19 красавiка 2024, Пятніца, 17:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сусветны патрыярх вярнуў Украінскую праваслаўную царкву ва ўлонне Канстанцінопаля

51
Сусветны патрыярх вярнуў Украінскую праваслаўную царкву ва ўлонне Канстанцінопаля

Працэдура выдавання томаса аб аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царкве працягваецца.

Сінод Сусветнага патрыярхату прыняў шэраг пастаноў, якія тычацца аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквы, паведаміў журналістам 11 кастрычніка ў Стамбуле мітрапаліт гальскі Эмануіл. Заяву трансляваў тэлеканал «Прямий», паведамляе gordonua.com.

«Сусветны патрыярхат працягвае працэдуру выдавання томаса Украінскай царквы. Другое: аднавіць стаўрапігію Сусветнага патрыярхату ў Кіеве, адну з многіх стаўрапігій ва Украіне, што існавалі тут заўсёды», - сказаў ён.

Пастанова Канстанцінопальскага патрыярхату ад 1686 года аб перадачы ўкраінскай царквы ва ўпраўленне Маскоўскага патрыярха скасаваная, адзначыў Эмануіл.

«Сусветны патрыярх, рэалізуючы сваё права першага сярод роўных, вяртае Украінскую царкву ва ўлонне Канстанцінопаля», - заявіў ён.

Прадстаўнік Канстанцінопальскага патрыярхату пацвердзіў, што патрыярху Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата Філарэту і мітрапаліту Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Макарыю вернуты кананічны статус.

«Вызначана, што анафема ім была абвешчаная без дастатковых падстаў, з палітычных матываў», - заявіў Эмануіл.

З ягоных слоў, Канстанцінопальскі патрыярхат перасцерагае ад гвалтоўнага захопу цэркваў і манастыроў ва Украіне.

У 1686 годзе Канстанцінопальскі патрыярхат перадаў Маскоўскай царкве некаторыя паўнамоцтвы па кіраванні царкоўным жыццём Украіны, Беларусі, Літвы і Польшчы. На гэтай падставе сучасная РПЦ уважае Украіну сваёй кананічнай тэрыторыяй.

У 2018 годзе ўкраінскія ўлады чарговым разам звярнуліся да Усяленскага Патрыярха Варфаламея з просьбай падаць томас аб аўтакефаліі праваслаўнай царкве ва Украіне.

2 верасня Архірэйскі сабор у Стамбуле прыняў пастанову, што Канстанцінопальскі патрыярхат можа выдаваць аўтакефалію без узгадненняў з іншымі цэрквамі.

7 верасня ў рамках падрыхтоўкі да выдавання аўтакефаліі праваслаўнай царкве ва Украіне Сусветны патрыярхат прызначыў сваімі экзархамі ў Кіеве арцыбіскупа Данііла Памфілійскага з ЗША і біскупа Іларыёна Эдмантонскага з Канады.

Трохдзённы сінод Сусветнага патрыярхату пачаўся 9 кастрычніка ў Стамбуле. Пасяджэнне праходзіць у закрытым рэжыме.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках