16 красавiка 2024, aўторак, 22:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Случчанку з унучкай выгналі з маршруткі праз ежу

161
Случчанку з унучкай выгналі з маршруткі праз ежу

Кіроўца выгнаў яе ў Менску з мікрааўтобуса, таму што яна хацела пакарміць унучку.

У «Кур'ер» звярнулася 62-гадовая случчанка Ганна Уладзіміраўна. Яна сцвярджае, што кіроўца адной са слуцкіх маршрутак «Слуцк-Менск-Слуцк» выгнаў яе ў Менску з мікрааўтобуса, таму што яна хацела пакарміць унучку. Кіроўца маршруткі - індывідуальны прадпрымальнік Аляксей - кажа, што нікога з машыны не выганяў. Ён проста папрасіў яе даесці ежу, што моцна пахла, на вуліцы, каб не перашкаджаць іншым пасажырам. Але пасля просьбы жанчына вырашыла з'ехаць на іншай маршрутцы.

Версія Ганны Уладзіміраўны

«Мы вярталіся з Менска з унучкай. Ёй 10 гадоў. Былі ў аквапарку. Пасля купання не паспелі паесці. Прыбеглі даслоўна за пяць хвілін да адпраўлення маршруткі. У аўтобусе я дастала бутэрброд, каб дзіця паела. Кіроўца ў гэты момант стаяў на вуліцы, чакаў пасажыраў. Ён ускочыў у маршрутку з вуліцы і сказаў: «Тут не сталовая! Вы есці не будзеце тут!» Я спытала, чаму. Сказала, што я была і ў самалётах, і ў цягніках, і ў аўтобусах, нават ездзіла ў тур па Еўропе, і там нідзе не забаранялі есці. Ён адказаў: «Ідзіце на вуліцу і ешце там».

Натуральна, мы выйшлі з аўтобуса. Я ж не магу паўтары гадзіны везці дзіця галоднае!

Я ўзяла сумку, кіроўца спытаў: «Вы што, сыходзіце?» Адказала, што так. Ён зачыніў дзверы і паехаў, таму што яму ўжо трэба было адпраўляцца.

Наперадзе ў двух метрах стаяла салігорская маршрутка. Мы зайшлі ў яе. А што, мы павінны былі на вуліцы есці? Там былі вольныя месцы. Кіроўца дазволіў у машыне пакарміць дзіця. Мы прыехалі ў Слуцк на салігорскай маршрутцы.

Калі прыехалі, я патэлефанавала дырэктару маршрутнага таксі. Спытала, як гэта, каб дзіцяці не далі паесці! Сказала, што хацела б прыняць прабачэнні ад кіроўцы. Дырэктар даў мне яго нумар. Кіроўца мне патэлефанаваў. Я сказала, што напішу пра яго ва ўсе сацыяльныя сеткі. А кіроўца: «Пішыце куды хочаце, мне ўсё роўна».

На пытанне, ці крычаў на яе кіроўца, ці размаўляў груба, Ганна Уладзіміраўна адказала, што кіроўца быў «фанабэрысты».

Версія кіроўцы Аляксея

«Яны прыйшлі не за пяць хвілін, а больш чым за 10 хвілін да адпраўлення. Селі ў машыну. Апроч іх у салоне было сем чалавек. Я стаяў са знаёмым на вуліцы. Ён адкрыў маю машыну, каб узяць ручку, і кажа мне: «У цябе там пах такі, што сядзець немагчыма». Я адкрываю дзверы - адтуль рэальна пахне часнаком. Гляджу - сядзіць гэтая жанчына з унучкай, адкрылі нейкую пластыкавую тару і нешта ядуць.

Я не крычаў, не лаяўся, не выганяў нікога, як яна сцвярджае. Я проста ўбачыў, што іншым пасажырам некамфортна, яны насы пазахіналі. Я кажу: «Жанчына, ну, гэта ж не сталовая, вы не адны тут знаходзіцеся». Яна адказвае: «Мне трэба ўнучку пакарміць, у мяне дзіця галоднае». Я сказаў: «Я ўсё разумею. Вазьміце ежу, выйдзіце на вуліцу, у нас яшчэ ёсць 5 хвілін да адпраўлення, пакарміце і сядзьце назад».

Яны зачынілі сваю тару, бяруць сумкі і сыходзяць. Я спытаў: «Вы паедзеце?» Яна адказала: «У нас свая маршрутка». Вось і ўся сітуацыя".

Што кажа закон

Згодна з п. 67 Правілаў аўтамабільных перавозак пасажырам забараняецца перавозіць багаж і ручную паклажу, якая змяшчае выбуханебяспечныя, вогненебяспечныя, акісляльныя, каразійныя, радыеактыўныя, атрутныя (таксічныя), азонаразбуральныя, наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі, смуродныя, з рэзкім пахам рэчывы і прадметы.

Згодна з п. 216 тых жа Правілаў, пасажыр абавязаны: не ствараць сваім станам, паводзінамі і дзеяннямі праблем іншым пасажырам, кіроўцам і кандуктарам.

Што ў выніку

Ганна Уладзіміраўна у гутарцы з карэспандэнтам сказала, што не збіраецца патрабаваць кампенсацыі ў судзе, а проста хацела б зрабіць негатыўную «рэкламу» перавозчыку.

Кіроўца Аляксей, у сваю чаргу, гатовы ў выпадку разбору прывесці сем сведак таго, што ён абараняў камфорт іншых пасажыраў і не адмаўляў жанчыне ў паездцы.

Напісаць каментар 161

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках