стасункаў паміж Беларуссю і РФ у будучыні.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень Зміцер Бандарэнка, каментуючы агульнарасейскі «Страйк выбаршчыкаў»:

- Існуе меркаванне, што Пуцін шмат чаму вучыўся ў беларускага дыктатара, бо Лукашэнка значна раней стаў дыктатарам у сваёй краіне. Мне здаецца, што і расейскія дэмакраты ў чымсьці паўтараюць крокі беларускай апазіцыі.

Калі раней Аляксей Навальны заўсёды казаў пра неабходнасць удзелу ў выбарах усякім шляхам, то цяпер ён зразумеў, што ёсць пэўныя межы, калі для апазіцыі ўдзел у выбарах становіцца бессэнсоўным. Напрыклад, калі няма рэальных альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнцкіх «выбарах».

З іншага боку беларускай апазіцыі таксама трэба вучыцца ў расейцаў, у каманды Навальнага крэатыўнасці і новым падыходам пры арганізацыі палітычных кампаній. Хачу падкрэсліць, што «Страйк выбаршчыкаў» у розных гарадах Расеі - гэта вельмі моцная і паспяховая акцыя. Радуе, што ў РФ, нягледзячы на ўра-патрыятызм, «крымнашызм», ёсць шмат людзей, якія разумеюць, што важна бараніць дэмакратычныя каштоўнасці і права людзей на сумленныя, свабодныя выбары.

Фота: Twitter / @teamnavalny

- Расейскія дэмакраты заўсёды выказваліся ў падтрымку беларускай апазіцыі. Гэта і Барыс Нямцоў, і Віктар Шандаровіч. На ваш погляд, як могуць беларусы праявіць сваю салідарнасць?

- Я ўяўляю грамадзянскую кампанію «Еўрапейская Беларусь». Наш каардынатар Максім Вінярскі ў свой час удзельнічаў у некалькіх акцыях расейскай апазіцыі. І я ведаю, што ён быў не адзін.

Беларускія дэмакраты спецыяльна прыязджалі для ўдзелу ў апазіцыйных акцыях. Адначасова ў пратэстах удзельнічаюць таксама беларусы, якія з'яўляюцца грамадзянамі Расеі ці працуюць у гэтай краіне. Часта на акцыях у Расеі бачныя нашы нацыянальныя, бел-чырвона-белыя сцягі.

МАКСІМ ВІНЯРСКІ Ў МАСКВЕ

Вядома, што беларускія журналісты і праваабаронцы заўсёды выступалі ў падтрымку дэмакратычных сілаў і апазіцыі ў Расеі. Я сам ведаю, як гэта важна.

Калі я знаходзіўся ў турме, у абарону мяне і іншых беларускіх палітвязняў, арыштаваных за Плошчу-2010 года, выступалі шматлікія знакавыя людзі Расеі. Сярод іх артысты, журналісты, музыкі і пісьменнікі. Напрыклад, Барыс Грабеншчыкоў, Юры Шаўчук, Чулпан Хаматава, Вольга Раманава, Дзмітрый Муратаў!...Усе памятаюць як, Яўген Еўтушэнка, якога ўжо няма сярод нас, падтрымаў свайго сябра і калегу Уладзіміра Някляева. Для нас усіх гэта было велізарнай падтрымкай у той час.

- У Расеі на акцыі пратэсту выходзяць людзі з абсалютна розных слаёў насельніцтва, шмат моладзі. Як «Страйк выбаршчыкаў» у Расеі можа паўплываць на сітуацыю ў нашай краіне?

- Я ўпэўнены, што гэта працэсы ўзаемазвязаныя. Відавочна, што леташнія пратэсты абураных беларусаў у нашай краіне ўплывалі на сітуацыю ў Расеі. Інтэрнэт межаў не мае і маладыя расейцы, якія не глядзяць прапагандысцкія каналы, жывуць у сеціве. Яны бачаць тое, што адбываецца ў суседніх краінах. Відаць нават па геаграфіі, у падыходах, што нешта з беларускіх пратэстаў было выкарыстанае.

Нашай жа апазіцыі будзе карысны досвед менавіта Аляксея Навальнага ў выкарыстанні сучасных сродкаў камунікацыі, арганізацыі пратэстаў, выкарыстанні новых медыяў, тэхнічных сродкаў пры правядзенні палітычных і грамадскіх кампаній. Тут расейцы і каманда Навальнага наперадзе. «Страйк выбаршчыкаў» - выдатны прыклад для беларусаў.

Яшчэ хацеў бы дадаць, што ў часы паўстання ў Польшчы, у Літве і ў Беларусі супраць царызму ў 1863-1864 гадах быў лозунг «За нашу і вашу свабоду!». Гісторыкі кажуць аб тым, што блізу 500 царскіх жаўнераў і афіцэраў перайшлі тады на бок паўстанцаў. У Расеі многія адукаваныя людзі з сумленнем віталі паўстанне.

Мне здаецца, што менавіта гэты лозунг «За нашу і вашу свабоду!» як ніколі актуальны і сёння. Мы спадзяемся, што досвед супольнай падтрымкі і барацьбы будзе гарантыяй таго, што пры змене ўлады ў Расеі, а гэта непазбежна адбудзецца, новае пакаленне будзе пазбаўленае «імперскага сіндрому».

Беларусы разумеюць, што нам геаграфічна нікуды не падзецца, Расея заўсёды будзе нашай суседкай. Але мы спадзяемся, што людзі, якія маюць досвед барацьбы за ўласную свабоду, якія, як і мы, прайшлі турмы, лагеры, збіццё, ціск уладаў, будуць лепш разумець беларусаў, якія таксама стануць новай уладай у сваёй краіне.

Супольная барацьба і падтрымка стануць залогам новых дачыненняў паміж нашымі краінамі ў будучыні.

ЗМІЦЕР БАНДАРЭНКА Ў МЕНСКУ
Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках