29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Археалагічная сенсацыя: у Полацку знайшлі магілу сына Усяслава Чарадзея?

4
Археалагічная сенсацыя: у Полацку знайшлі магілу сына Усяслава Чарадзея?
ФОТА: PSU.BY

Магіла знаходзілася ў невялікім падземным храме, пабудаваным каля сцен Спаса-Праабражэнскай царквы.

Пра сапраўдную археалагічную сенсацыю паведамляе прэс-служба Полацкага дзяржуніверсітэта, паведамляе euroradio.fm.

У Полацку, магчыма, знайшлі магілу сына знакамітага князя Усяслава Чарадзея Святаслава-Георгія (1050-е - пасля 1130). Яна знаходзілася ў невялікім падземным храме, пабудаваным каля сцен Спаса-Праабражэнскай царквы - помніка архітэктуры XII стагоддзя. Адзначаецца, што аналагаў яму «на ўсходнеславянскай прасторы няма».

Падземны храм з'яўляецца ніжнім ярусам пабудовы, якая стаяла асобна каля царквы. Яны пабудаваныя з аднолькавай цэглы. У сцяне храма ёсць глыбокая ніша, перакрытая скляпеннем, прызначаная для нябожчыка. Яна невялікая: блізу 140 см у даўжыню і 50 см у глыбіню. Гэта і навяло даследнікаў на думку, што хавалі не цела, а астанкі (было перапахаванне). Сярод смецця былі знойдзеныя фрагменты каменнага абраза з выявай святога Георгія. Цалкам магчыма, што ў чалавека, для якога пабудавалі асобны храм, было такое імя. І яго шанавала ігумення праваслаўнага манастыра Еўфрасіння Полацкая (1104-1167) - асветніца, прылічаная да ліку святых.

ФОТА: PSU.BY

Бацькам Ефрасінні Полацкай быў малодшым сынам знакамітага полацкага князя Усяслава Чарадзея (1029-1101) Святаслаў-Георгій, які ў першыя дзесяцігоддзі XII стагоддзя быў віцебскім князем. Разам з іншымі нашчадкамі Усяслава кіеўскія князі ў 1129-м выслалі яго ў Візантыю, дзе ён і памёр. Даследнікі ўважаюць, што Ефрасіння магла арганізаваць дастаўку яго парэшткаў у Полацк і іх перапахаванне.

Калі версія праўдзівая, знойдзена месца пахавання аднаго з полацкіх князёў, а гэта сапраўдная сенсацыя. Ніша ў падземным храме ў больш позні час была закладзена цэглай. Пакуль невядома, ці ёсць за ёй астанкі або іх усё ж калісьці перанеслі ў іншае месца.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках