24 траўня 2019, Пятніца, 15:55
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

119 секунд: усё, што трэба ведаць аб аварыі расейскай ракеты «Саюз»

57
Фота: EPA

Што адбылося?

На ракеце «Саюз» адключыліся рухавікі за дзве хвіліны пасля старту. Экіпаж паспяхова прызямліўся, а магчымай прычынай аварыі называюць дрэннае мацаванне аднаго з блокаў, паведамляе «Новое время».

Сёння, 11 кастрычніка 2018 года, расейскі пілатаваны карабель «Саюз МС-10» адправіўся з касмадрома Байканур на Міжнародную касмічную станцыю (МКС).

Расейскі касманаўт Аляксей Аўчынін і амерыканскі астранаўт Нік Хейг павінны былі не толькі змяніць капітана МКС, але і выпрабаваць на арбіце 3D-біяпрынтэр, які павінен ствараць тканкі.

На жаль, для гэтых задач давядзецца рыхтаваць новую экспедыцыю, бо экіпаж «Саюза» адарваўся ад Зямлі менш, чым на дзве хвіліны і нават не пакінуў межы атмасферы.

Што адбылося?

Паводле звестак Інтэрфакс, на ракеце адбылося аварыйнае адключэнне рухавікоў праз 119 секунд пасля старту.

Крыніца інфармагенцтва паведамляе, што праблемы паўсталі «пры аддзяленні бакавых блокаў першай прыступкі ад цэнтральнага блока другой ступені».

«Затым спрацаваў аварыйны маяк, карабель падзяліўся на адсекі і выпусціў парашут», - піша Інтэрфакс.

Ратавальнікі, медыкі і вайскоўцы ў Казахстане назіралі за спускам капсулы «Саюза».

Ці ўсе жывыя?

Кіраўнік «Раскосмасу» Дзмітрый Рагозін напісаў у Twitter, што ўсе касманаўты жывыя і паспяхова прызямліліся.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў, у сваю чаргу, падзякаваў за гэта бога, сістэмы бяспекі і сам экіпаж.

У NASA таксама пацвердзілі, што з экіпажам усё ў парадку. «Пошукавыя і ратавальныя каманды заўсёды напагатове ў такіх сітуацыях», - адзначыла спікер NASA Брэндзі Дзін.

Паведамляецца, што капсула з касманаўтам і астранаўтам «Саюза» прызямлілася за 20 км ад невялікага казахскага горада Жэсказгана, адкуль і вылецелі некалькі верталётаў з ратавальнікамі.

«Выратавальныя групы з дапамогай тэхнікі ПЭМ-1 перавярнулі капсулу. Медыкі агледзелі касманаўтаў, стан ацэньваецца як здавальняючы. Цяпер вайскоўцы пачалі эвакуацыю экіпажа з капсулы», - паведаміў Інтэрфакс Цэнтральная вайсковая акруга.

Чаму адмовілі рухавікі?

Інсайдэр Інтэрфакс з «ракетна-касмічнай галіны» выказаў здагадку, што інцыдэнт магло выклікаць дрэннае мацаванне блокаў: «Магчыма, праз дрэннае мацаванне пры аддзяленні блокаў другой ступені адзін з іх мог зачапіць цэнтральны блок, чым выклікаў аварыю».

Цяпер чальцоў экіпажа адправілі ў Маскву, а Раскосмас павінен пачаць расследаванне і праверыць Ракетна-касмічны цэнтр «Прагрэс», дзе і была вырабленая ракета.

Характэрна, што запуск «Саюз МС-10» прысвяцілі стагоддзю Завода эксперыментальнага машынабудавання ракетна-касмічнай карпарацыі «Энэргія» - вытворцы ракеты «Саюз».

Нагадаем, што гэта ўжо другое здарэнне з удзелам расейскіх касманаўтаў апошнім часам. Як раней пісала НВ, экіпаж карабля «Саюз МС-09» выявіў мікратрэшчыну ў бытавым адсеку, падобную на адтуліну ад дрылі.

Экспэрты з Расеі меркавалі, што гэта мог зрабіць «псіхічна няўстойлівы» чалец экіпажа МКС і нават разглядалі версію «змовы ворагаў» і «злога намеру».