16 красавiка 2024, aўторак, 15:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святочныя развагі 2018

Святочныя развагі 2018
Віктар Сазонаў

Таталітарныя краіны заўсёды славіліся анекдотамі.

Вельмі трапныя, з глыбокім і тонкім гумарам, яны вырасталі як грыбы пасля дажджу пасля кожнай знакавай падзеі або пэўнага перыяду часу. Прыкладам, калі год быў багаты на здарэнні, то на святкаванне Новага году з’яўляўся анекдот, які адным радочкам дасканала падсумоўваў падзеі старога году намнога больш змястоўна, чым бясконцыя прамовы афіцыйных дзяржаўных агітатараў.

Таму напрыканцы мінулага году я ўсе вочы праглядзеў у сацыяльных сетках, шукаючы такі ўзор народнай творчасці на беларускую тэматыку. А яго ўсё не было. Я ўжо пачаў пралічваць што сталася, ці палітычны лад змяніўся, ці ўвесь народ куды падзеўся. Ажно не. Нічога не памянялася, ні з народам ні з палітычным ладам. Бо анекдот з’явіўся. Нейкі на першы погляд крыху не зусім з нашым менталітэтам,можа перароблены з якога іншага, але ж з’явіўся. Прычым у сацыяльных сетках, як і мае быць у наш час, з прыгожым малюнкам, дзе Святы Мікола трымае на каленях дзіцёнка і выпытвае ў таго яго калядныя пажаданні.

Ну дык вось. Пытаецца значыць Святы Мікола ў маленькага беларускага патрыёта якое б той хацеў каб збылося святочнае пажаданне.

– Я хачу Беларусь ад мора да мора, – кажа маленства.

– Слухай, – збянтэжана прапаноўвае Святы Мікола. – Можа лепш пажадай што-небудзь больш рэальнае.

– Ну тады хачу каб памянялася ўлада.

Святы Мікола пачухаў патыліцу, цяжка ўздыхнуў ды пытае:

– Дык ад якога да якога мора ты хочаш?

Я падумаў, што анекдот слабаваты, але мае права на жыццё. Крыху смешны, хоць хацелася б смяшней, крыху жыццёвы, хоць і тут не зусім, хоць і нерэальны, але ж лёгкую ўсмешку выклікае. Гэта я так падумаў. І ўсе дарослыя, якім я яго распавядаў, менавіта так яго і ўспрымалі. За святочным сталом нават пачалася жартаўлівая спрэчка, што зрабіць прасцей – мець Беларусь ад мора да мора, ці памяняць уладу. І чым больш спрачаліся, тым больш схіляліся да думкі, што абодва варыянты на сённяшні момант безнадзейныя. А вось адзін школьнік, які падышоў да святочнага стала, каб адпрасіцца ў бацькоў пакінуць хату і пайсці паглядзець святочны салют, вельмі здзівіўся нашаму песімізму.

– А што вы тут бачыце немажлівага, – паціснуў ён плячамі. – Увойдзе Беларусь у Еўропу і будзе мець тыя моры.

Дарослыя сціхлі і моўчкі сталі перапрацоўваць атрыманую інфармацыю. Хлопчык таксама стаяў ціха. Але на гэтую тэму, што дарослыя, нават не думаў. Толькі чакаў ці пусцяць яго бацькі паглядзець салют ці не.

– Слухайце, як усё проста, – нарэшце вымавіў адзін. – Паглядзіце якое ў нас мышленне закасцянелае. Мы адразу думаем пра пашырэнне тэрыторыі. А вось гэты чалавек з новага пакалення прапанаваў зусім іншую формулу для рэалізацыі гэтага пытання. І яно ўжо здаецца простай рэччу. Уваходзім у Еўразвяз і як усе еўрапейцы маем мора з трох бакоў.

– Ну не так тут усё проста, – заківаў галавой другі дарослы. – Бо з гэтай уладай у Еўразвяз мы ніколі не патрапім. Так што Святы Мікола з анекдота мае невырашальную праблему.

І спрэчка разгарэлася зноў. Ну за сталом жа ж. За святочным. Як тут без спрэчак. Тут зусім не важна падымаецца пытанне глабальнага маштабу, ці несур’ёзны жарт, усё набывае размах дзяржаўных разваг. Хоць ніколі не мае лагічнага завяршэння. Праўда, гэтым разам, атрымаўшы ад школьніка ўзор нестандартнага мышлення, то і дарослыя паспрабавалі разважаць ад адваротнага. Таму прагучалі не толькі версіі трэба мяняць ці не трэба мяняць уладу, але і дзе мяняць, у нас, ці ў Еўразвязе. Падабраліся нават да версіі, што, каб нам увайсці ў Еўропу, уладу трэба змяніць і там і там. Хоць і гэтая версія аказалася прамежкавай. Бо пасля зышліся на тым, што для таго, каб Беларусь была ад мора да мора, уладу трэба памяняць у Расеі. Пазней і гэтую ідэю забракавалі як немажлівую і прыйшлі да высновы, што спытаць трэба ў таго школьніка. Бо гэта ж ён правільна адказаў на першую палову.

Але яго ўжо не было. Не дачакаўшыся дазволу, ён пайшоў глядзець салют і без яго. А я злавіў сябе на думцы, што яшчэ мінулым годам размовы за святочным сталом былі зусім на іншыя тэмы.

Віктар Сазонаў, «Радыё Рацыя»

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках