25 красавiка 2024, Чацвер, 3:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Не хочам прачнуцца ў кадыраўскай Чачэніі»

«Не хочам прачнуцца ў кадыраўскай Чачэніі»
ПРАТЭСТОЎЦЫ Ў МАГАСЕ, СТАЛІЦЫ ІНГУШЭЦІІ
ФОТА: ТАСС

Мітынгоўцы з Інгушэціі прыехалі ў Маскву.

У чацвер, 11 кастрычніка, арганізатары мітынгаў супраць новых межаў паміж Чачэніяй і Інгушэціяй абвясцілі аб спецыяльнай прэс-канферэнцыі на тэлеканале "Дождь". Пра тое, што ў Магасе ўжо восьмы дзень тысячы людзей удзельнічаюць у пратэстных акцыях, федэральныя каналы замоўчваюць. Карэспандэнтка DW сустрэлася з актывістамі, якія прыляцелі ў Маскву.

За некалькі гадзін да прэс-канферэнцыі ля дызайн-завода Флакон (тут знаходзіцца Студыя тэлеканала "Дождь") былі прыпаркаваныя два аўтазакі і дзяжурылі некалькі супрацоўнікаў паліцыі. Некалькі з іх зайшлі ў рэдакцыю. Тэлеканалу паведамілі, што такія меры - для бяспекі журналістаў і спікераў.

У гэты час унутры рыхтуецца да эфіру Барах Чамурзіеў, старшыня грамадскага руху "Апора Інгушэціі" і гісторык Танзіла Дзаурава. Яны ў складзе невялікай дэлегацыі - пяць чалавек - прыляцелі ў Маскву, каб атрымаць падтрымку ў сталіцы і расказаць, што напраўду адбываецца ў рэгіёне. Але сабраць паўнавартасную канферэнцыю не ўдалося - на эфір прыйшлі толькі некалькі журналістаў.

Чаго дамагаюцца мітынгоўцы ў Інгушэціі?

Галоўная пазіцыя актывістаў - дамагчыся легальнага перагляду межаў з Чачэніяй. Гаворка аб галасаванні за дамову сярод народных дэпутатаў Інгушэціі. Са слоў актывістаў, спачатку большасць прагаласавала за, а затым частка дэпутатаў паскардзіліся, што іх галасы былі сфальсіфікаваныя.

Зрэшты, актывісты тут жа дадаюць: дзіўна, што гэтыя межы наогул прыйшлося пераглядаць, бо іх ужо ўстанавілі ў 2009 годзе. "Перадаваць дзесяць адсоткаў тэрыторыі так, як гэта зрабіў Яўкураў, кулуарна - проста неймаверна", - кажа Барах Чамурзіеў. Ён больш за 20 гадоў пражыў у Санкт-Пецярбургу і толькі год таму вярнуўся назад у Інгушэцію. Цяпер ён - на чале мітынгоўцаў супраць дамовы.

Частка Сунжанскага раёна, якая павінна адысці Чачэніі, цяпер не заселеная. Гэта запаведная зона, на якой у дадатак чатыры вежавыя комплексы - мясцовыя помнікі архітэктуры. Але ў інгушоў асаблівае стаўленне да зямлі і да таго, хто ёй распараджаецца, тлумачыць у эфіры старшыня гісторыка-геаграфічнай супольнасці "Дзурдзукі" Танзіла Дзаурова.

Ейны муж Якуб Гогіеў, таксама гісторык, сочыць за эфірам праз тэлевізар у калідоры. Яны з жонкай ўдзельнічалі ў мітынгах з першага дня. Тады, са слоў Якуба, праз дзве гадзіны пасля паведамленняў у інтэрнэце аб народным сходзе, ва ўсім горадзе адключылі мабільны інтэрнэт - асноўны спосаб выхаду ў сеціва ў Інгушэціі.

Восем дзён мітынгаў: як гэта было

Якуб успамінае, што спачатку ідэі мітынгаваць не было. Жыхары проста хацелі паказаць дэпутатам, што яны іх падтрымліваюць і не трэба баяцца галасаваць сумленна.

"За чатыры кіламетры ад Магаса ёсць аўтамабільнае кола. Мы надумалі сабрацца там, ля крамы. План быў разам заехаць у горад, але адзіную дарогу перацяла паліцыя. Тады мы пакідалі аўтамабілі і надумалі ісці ў горад пешшу", - распавядае Якуб. Паліцэйскія аўто тут жа расступіліся, а некаторыя супрацоўнікі падыходзілі, ціснулі рукі і зычылі поспеху.

Першыя некалькі дзён мітынгавалі без транспарантаў і лозунгаў. Як толькі мітынг узгаднілі, людзі сталі прыносіць самаробныя плакаты, узбуйненыя карты рэгіёну, каб было відаць, якія тэрыторыі адыдуць Чачэніі. Першыя дні мітынгавалі на федэральнай трасе, пасля акцыі пратэсту перайшлі на цэнтральную плошчу.

Каб націснуць на мітынгоўцаў, на трэці дзень у Магасе далі загад ад адміністрацыі: закрыць усе кавярні і крамы ў акрузе. Частка кавярняў закрылася, але крамы працавалі. "Калі я заходзіў у некаторыя з іх, прадаўцы нават давалі зніжкі, а нейкую ежу - і зусім бясплатна, - кажа Якуб. - Гаспадыні пяклі мясцовыя аладкі, чапільгаш, і раздавалі людзям на вуліцах". На чацвёрты дзень сталі падвозіць прадукты на аўтамабілях. Адзін фермер, у якога дома было сем бычкоў, паабяцаў зарэзаць кожны дзень па адным і прывозіць карміць мітынгоўцаў.

Масквічам і не снілася такая аднадушнасць паліцыі і народа

У гэты час на экране з'яўляюцца кадры, як у натоўпе страляюць. Гэта ахова Юнус-Бека Яўкурава, кіраўніка Інгушэціі, робіць папераджальныя стрэлы ў паветра.

"Страшна", - заўважаюць журналісты. "Стрэлы нас толькі рассмяшылі, - адмахваецца Якуб. - Пачалі страляць, каб натоўп разышоўся, а людзі, наадварот, яшчэ больш сабраліся. Для інгушоў жа самае страшнае - не ўбачыць страляніну сваімі вачыма. У старажытнасці нават быў звычай, калі ў вёсцы адбываліся тры стрэлы, трэба было сабрацца.

Больш за ўсё інгушы, якія прыехалі ў Маскву, хваляць сваіх паліцэйскіх і супрацоўнікаў АМАПу. З іх слоў, масквічам і не снілася такая аднадушнасць паліцыі і народа. "Яны нават з намі разам на абедзенную малітву выходзілі. А калі на мітынгі са Стаўрапаля прыехала падмацаванне, нашы АМАПаўцы атачылі нас для абароны", - кажа Якуб.

Адразу пасля эфіру на мабільны аднаму з чальцоў дэлегацыі тэлефануюць з асабістай аховы Яўкурава і просяць "змяніць інтанацыю" ў эфіры тэлеканала. Хоць ніхто з актывістаў, якія прыляцелі ў Маскву, не адчувае сябе ў небяспецы і не скардзіцца на якія-небудзь пагрозы. Быць нязгодным у Чачэніі ды Інгушэціі - гэта розныя рэчы.

"Калі так пойдзе, то маё сяло калісьці таксама можа апынуцца ў кадыраўскай Чачэніі, - кажа Магамед Мецхало. Ён жыве на мяжы паміж Інгушэціяй і Чачэніяй. - Пры ўсіх заганах Яўкурава, у нас у рэспубліцы ёсць галоснасць. Я магу напісаць у Фэйсбуку тое, што я думаю, і раніцай прачнуся жывым. У Чачэніі гэта немагчыма".

У мітынгаў ужо ёсць наступствы. Звольненыя мінімум дзесяць супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах. Супраць двух з арганізатараў мітынгу - Мусы Мальсагава і Малсага Ужахава - распачатыя крымінальныя справы паводле 319-га артыкула "Абраза прадстаўніка ўлады".

У пятніцу невялікая дэлегацыя паедзе з Масквы назад у Інгушэцію. Актывісты кажуць, што ім не страшна вяртацца, бо амаль усё насельніцтва на іх баку. Яны працягнуць пратэсты. Цяпер мітынгі ўзгодненыя да 15 кастрычніка, але ўжо пададзеная новая заяўка - да канца кастрычніка.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках