28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тры новыя беларускія кнігі, якія варта прачытаць

Тры новыя беларускія кнігі, якія варта прачытаць
Фото: lohvinau.by; svaboda.org

Варта звярнуць увагу на бягучы літаратурны працэс у Беларусі.

Кожнай літаратуры патрэбна прэмія, якая стане лакмусавай паперкай для выяўлення вартых увагі твораў. Многія чытачы дзякуючы прэміям арыентуюцца ў свеце літаратуры, выбіраюць кнігі, якія варта прачытаць у першую чаргу. У гэтым годзе ў сувязі са скандаламі ў Шведскай акадэміі не будзе ўручана Нобелеўская прэмія па літаратуры, таму нам варта звярнуць увагу на бягучы літаратурны працэс у Беларусі, пiша onliner.by. Прапануем пачытаць тры новыя беларускія кнігі, аўтары якіх сталі лаўрэатамі буйнейшай незалежнай беларускай прэміі.

Сярод вялікай колькасці літаратурных прэмій, якія на сённяшні момант існуюць у нашай краіне, Прэмія імя Ежы Гедройца — найбуйнейшая незалежная. Яна прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу прозы, выдадзеную ў папярэднім годзе ў папяровым ці электронным варыянце ў жанрах мастацкая проза і эсэістыка. Сваё імя прэмія атрымала ў гонар польскага палітыка і публіцыста Ежы Гедройца, які нарадзіўся ў Мінску. На працягу многіх гадоў ён імкнуўся наладзіць добрасуседскія адносіны паміж Польшчай, Беларуссю, Украінай і Літвой. Сёлета Прэмія Гедройца была ўручана ўжо сёмы раз.

Трэцяе месца — Вінцэсь Мудроў «Забойца анёла» (выдавецтва «Кнігазбор»)

Полацкі літаратар Вінцэсь Мудроў атрымлівае бронзу Прэміі Гедройца ўжо другі раз. Гэта паказальнік стабільнасці аўтара, бо і ўдзельнічаў у прэміі ён усяго двойчы (у 2014 годзе са зборнікам апавяданняў «Багун» і сёлета). За трэцяе месца літаратар атрымаў сертыфікат на выданне кнігі ў выдавецтве «Кнігазбор».

Прэмія Гедройца для гэтай кнігі не першая ўзнагарода: у 2017 годзе «Радыё „Свабода“» абвясціла свой спіс найлепшых кніг года, і «Забойца анёла» апынуўся на першым месцы, апярэдзіўшы сёлетняга пераможцу Прэміі Гедройца Уладзіміра Арлова.

Дарэчы, кніга выклікала цікавасць у чытачоў яшчэ да выхаду, паколькі выдавецтва абвясціла конкурс на стварэнне вокладкі, паўдзельнічаць у якім мог кожны. Перамог варыянт Віталя Сыча, які і аформіў вокладку.

У зборнік «Забойца анёла» трапілі 13 апавяданняў, напісаных цягам апошняга дзесяцігоддзя. Падзеі ў творах разгортваюцца як у савецкім мінулым, так і ў наш час. Абсяг тэм, якія ўздымае аўтар, даволі шырокі. Напрыклад, настальгічныя творы пра дзяцінства, як апавяданне «Палёты праз цэнтр зямлі», галоўны герой якога хоча прасвідраваць зямны шар наскрозь, каб мець магчымасць апынуцца недзе ў Амерыцы. Назву зборніку дало апавяданне пра незвычайнае здарэнне на беразе Волгі. Адзін з герояў твора сцвярджае, што пяць гадоў таму падстрэліў сапраўднага анёла.

За Мудровым даўно замацавалася званне майстра сучаснай кароткай прозы, і ён трымае марку як гэтай кнігай, так і новай: выдадзеным у гэтым годзе зборнікам «Помнік літары Ў». А сучасным літаратарам варта пачытаць прозу Мудрова, каб зразумець, як трэба пісаць і выкарыстоўваць невычэрпнае багацце беларускай мовы.

Другое месца — Альгерд Бахарэвіч «Сабакі Эўропы» (выдавецтва «Логвінаў»)

Альгерду Бахарэвічу ёсць чым пахваліцца ў плане пападанняў на п’едэстал Прэміі Гедройца. Адзін раз ён быў трэцім — у 2015 годзе з кнігай «Дзеці Аліндаркі», затое другое месца апынулася для Альгерда зачараваным, бо яго ён прыцягвае ўжо чацвёрты раз. У 2012 і 2013 гадах за кнігі эсэ «Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча» і «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча», а ў 2015 і 2018 гадах за мастацкія творы «Белая муха, забойца мужчын» і «Сабакі Эўропы». Але ў гэтым годзе 900-старонкавыя «Сабакі Эўропы» ўжо сталі кнігай году, таму раман дакладна не застаўся неацэненым. Другое месца Прэміі Гедройца дае Бахарэвічу творчую стыпендыю ў Доме творчасці пісьменнікаў на шведскім востраве Готланд.

Гэты твор будзе інтэлектуальным выклікам для кожнага, хто возьмецца чытаць яго, бо з тэкстам прыйдзецца папрацаваць. Складаецца раман з шасці паўнавартасных гісторый, сюжэты якіх пераказваць бессэнсоўна, бо яны не існуюць паасобку. Безумоўна, іх можна было б раздзяліць на некалькі паўнавартасных кніг, але асаблівасць у тым, што гэтыя тэксты працуюць толькі разам.

Спецыяльна для кнігі Бахарэвіч распрацаваў сваю мову, якую назваў balbuta. Далучыцца да яе вывучэння можа кожны: у канцы кнігі змешчаны слоўнік і граматыка, а ў Facebook ёсць цэлая старонка, прысвечаная гэтай мове. З дапамогай урокаў, размешчаных там, вы даволі хутка навучыцеся складаць простыя сказы, а найбольш паспяховыя вучні ўжо перапісваюцца на бальбуце ў сацыяльных сетках.

Практыка вам сапраўды спатрэбіцца, бо як у рамане Талстога «Вайна і мір» сустракаюцца цэлыя старонкі па-французску, так у Бахарэвіча гэта цэлыя старонкі бальбуты. Розніца толькі ў тым, што да рамана Талстога ёсць зноскі з перакладам, а ў кнізе Бахарэвіча ўсё ў вашых руках, таму раман яшчэ і інтэрактыўны.

Увогуле, Альгерд Бахарэвіч становіцца беларускім Леанарда ДыКапрыа, які ўсё ніяк не мог атрымаць запаветны «Оскар». А калі атрымаў, то дзе цяпер той ДыКапрыа? Таму, можа, і добра, што Альгерд усё ніяк не трапіць на вяршыню п'едэстала. У прыхільнікаў яго творчасці ёсць лішняя нагода падтрымаць любімага аўтара і абмеркаваць яго творчасць.

Першае месца — Уладзімір Арлоў «Танцы над горадам» (выдавецтва «Логвінаў»)

Доўгія гады Уладзімір Арлоў быў сябрам журы Прэміі Гедройца і каля 15 гадоў не выдаваў новых мастацкіх кніг. У апошні час ён займаўся пераважна гістарычнай прозай, напрыклад, разам з мастаком Паўлам Татарнікавым выдаў ілюстраваную гістарычную кнігу для дзяцей «Айчына», якая стала лаўрэатам Прэміі Цёткі як лепшая кніга для дзяцей і падлеткаў. Сёлета Арлоў упершыню патрапіў у спіс намінантаў — і адразу апынуўся пераможцам. Разам з перамогай ён атрымаў чэк на 5000 еўра.

Перад уручэннем кожнай узнагароды журы агучвала, за што прысуджаецца пэўнае месца. Перамогу Арлоў здабыў з фармулёўкай «за аднаўленне містычнай традыцыі ў беларускай прозе ХХІ стагоддзя», і гэтая кніга сапраўды прыйдзецца даспадобы аматарам містыкі ў літаратуры.

Зборнік складаецца з трох атмасферных аповесцяў, якія могуць пагрузіць чытача ў транс. Напрыклад, героі першай аповесці, ад якой атрымала назву ўся кніга, — лунацікі, якія ўночы вандруюць па дахах дамоў і танцуюць, а днём вядуць звычайнае чалавечае жыццё.

Прысвяціў прэмію Арлоў «усім маім танцоркам і танцорам, якія і цяпер танчаць на дахах гарадоў гэтага і іншага светаў». А для самога аўтара прэмія стала выдатным падарункам на 65-гадовы юбілей, які ён адзначаў 25 жніўня гэтага года.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках