18 красавiка 2024, Чацвер, 7:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы адразу дамовіліся назаўтра зладзіць пратэст»

6
«Мы адразу дамовіліся назаўтра зладзіць пратэст»
ФОТА: АРХІЎ «КП»

Як страйкуюць вяскоўцы на Гомельшчыне.

У аўторак работнікі сельгаспрадпрыемства «Некрашынскі» правялі страйк, пратэстуючы супраць звальнення свайго кіраўніка. У вёсцы Валасовічы Кастрычніцкага раёна на Гомельшчыне мясцовую гаспадарку ўжо амаль 20 гадоў узначальвае Васіль Лаханскі. Старшыня трымаў калгас на добрым узроўні, «Некрашынскі» - адная з перадавых гаспадарак раёна. Задаволеныя дырэктарам і работнікі. Таму калі прайшла пагалоска, што Лаханскага пастанавілі звольніць, амаль увесь калектыў выйшаў на ягоную абарону, паведамляе kp.by.

- На вечаровай дойцы нам негалосна распавялі, што дырэктары звальняюць. Мы адразу дамовіліся назаўтра зладзіць пратэст. На досвітку падаілі, пакармілі жывёлу і сабраліся ўсе - даяркі, трактарысты. Мы хацелі, каб да нас прыехала начальства з Кастрычніцкага і патлумачыла: хто пастанавіў звольніць дырэктара і чаму? - кажа даярка Валянціна.

Рэакцыя была імгненная: прадстаўнікі ўлады сапраўды неўзабаве прыехалі:

- Але нам сказалі, што мы наладзілі балаган, і з'ехалі. А потым прыбылі прадстаўнікі раённых і абласных прафзвязаў. Казалі, што на ўзроўні старшыні пастанавілі не звальняць дырэктара.

Першы намеснік старшыні райвыканкама Рыгор Гарбар пацвердзіў «Комсомолке», што Лаханскі застаецца працаваць. Аднак на пытанне, чаму дырэктара збіраліся звольніць, ён адказваць не захацеў:

- Усё добра разабраліся, людзі выйшлі на працу, было маленькае непаразуменне, але ўсё ўладзілася.

Даяркі патлумачылі, чаму гарой сталі за свайго начальніка:

- Ён трымае гаспадарку на плаве, такіх моцных калгасаў ужо амаль не засталося. Будуе новыя адрыны, стварае працоўныя месцы. Едуць людзі з іншых вёсак працаваць. І мы таксама перасяленцы, бо ў нашай вёсцы была слабая гаспадарка. А тут і жыллё далі, і заробак ад 500 рублёў, а некаторыя і 800 атрымліваюць. І чалавечае стаўленне, і дапамога! Таму мы ўсе за дырэктара.

Пасля таго, як Лаханскага пакінулі на пасадзе, даяркі і механізатары выйшлі на працу. Але яны ўсё адно баяцца, што неўзабаве ўлады могуць усё адно звольніць дырэктара, тым больш хутка ў яго заканчваецца кантракт.

Дарэчы, днямі дырэктар адзначыць 64-годдзе:

- Пасля ўсяго таго, што адбылося ён сказаў, што наша падтрымка для яго важнейшая за ордэны, які уручалі ў мінулым годзе за заслугі, - дадалі работнікі.

ВАСІЛЬ ЛАХАНСКІ - АДЗІН З НАЙЛЕПШЫХ КІРАЎНІКОЎ РАЁНА. ФОТА: CH-SMI.BY
Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках