19 красавiка 2024, Пятніца, 16:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пірава перамога Пуціна: Як Расея ўцягнулася ў другі Афганістан

7
Пірава перамога Пуціна: Як Расея ўцягнулася ў другі Афганістан

Усе заявы Пуціна аб перамозе Расеі і хуткім вывадзе войскаў - заўчасныя.

Канфлікт у Сірыі пачаўся шэсць гадоў таму з акцый пратэсту супраць прэзідэнта Башара Асада. Цяпер у бойню на Блізкім Усходзе ўжо ўцягнутыя дзясяткі краін. Некаторыя з іх сапраўды ваююць, іншыя бяруць апасродкаваны ўдзел. Актыўнымі ўдзельнікамі вайны з'яўляюцца ЗША, Расея, Турцыя, Іран, краіны Еўрапейскага Звязу, тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава» і гэтак далей.

У сярэдзіне снежня прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін прыбыў у Сірыю на авіябазу Хмеймім, дзе абвясціў аб пачатку вываду расейскіх войскаў.

«За два з невялікім гады Узброеныя сілы Расеі разам з сірыйскім войскам разграмілі найбольш баяздольную групоўку міжнародных тэрарыстаў. У сувязі з гэтым мною прынятая пастанова: значная частка расейскага вайсковага кантынгенту, што знаходзіцца ў Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы, вяртаецца дадому», – заявіў тады расейскі прэзідэнт.

Ці сапраўды Расея адвядзе войскі з Блізкага Усходу? Як зменіцца пасля гэтага сітуацыя ў рэгіёне? Ці ёсць будучыня ў патрапанай хаўруснікамі «Ісламскай дзяржавы»?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні – у матэрыяле «Аглядальніка».

«Падарункі» ІДІЛ

Пасыл Пуціна быў зразумелы – ён пераможца, крывавая вайна на Блізкім Усходзе скончаная трыумфам Масквы, пара дадому. Цікава, што за апошнія два гады - гэта ўжо трэцяя ягоная заява аб пачатку вываду расейскага кантынгенту з Сірыі ў сувязі «з развязаннем усіх задач», а вайна ўсё ідзе.

У краіне кожны дзень грымяць выбухі, гінуць цывільныя, а расейская авіяцыя так і знаходзіцца на сваіх базах. Іх, дарэчы, цэлых тры – самая вядомая Хмеймім, Шайрат і сірыйская Ціяс, якую расейцы выкарыстоўваюць для падскоку падчас гэтай аперацыі на Блізкім Усходзе.

АВІЯБАЗА ХМЕЙМІМ
АВІЯБАЗА ШАЙРАТ
АВІЯБАЗА ЦІЯС

У нечым расейскі прэзідэнт не схлусіў – за мінулы год тэрарыстычная групоўка ІДІЛ сапраўды страціла вялікую тэрыторыю. У жніўні войскі Башара Асада разам з хаўруснікамі здолелі вызваліць горад Ас-Сухне ў правінцыі Хомс, які быў адным з апошніх апірышчаў баевікоў у Сірыі.

А ў снежні аб вызваленні ўсёй тэрыторыі ад джыхадзістаў абвясціў і Ірак. Паводле слоў прэм'ер-міністра Ірака Хайдэр аль-Абадзе, вайна супраць тэрарыстаў практычна скончаная.

Пры гэтым зводкі навін за апошні месяц кажуць пра адваротнае. Відавочна, што ІДІЛ прадаўжае вайну, але ўжо ў іншым фармаце – партызанскім.

МАПА БАЁЎ ЗА АБУ-КАМАЛЬ У КАНЦЫ 2017 ГОДА

На наступны дзень пасля заявы Пуціна, 12 снежня, яны ўдарылі па пазіцыях сірыйцаў пад Абу-Камалам, а напярэдадні Новага года наважыліся паднесці Расеі яшчэ адзін «падарунак» - абстралялі з мінамётаў авіябазу Хмеймім.

Паводле інфармацыі крыніц выдання «Коммерсант», пры гэтым былі знішчаныя сем самалётаў і забітыя два лётчыкі. Праўда, у Мінабароны РФ паспяшаліся заявіць, што гэтая інфармацыя – фэйк, пацвердзіўшы толькі гібель двух расейскіх байцоў.

У кожным выпадку на заканчэнне вайны ўсё гэта ніяк не падобна, а частковы вывад Расеяй сваёй авіяцыі не значыць нічога – вайсковыя базы нікуды не дзеліся, а значыць - яе вяртанне ў выпадку патрэбы будзе справай лічаных гадзін. Акрамя рэгулярных войскаў, у Сірыі, напэўна, застанецца і кантынгент ЧВК, а таксама розныя вайсковыя спецыялісты, якія будуць дапамагаць навучаць сірыйскае войска і забяспечваць яго зброяй РФ.

Ці стане Сірыя «другім Афганам»?

Варта канстатаваць: нягледзячы на заявы аб заканчэнні вайны ў Сірыі, ніводная з краін-удзельніц канфлікту не зможа дамагчыся ўрэгулявання палітычнай сітуацыі. Падзенне «Ісламскай дзяржавы» не выклікае ніякіх сумневаў. Магчыма, яна пратрымаецца на палітычнай мапе яшчэ некаторы час, але максімум праз год-другі яе не стане.

Аднак гэта не значыць, што ў Сірыі наступіць мір. ІДІЛ складалася з дзясяткаў дробных тэрарыстычных груповак, якіх на час удалося аб'яднаць у адно цэлае. Яны трымаліся разам, пакуль бачылі ў «Ісламскай дзяржаве» сілу, здольную абараніць іх інтарэсы.

Слабасць групоўкі вядзе да расколу: тэрарысты будуць вымушаныя рассеяцца і абараняць свае інтарэсы самастойна ці ж шукаць сабе новых заступнікаў. У кожным выпадку знікненне ІДІЛ не моцна паўплывае на агульную колькасць узброеных людзей у рэгіёне.

Такія групоўкі, як «Сірыйскі Ісламскі Фронт», «Атрад пакутнікаў Сірыі», «Паўночная віхура» і іншыя – налічваюць тысячы байцоў і абавязкова прадоўжаць дзейнічаць тымі ж метадамі, што і заўсёды. Хай і пад іншымі шыльдамі.

Акрамя таго, са знікненнем ІДІЛ знікне і галоўны аб'яднаўчы фактар, які прымушаў усіх удзельнікаў аперацыі хаця б не надоўга забыцца аб крыўдах і ўласных шкурных інтарэсах, паставіўшы на першы план барацьбу з сусветным тэрарызмам.

Ужо хутка ўсё вернецца на колы свае, а значыць – варта чакаць абвастрэння старых канфліктаў: тут і адвечная вайна Турцыі з курдамі, а таксама яшчэ больш за адвечнае супрацьстаянне сунітаў і шыітаў, якое можа лёгка прывесці да ўзброенага канфлікту паміж галоўнымі палітычнымі гульцамі ў рэгіёне: Турцыяй, Іракам, Катарам, ААЭ і Іранам, дзе цяпер як раз бушуе паўстанне супраць дзейнай улады.

Дарэчы, народныя паўстанні могуць стаць яшчэ адным фактарам, які можа лёгка змяніць усю расстаноўку сіл у рэгіёне як гэта ўжо было падчас падзеяў «арабскай вясны» сем гадоў таму.

Гэта значыць, што ўсе заявы Пуціна аб перамозе Расеі і хуткім вывадзе войскаў заўчасныя: тэрор і ўзброеныя канфлікты прадоўжацца і не знікнуць яшчэ вельмі доўга, а Масква будзе і далей губляць людзей і грошы, бо па-сапраўднаму сітуацыю ў рэгіёне ніхто не кантралюе.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках