17 кастрычнiка 2018, Серада, 4:50
Нам патрэбна ваша дапамога
Рубрыкі

Святаслава Барановіча чакае новы суд

9
СВЯТАСЛАЎ БАРАНОВІЧ

Пасяджэнне пройдзе фактычна ў закрытым рэжыме.

У судзе горада Наваполацка 12 кастрычніка будзе разглядацца справа Святаслава Барановіча, асуджанага за выкарыстанне гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Пасяджэнне пройдзе фактычна ў закрытым рэжыме, бо адбудзецца на тэрыторыі папраўчай калоніі №1 Наваполацка, дзе ён адбывае пакаранне. Суд будзе разглядаць пытанне аб змяненні рэжыму адбыцця пакарання Барановічам на больш жорсткі, паведамляе сайт ПЦ «Вясна».

Апошнім часам на вязня адміністрацыя калоніі наклала блізу 9 дысцыплінарных спагнанняў, а са звестак, якія атрымала адна з ягоных сясцёр, апошні месяц ён правёў у карцары.

Праваабаронцам таксама стала вядома інфармацыя пра тое, што ягоная сястра перастала атрымліваць лісты ад брата яшчэ ў ліпені. Ейныя звароты ў Дэпартамент выканання пакаранняў наконт адсутнасці лістоў былі безвыніковымі.

Пра тое, што над братам адбудзецца суд сястра даведалася толькі дзякуючы таму, што Барановіч 5 кастрычніка запатрабаваў адваката, у выніку чаго судовае пасяджэнне было перанесенае на 12 кастрычніка.

Хто такі Святаслаў Барановіч?

15 сакавіка 2017 года, калі ў Менску праходзіў «Марш недармаедаў», адбылася спроба затрымаць частку мітынгоўцаў у масках падчас іх пасадкі ў тралейбус супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным. Пачалася бойка. Пазней следства, прагледзеўшы відэазапісы, выявіла, што менавіта Барановіч некалькі разоў ударыў міліцыянта па галаве на прыпынку тралейбуса каля плошчы Бангалор.

Святаслаў Барановіч быў затрыманы ў пачатку кастрычніка і змешчаны пад варту ў следчы ізалятар №1 Менска.

15 лютага 2018 года судзе Маскоўскага раёна г. Менска пачаўся судовы працэс паводле крымінальнай справы Святаслава Барановіча, якому было выстаўленае абвінавачванне ў выкарыстанні гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэкса). Падчас судовага працэсу Баранавічаў прызнаў сваю віну.

Пракурорка Сергіенка папрасіла для актывіста чатыры гады зняволення. Яго чыстасардэчнае прызнанне яна назвала змякчальнай акалічнасцю, а ранейшую судзімасць за Плошчу-2010 - абцяжарвальнай.

12 сакавіка Барановіча асудзілі на на 3 гады пазбаўлення волі. Ён абскардзіў прысуд, але 4 траўня калегія Менгарсуда пакінула касацыйную скаргу без задавальнення. Барановіча тады ў суд не прывезлі, хадайніцтва адваката з гэтай нагоды адхілілі.

Што здарылася ў 2010 годзе?

Святаслаў Барановіч - адзін з актыўных удзельнікаў акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года ў Менску (Плошча-2010). Быў затрыманы паводле крымінальнай справе аб «масавых беспарадках», аднак гэта здарылася не ў першыя дні або тыдні, а толькі 15 чэрвеня 2011 года. Фактычна на той час крымінальная справа была ўжо закрытая і праз яе прайшлі дзясяткі судоў.

Святаслаў Барановіч быў змешчаны пад варту ў менскае СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. 21 чэрвеня 2011 года ён быў абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

12 кастрычніка 2011 года суд Маскоўскага раёна Менска пад старшынствам суддзі Алены Рудніцкай прыгаварыў яго да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Суд выкарыстаў у дачыненні да Святаслава Барановіча арт. 70 КК Рэспублікі Беларусь і палічыў магчымым вынесці прысуд, меншы за мінімальны, прадугледжаны ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь, патлумачыўшы гэта наяўнасцю змякчальных абставін - малады ўзросту Барановіча і наяўнасці ў яго месца працы.