20 красавiка 2024, Субота, 14:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Споведзь кіроўцы: Прадаў аўто і цяпер атрымліваю «лісты шчасця»

49
Споведзь кіроўцы: Прадаў аўто і цяпер атрымліваю «лісты шчасця»

Новы ўладальнік перавышае хуткасць на 50-60 км/г.

Жыхар Воршы Максім распавёў сайту abw.by непрыемную гісторыю: ягоны дзядзька Сяргей Мікалаевіч прадаў свой аўтамабіль Renault Laguna 1995 зялёнага колеру без пераафармлення, а цяпер атрымлівае чужыя штрафы. Апынуўшыся закладнікам вельмі знаёмай усім сітуацыі, ён і просіць дапамогі ў вышуку новага ўладальніка свайго аўто.

Renault Laguna быў зняты з уліку і "пастаўлены" на транзітныя "нумары" 5IH2163. І вось ужо блізу 10 месяцаў на імя ранейшага гаспадара рэгулярна прыходзяць штрафы. Як здаецца дзядзьку Максіма, штрафы наўмысныя. У іх значыцца перавышэнне хуткасці на 50-60 км/г - наўрад ці гэта можна назваць выпадковасцю. Міліцыя нічым не можа дапамагчы, бо усё "паводле закону", бо згодна з дакументамі ўладальнік "нумару" Сяргей Мікалаевіч. Гэта яшчэ добра, што аўто не трапіла ў ДТЗ.

Аўто меркавана знаходзіцца ў Нясвіжскім раёне, бо апошнія перавышэнні зафіксаваныя на трасах Парачаны - Наваградак - Нясвіж і Нясвіж - Клецк.

Сітуацыя, у якую трапіў Сяргей Мікалаевіч, зусім не новая. Такіх выпадкаў пры продажы аўто шмат. Вядома, трэба было адразу пры продажы пераафармляць аўто. Будзьце пільныя і вучыцеся на чужых памылках.

У ДАІ ў такім выпадку раяць самастойна адшукаць новага ўладальніка ці ж звярнуцца з заявай у аддзел міліцыі на месцы жыхарства.

З трохмільённым аўтапаркам краіны кожнаму зразумела, што варыянт "шукаць сваімі сіламі" можа цудам спрацаваць хіба што ў навагоднюю ноч.

Застаецца толькі прасіць дапамогі ў праваахоўных органаў. Але ці стане займацца гэтым міліцыя? Журналісты патэлефанавалі ў дзяжурную частку УДАІ ГУУС Менгарвыканкама. Супрацоўнік інспекцыі адказаў, што ў гэтым выпадку за ўсё плаціць уласнік, бо аўто ён не прадаў, а нібыта даў пакатацца. Калі атрымаецца знайсці "новага ўладальніка", у ДАІ перапішуць пратаколы на яго, але толькі ў выпадку, калі ён добраахвотна захоча гэта зрабіць. Улічваючы, што новы ўладальнік не выходзіць на сувязь, разлічваць на такі зыход падзей не даводзіцца.

Аднак у дзяжурным аддзеле аднаго з раённых АУС, куды журналісты патэлефанавалі пад выглядам аўтаўладальніка з такой жа праблемай, нас выслухалі і запрасілі напісаць заяву.

Асобна сітуацыю пракаментаваў юрыст: "У адпаведнасці з указам Лукашэнкі №504 угоды аб куплі-продажы аўтамабіляў паміж фізічнымі асобамі ажыццяўляюцца ў пісьмовай форме шляхам складання дамовы ў трох экзэмплярах. Рахункам-даведкай можна аформіць дамову, калі аўтамабіль прадае ІП ці камісійная крама з гандлёвай пляцоўкі. Пры складанні ж дамовы пакупнік абавязаны паставіць аўто на ўлік цягам 10 дзён, а паколькі копія дамовы ў гэтым выпадку захоўвалася б у ДАІ, то ўсе штрафы прыходзілі б пакупніку. Паколькі правільнасць афармлення ўгоды парушаная, то можна параіць наступнае: звярнуцца ў суд з пазовам аб канфіскацыі маёмасці з чужога незаконнага валодання, бо прадавец дагэтуль з'яўляецца фактычным уласнікам аўто (пазоў абкладаецца дзяржаўнай мытай у залежнасці ад кошту маёмасці). Іншыя варыянты (зварот у ДАІ і т .п.) будуць слабаэфектыўнымі, бо, фактычна, сам прадавец і вінаваты ў сітуацыі, не аформіўшы ўгоду адпаведным чынам".

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках