Як былыя і цяперашнія кіраўнікі ўрада Беларусі «абмяняліся банкамі»
11- 11.10.2018, 19:46
- 14,394
Былы прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў стане сябрам рады дырэктараў Белгазпрамбанка.
Пра гэта tut.by паведамілі інфармаваныя крыніцы.
Нядаўна Кабякоў прайшоў ацэнку адпаведнасці кваліфікацыйным патрабаванням і патрабаванням да дзелавой рэпутацыі адмысловай камісіі Нацбанка. Ён атрымаў рэкамендацыі ад былога першага віцэ-прэм'ера Васіля Мацюшэўскага і незалежнага дырэктара беларускага «Альфа-Банка» Урала Латыпава.
«Чакаецца, што Кабякоў увойдзе ў раду дырэктараў Белгазпрамбанка, які падкантрольны расейскім акцыянерам. Аднак там ёсць і дзяржаўная доля», - сказалі крыніцы.
«Газпраму» і Газпрамбанку належыць па 49,66% акцый Белгазпрамбанка, «Газпрам трансгаз Беларусь» - 0,49%, Рэспубліцы Беларусь - 0,18%
Крыніцы ўважаюць, што 57-гадовага экс-прэм'ера рана спісваць з рахункаў. У перспектыве ён можа атрымаць больш важкую пасаду.
Імаверна, Андрэй Кабякоў зойме ў радзе дырэктараў банка вакантнае месца незалежнага дырэктара, у ролі якога да нядаўніх часоў выступаў Сяргей Румас.
У Белгазпрамбанку адмовіліся ад каментароў.
На днях Румас змяніў Кабякова на пасадзе старшыні назіральнай рады Банка развіцця. У большай ступені замена тэхнічная, таму што гэты фінансавы інстытут падкантрольны ўраду, адпаведна, пасаду кіраўніка назіральнай рады займае прэм'ер-міністр. Аналагічным чынам у якасці прадстаўнікоў дзяржавы ў назіральнай радзе БР прыйшлі новыя міністры эканомікі і фінансаў.
Дэ-факта Сяргей Румас захавае кантроль над Банкам развіцця. Бо старшынёй праўлення можа быць зацверджаная шматгадовая намесніца Румаса Таццяна Сасноўная. Яна таксама паспяхова прайшла спецкамісіі Нацыянальнага банка. У БР атрымаць каментар не ўдалося.
Такім чынам былы віцэ-прэм'ер Васіль Мацюшэўскі, якога звалі ў якасці пераемніка Румаса ў БР, можа сысці кіраваць Банкам БелВЭБ. Да прыходу ва ўрад Мацюшэўскі ўзначальваў БПС-Ашчадбанк.
Варта сказаць, што былы віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін пакуль застаецца старшынём назіральнай рады Белінвестбанка.