21 траўня 2019, aўторак, 21:17
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

У палітвязня Жамчужнага ў зняволенні значна пагоршылася здароўе

3
МІХАІЛ ЖАМЧУЖНЫ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

З 1 кастрычніка 2017 да кастрычніка 2018 года Міхаіл Жамчужны адбыў у ШІЗА 270 дзён.

Палітычны зняволены Міхаіл Жамчужны за каляндарны год з 1 кастрычніка 2017 да кастрычніка 2018 адбыў у ШІЗА 270 дзён. Палітвязень мае намер абскардзіць сваё змяшчэнне ў штрафны ізалятар, паведамляе «Белсат».

Толькі цяпер сябры і знаёмыя Міхаіла Жамчужнага сталі патроху атрымліваць ад яго лісты і паштоўкі. Пры гэтым далёка не ўся ягоная карэспандэнцыя пакідае сцены калоніі ў Горках.

З перапіскі стала вядома, што пасля ШІЗА стан здароўя вязня сумлення імкліва пагаршаецца. Міхаіл Жамчужны паведамляе, што доўгае знаходжанне ў памяшканні і адсутнасць шпацыраў стала прычынай значнага пагаршэння зроку, бо пачалі атрафіравацца мышцы зрэнак. Пасля першых выхадаў на шпацыры і вяртання ў камеру - некаторы час Жамчужны нічога не бачыць, у вачах становіцца цёмна пасля дзённага святла.

Нагадаем, заснавальнік «Платформы Інавэйшн» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў прысуджаны Віцебскім абласным судом да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. У кастрычніку 2015 судовая калегія ў крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне - шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі. Ён быў прызнаны вінаватым у «падбухторванні да наўмыснага разгалашэння звестак, якія складаюць службовую тайну»; «незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку - паўторна»; «дачы хабару і дачы хабару паўторна».