29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дэкрэт Лукашэнкі №7 неўзабаве абрынецца»

99
«Дэкрэт Лукашэнкі №7 неўзабаве абрынецца»
КРЫНІЦА: EXCLUSIVE.KZ

ІП распавялі аб рэальнай сітуацыі на рынках.

Ларыса Заянчкоўская — прадпрымальніца з 15-гадовым стажам. Аднак цяпер яна закрывае ІП. «Праблемы з года ў год амаль не змяняюцца — адсутнасць пакупнікоў, высокая арэнда, плата за электраэнэргію», — кажа жанчына. Святлана Калачова абураецца ўказам №222, які забараняе прадаваць імпартныя тавары лёгкай прамысловасці без суправаджальных дакументаў. «Цяпер выбару няма, а пакупніцкая здольнасць стала яшчэ ніжэйшай. Я ў яме», — абураецца жанчына. Finance.tut.by пагаварыў з беларускімі прадпрымальнікамі, каб высветліць, якіх пераменаў яны чакаюць і ці вераць у дыялог улады з бізнэсам.

ФОТА: TUT.BY

«Прадаю ніжнюю бялізну па карце растэрміноўкі»

— Аб тым, каб закрыць ІП, я думаю кожны дзень. 2017 год у плане работы нічога добрага не прынёс. Людзі сыходзяць з прадпрымальніцтва — цяпер хтосьці на пенсіі, хтосьці з'ехаў з краіны, а хтосьці і зусім адкрыў бізнэс за мяжой. Засталіся тыя, каму няма куды ісці, — распавядае Святлана Калачова, прадпрымальніца з Гомеля.

Святлана адзначае, што некаторыя гомельскія прадпрымальнікі адкрываюць гандлёвыя пункты на расейскай тэрыторыі — да мяжы ехаць блізу дзвюх гадзін.

— Бізнэс вывозяць у іншыя краіны, гэта балюча і нясмешна. У Клінцах палова Гомеля працуе, а гэты гарадок у шэсць разоў меншы. Мы ж працуем не на развіццё, а на выжыванне. Калі цяпер яшчэ электроннае дэклараванне ўвядуць, наогул «кірдык» наступіць. Мы вельмі баімся, што гэта будзе апошні цвік у вечка труны, — скардзіцца Святлана.

ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

З яе слоў, у ІП шмат перашкод для працы, але больш за ўсё жанчына незадаволеная ўказам №222. Ён забараняе прадаваць імпартныя тавары лёгкай прамысловасці без суправаджальных дакументаў.

— Цяпер тавар ва ўсіх ідэнтычны, бо робім закупы ў адных і тых жа месцах. А потым пачынаецца: у гандлёвым цэнтры стаім адзін насупраць аднаго з аднолькавымі рэчамі. Скандалы, сваркі, людзі адзін з адным не вітаюцца, — абураецца Святлана.

Каб разнастаіць асартымент, жанчына прывезла бялізну з-за мяжы і аформіла на яе сертыфікаты. Кажа, што справа нявыгадная — выбар ёсць, а прыбытку няма: «Выдаткавала вельмі шмат грошай на сертыфікаты, усе свае запасы. Так, у мяне з'явіўся асартымент, але прыбытку амаль не дадалося». Святлана мяркуе, што ўказ паставіў у няроўныя варункі буйныя фірмы і дробных ІП.

— Я праз мытню праводжу 200 адзінак бялізны, а некаторыя — ад дзвюх тысяч да 20 тысяч. А мыту плацім таксама. Але гэта ўсё адно, што паставіць экскаватар і дзіця з лапаткай, а потым сказаць: «У вас роўныя варункі! А цяпер выкапайце аднолькавыя ямкі за адзін і той жа час». Гэта і ёсць 222-ы ўказ, — тлумачыць жанчына.

Са слоў Святланы, праз сертыфікаты некаторыя замежныя вытворцы адмаўляюцца супрацоўнічаць з беларусамі.

— Маскоўская фірма дала мне дакументы на тавар, а потым да іх прыйшла праверка. Цяпер мне кажуць: «Святлана, праз вашы тры капейкі нам патрэбны гэты галаўны боль?». Расейцам гэта не трэба, там іншае жыццё, іншыя законы і падаткі. У выніку я бегаю па Маскве: «Ой, якая прыгожая рэч, а ў вас ёсць сертыфікаты?».

Жанчына перакананая — у краінах-суседках сітуацыя нашмат лепшая.

ФОТА: TUT.BY

— Ёсць з чым параўноўваць. Бачу, як працуюць сяброўкі ў Расеі і Украіны з той жа групай тавараў. А ў Беларусі ўсё вельмі дрэнна пасля 222-га ўказа — выбару няма, а пакупніцкая здольнасць стала яшчэ ніжэйшай. Я ў яме, у поўнай клаацы! Народ вельмі згалеў. Была на форуме прадпрымальнікаў, распавяла так, што прадаю ніжнюю бялізну па карце растэрміноўкі «Халва». Раскажу вам, з якіх сумаў гэтай картай карыстаюцца — 17 рублёў за майткі! Вось як працаваць і жыць у гэтых варунках? — абураецца жанчына.

Прэтэнзіі ёсць і да дэкрэту №7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва».

— Там ёсць пункт пра льготныя ўмовы бізнэсу ў сельскай мясцовасці. У мяне знаёмыя ў вёсцы, там дзяўчынка адна ў класе вучыцца. Які бізнэс адкрыеш у гэтым месцы? Там і без падатку нічога не здолееш, — тлумачыць жанчына.

«Людзі бачаць цэннік, дзівяцца і сыходзяць»

— У міжсезонне, калі попыт невялікі, мяне наведваюць думкі: «Можа быць, я не тым заняты?». Але наступаюць выхадныя дні, і ўсё праходзіць. Канкрэтна ў Дзяржынску самае прахадное месца — гэта рынак. Калі вы прыедзеце ў выхадныя, гадзіне а 10-й, прыпаркаваць аўто на стаянцы наўрад ці атрымаецца, — распавядае Уладзімір Вайцяховіч.

Мужчына прадае садовыя тавары ў Дзяржынску ўжо чатыры гады. З ягоных слоў, з кожным годам справы ідуць усё лепш.

— Хоць ад пакупнікоў мала што залежыць — дзяржынцам заўсёды ўсё дорага, яны «тыкаюць» нас Менскам. Горад пад бокам, і там ёсць вялікія гандлёвыя сеткі, якія абрынаюць кошты прадукцыі. Выжываю выключна праз асартымент, вывучэнне попыту. Напрыклад, у мяне вісіць 100 найменняў таматаў, але людзі прыходзяць і ўсё адно просяць нейкі іншы гатунак прывезці. Тое ж самае можна сказаць пра інструменты і фермерскае абсталяванне. Шукаеш і прывозіш, а людзі, у сваю чаргу, набываюць. Пачынаў з шасці квадратных метраў, а цяпер у мяне два гандлёвыя месцы, — распавядае Уладзімір.

ФОТА: TUT.BY

Мужчына прызнаецца: многія калегі-прадпрымальнікі скардзяцца на ўмовы. Асабліва тыя, хто пачынаў у нулявыя гады, калі гандаль быў на ўздыме. З ягоных слоў, цяпер галоўныя праблемы — адсутнасць пакупнікоў, канкурэнцыя і высокі кошт арэнды.

— Таму хтосьці закрыўся, у кагосьці з трох ці чатырох пунктаў застаўся азін. Людзі, можа быць, і хацелі б сысці ў іншую сферу. Але няма куды, — тлумачыць Уладзімір.

Нізкая пакупніцкая здольнасць — самае балючае месца ў прадпрымальнікаў, кажа ІП.

— Хочацца завозіць нятанны, якасны і прыгожы тавар. Але яго вельмі складана прадаць. У першую чаргу грошы марнуюць на тое, што неабходна для існавання. Набыць садовы шэзлонг за 200 рублёў, каб пагрэцца на сонейку? У гэтым даводзіцца сабе адмаўляць. Людзі шукаюць рыдлёўку за два рублі, але каб яе на 20 гадоў ставала. Калі прапануеш інструмент з добрым, трывалым тронкам або імпартную рыдлёўку, яны бачаць цэннік, дзівяцца і сыходзяць, — дзеліцца ўражаннямі прадпрымальнік.

Іншы прадмет для турботы — арэнда.

— Мы працуем на цэнтральным рынку і арандуем, груба кажучы, месца на вуліцы без ацяплення. Плацім у беларускіх рублях, але кошт прывязаны да курсу даляра. Цяпер гэта восем умоўных адзінак за квадратны метр. У горадзе, нават у Менску, можна пашукаць арэнду ў добрым, цёплым памяшканні за 10 даляраў.

Уладзімір закупляе тавары ў імпарцёраў.

— Самому вазіць сэнсу няма, сертыфікаваць малыя партыі нявыгадна — рэнтабельнасць падае адразу ж.

«Большасць не верыць у дыялог улады з бізнэсам»

— Бізнэс асабліва не чакае пераменаў. Няма перадумоў, няма ўмоў. Мы гатовыя прапаноўваць развязанні. Але ці прыслухаюцца да іх? Індэкс дзелавога аптымізму ўжо 10 гадоў у мінусе, большасць не верыць у дыялог улады з бізнэсам, — кажа Анатоль Змітровіч, светлагорскі прадпрымальнік і дырэктар аналітычнага цэнтра Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

Анатоль тлумачыць — улада хоча гаварыць з бізнэс-супольнасцю. Але ў дзяржавы свая пазіцыя — прадпрымальнікі павінны самі прапаноўваць развязанне праблем.

— Мне гэта незразумела. У нас усё яшчэ няма асноватворных законаў і праграм для абароны прыватнай уласнасці, абароны інвестараў, праграмы развіцця прыватнага бізнэсу, каб прадпрымальнікі не баяліся працаваць і не з'язджалі. Дзяржава прыняла дэкрэт №7 і кажа: «калі ласка, працуйце». Але што такое праграма? Прывяду аналогію з будаўніцтвам. Вы будуеце дом, у вас ёсць праект — гэта праграма. На кожным этапе мы ведаем, дзе знаходзімся, і што будзем рабіць далей. Мы выклалі падмурак, потым закупім цэглу, зрабілі сцены і дах, заняліся аздабленнем. А нам выклалі палову сцяны дэкрэтам №7 і кажуць: «Вось вам, карыстайцеся». Выбачайце, але на мой погляд, гэты дэкрэт праз год абрынецца, як закон аб прыватна-дзяржаўным партнёрстве або дырэктыва №4, — кажа мужчына.

На думку Анатоля, «дэкрэт №7 карысны, але спазніўся прыкладна на пяць гадоў». «Праца ў малых гарадах і пасёлках — гэта важна, але там ужо ўсё разбурана. Цяпер галоўная праблема прадпрымальнікаў — не дачыненні з урадам, а значнае падзенне пакупніцкага попыту. Людзі працуюць у нуль, церпяць страты і закрываюцца», — тлумачыць ён.

ФОТА: TUT.BY

Яшчэ адна праблема — нашумелы указ №222.

— Прадпрымальнікі сышлі ў больш высокую цэнавую катэгорыю, таму вызвалілася ніша. Яе занялі «цюбецейкі» — прадаўцы з Сярэдняй Азіі, якія прадаюць рэчы дэмпінгавымі коштамі. Нацыянальны бізнэс папросту выцясняюць. На шчасце, дзяржава ўжо зразумела сваю памылку — падчас прыняцця закона аб прадпрымальніцтве яны за базу даследаванняў бралі Менск. Але ў сталіцы сітуацыя крыху лепшая, заробкі вышэйшыя. Але ёсць райцэнтры, якія моцна пакутуюць. Таму імкнуцца штосьці карэктаваць, — распавядае мужчына.

Уладзімір здзіўляецца — дзяржава быццам бы гатовая слухаць прадпрымальнікаў і развязваць іх праблемы, але з боку ўсё выглядае інакш.

— Нам навязваюць лічбавае дакументаабарачэнне, прымушаюць усталёўваць СКНО на касавыя апараты. Гэта нагрузка на бізнэс! — абураецца мужчына. — А ініцыятыва аб увядзенні крымінальнай адказнасці за заніжэнне падаткаабкладальнай базы. У першым чытанні яна ўжо прайшла ў парламенце. Калі захацець, кожны суб'ект гаспадарання можна абвінаваціць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Я завёз тавару на мільён рублёў, меркаваны прыбытак паўтара мільёна. Але я зрабіў уцэнку ці прыдумаў праграму для прыцягнення пакупнікоў — і ўжо недаатрымаю рэальны прыбытак. Мяне папросту могуць абвінаваціць у тым, што не хачу плаціць падаткі, — тлумачыць мужчына.

Пакупнікоў у ІП становіцца ўсё менш, шмат у чым праз тое, што змяняецца прынцып рэалізацыі тавару, мяркуе Анатоль Змітровіч.

Напісаць каментар 99

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках