18 красавiка 2024, Чацвер, 3:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Нясвіжы шасцімесячнае дзіця памерла ад нявысветленага захворвання

137
У Нясвіжы шасцімесячнае дзіця памерла ад нявысветленага захворвання

Спачатку лекары недаацанілі сур'ёзнасць выпадку, а потым рэанімабіль ехаў чатыры гадзiны.

Шасцімесячны Арцём Грыцкевіч з Нясвіжскага раёна памёр ад нявысветленага пакуль захворвання.

«Нашай Ніве» сталі вядомымі абставіны трагедыі, віна за якую, магчыма, ляжа на лекараў.

Сям'я Грыцкевіч пражывае ў Снове - узорным аграгарадку ў Нясвіжскім раёне.

«Пад вечар 3 студзеня ў сына трохі - да 37 - паднялася тэмпература, шчокі пачырванелі, - распавяла нам ягоная маці Алена. - На наступны дзень мы пайшлі да лекара. Тэмпература перад прыёмам - ужо 38,2. Тэрапеўт агледзела горла, паслухала і кажа: прайдзіце ў кабінет для здаровага дзіцяці, гэта ў вас зубы рэжуцца. Паказвае мне на тое месца ў роце, дзе карэнныя растуць, і кажа: «Бачыце, там дзясна таўсцейшая? Гэта зубы лезуць, не хвалюйцеся». Тут трэба сказаць, што тэрапеўта нам нядаўна замянілі - яна пайшла ў дэкрэт, а на яе месца даслалі анестэзіёлага. І вось гэты чалавек працуе тэрапеўтам і не ведае, што першымі вылазяць разцы?!».

Жанчына кажа, што тэрапеўт не прызначала аналізаў, а выпісала рэцэпт на ўкраінскі парацэтамол за 2 рублі.

«Я бачыла па дзіцяці, што яму ўсё горш, ставіла свечкі, збівала тэмпературу, але пасля абеду стала зусім дрэнна. Вядома, я той лекарцы тэлефанаваць не стала - адразу ў хуткую. Лекар хуткай з парога сказаў: «Збірайцеся, падазрэнне на пнеўманію». Зрабіў нейкі ўкол ад тэмпературы, і мы паехалі ў бальніцу ў Нясвіж. У машыне дзіця ўжо стала трохі ўсміхацца, гуляцца з кропельніцамі, якія былі ў салоне, кісларод яму далі. Лекар быў упэўнены, што дзіцяці адпусцяць дамоў на наступны дзень», - распавядае далейшы ход падзей жанчына.

БАЦЬКІ АРЦЁМА, ВЯСЕЛЬНЫЯ СЭЛФІ З САЦСЕТКІ: АБОДВА ПРАЦУЮЦЬ НА АГРАКАБІНАЦЕ «СНОЎ»

У бальніцы ў Нясвіжы, кажа яна, лекары дзейнічалі вельмі павольна.

«Пакуль яны вырашалі, што і куды... Схадзілі на здымак, зрабілі аналізы. Але мне ні слова ніхто не казаў: неяк усё цішком, каб ніхто не чуў. Якія лейкацыты? Які гемаглабін? Я не ведаю! На мае пытанні не адказвалі. У рэанімацыі яму прачысцілі нос, медсёстры, якія мяне супакойвалі, распавядалі, што нічога там звышнатуральнага не выявілі, гною не было. Значыць, не пнеўманія?

Сталі казаць, што гэта ў сына лейкемія. І вось далей ужо пытанне: а што яму давалі? Я не ведаю, што калолі: мне не казалі. Але нашы знаёмыя ў бальніцы кажуць, што яму ўкалолі «штосьці антыімуннае», што прызначаецца пры лейкеміі, але «забівае» імунітэт.

Нарэшце, лекар выйшаў з рэанімацыі і сказаў чакаць - маўляў, яны выклікалі лекараў з Салігорску. Чаму з Салігорску?

А таму што там адзіная дзіцячая рэанімацыя на некалькі раёнаў. Калі камусьці ў Слуцку дрэнна, напрыклад, то яны туды, а потым назад. Калі выклікалі рэанімабіль, здаецца, яшчэ не было 23 гадзін, а прыехаў ён з Салігорска ў тры ночы!» - зрываецца на плач жанчына.

Яна кажа, што блізу паўгадзіны медыкі, што прыбылі з Салігорска, знаходзіліся ў бальніцы.

«Я чула, як лекар у калідоры гаварыў з кімсьці па тэлефоне пра нас, і там былі такія словы, маўляў: «Я так разумею, у Менску дзіця вам не патрэбнае?» Пасля гэтага сына забралі ў салігорскую машыну. Сказалі, што мяне не возьмуць з ім, і мне, маўляў, трэба самой быць ужо заўтра раніцай у Менску, бо сына, хутчэй за ўсё, павязуць з Салігорску ў менскую анкалогію», - кажа жанчына.

А 06:15 раніцы, калі бацькі сабраліся ў Салігорск, каб адтуль разам з сынам ехаць у Менск, ім патэлефанавалі з хуткай і сказалі: «Прыміце спачуванні».

Жанчына сцвярджае, што машына да таго часу яшчэ не даехала да Салігорска, таму цела сына і прывезлі назад, у Нясвіж.

«Я сваю віну адчуваю за тое, што не прадбачыла гэтага ўсяго, паслухала таго тэрапеўта. Але і незразумела, што нашаму дзіцяці рабілі, чаму ўсе маўчаць? Нам распавядаюць цяпер, што наша амбулаторная картка актыўна «рэдагуецца», каб усё прывесці ў парадак, кажуць, што з'яўляюцца там прышчэпкі розныя. Я хачу, каб быў празрысты разгляд», - кажа Алена.

Яна паказала пасведчанне аб смерці, дзе прычынай указана «прыроджаная інфекцыйная або паразітарная хвароба, неўдакладненыя».

«Дык а чаму нам тады казалі ехаць у Бараўляны? Чаму быў папярэдні дыягназ - анкалогія? Што яны давалі сыну, каб тую «анкалогію» лячыць?» - задаецца пытаннем жанчына.

«Ніякіх прыроджаных захворванняў у нас не было - з радзільні выпісалі з жаўтушкай. Адзінае, у мяне перад родамі быў трохі паніжаны гемаглабін, і ў яго адпаведна. Наогул, калі я нараджала, то там яшчэ тая гісторыя была - 8 знешніх швоў і 3 унутраных. Словам, сын мой з болем даўся, з болем і забралі», - плача Алена.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», тэрапеўт, якая першапачаткова казала аб рэжучых зубках, раптам узяла на працы адпачынак. Яна ўжо знаходзіцца не ў Снове, а ў сваякоў у Маскве. Пра яе метады працы ў жыхароў зноў думкі розныя, адклікаюцца не вельмі пазітыўна.

У бальніцы Нясвіжа выпадак пакуль не каментуюць, спасылаючыся на тое, што лекар, які праводзіў тэрапію, у выходным пасля некалькіх змен запар.

Намеснік галоўнага лекара Галіна Сікірыцкая прапанавала звярнуцца пасля святаў.

Ад чаго дзіця магло «згарэць» за дзень і што за «антыімуннае», як мяркуюць бацькі, яму маглі ўкалоць? Пра гэта журналісты запыталіся медыкаў з абласной дзіцячай анкалогіі.

«Перш за ўсё, тут дзіўнае сведчанне пра смерць. Вядома, хай яно папярэдняе - бо нейкае ім павінны былі выдаць для пахавання, а дыягназ можа ўдакладняцца - але чаму не выдалі паперы з вынікамі ўскрыцця? Хай бацькі гэтыя паперы патрабуюць.

Далей, у колькі выехала рэанімацыя з Нясвіжа ў Салігорск? Хай у 4 гадзіны раніцы. Але калі смерць наступіла ў шэсць раніцы, чаму ў пасведчанні месцам смерці паказаны Нясвіжскі раён?

А што тычыцца лейкозу, то ад яго дзіця не згарыць за суткі... Можа быць менінгіт, але ён дыягнастуецца проста.

Мне здаецца, што дзіця тут проста «выпусцілі», хай бацькі звяртаюцца ў органы для правядзення праверкі», - сказаў нам лекар.

«Гісторыя пра ўкол «антыімуннага» малаверагодная, - мяркуе ён. - Бо калі ёсць падазрэнні на лейкоз, то дзяцей, асабліва такіх маленькіх, накіроўваюць у РНПЦ анкагематологіі, дзе праводзяць пункцыю касцянога мозгу, даследаванні спінна-мазгавой вадкасці.

У прынцыпе, у Нясвіжскай лякарні не можа быць такіх прэпаратаў, бо імуннасупрэсіўная тэрапія праводзіцца ў нас. У такіх выпадках задача няпрофільных лекараў - гэта толькі збіваць тэмпературу і падтрымліваць жыццёва важныя органы. Але, зрэшты, уколы могуць быць розныя, як і рэакцыя на іх - трэба ведаць, якія ў яго былі аналізы і якія давалі лекі. Неабходная праверка», - сказаў нам лекар.

«Мы з гэтым сутыкнуліся ўпершыню, што да чаго не ведаеш, давяраеш жыццё лекарам, думаеш, усё добра», - рэзюмаваў Аляксандр, бацька нябожчыка Арцёма.

Напісаць каментар 137

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках