29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Красці трэба менш чыноўнікам!»

33
«Красці трэба менш чыноўнікам!»

Сума запазычанасці Беларусі пагражае краіне дэфолтам.

Еўразійскі банк развіцця пералічыў Беларусі чарговы транш крэдыту – 200 мільёнаў даляраў. Усяго ж сума крэдыту складае два мільярды даляраў. Гэтыя грошы, на запэўненне ўладаў, надзвычай важныя для дзяржавы. Колькі ўжо Беларусь набрала пазык і, самае галоўнае, чым збіраецца іх аддаваць?

Беларусь атрымала мільярд восемсот мільёнаў даляраў крэдыту ад Еўразійскага банка развіцця – застаўся яшчэ адзін транш на 200 мільёнаў. Першапачаткова, тры гады таму, Лукашэнка прасіў тры мільярды.

Але Беларусь не выканала 5 з 25 паказнікаў для атрымання шостага траншу крэдыту, тры з якіх – кантрольныя. Так, адсутнічаюць пастановы ўрада, накіраваныя на падтрыманне малога і сярэдняга бізнэсу, не створаны інстытут упаўнаважанага ў абароне правоў прадпрымальнікаў, а пра аптымізацыю дзяржаўных прадпрыемстваў і казаць няма чаго, паведамляе «Белсат».

«Гэта такі жэст добрай волі. Бо МВФ уцёк, сказаў, што хопіць эксперыментаваць. А гэтыя даюць. Думаю, палітычная падаплёка тут ёсць: маўляў, мы з Беларуссю неяк хочам сябраваць, і мы чарговы раз спадзяемся, што пачнуцца нейкія рэформы. Бо калі глядзець эканоміку, то ўсё вельмі жорстка, усё вельмі дрэнна», – кажа Мікола Маслоўскі, прадпрымальнік і блогер.

Паводле статыстыкі, вонкавая дзяржпазыка Беларусі з 1996 года вырасла больш, чым у 17 разоў. Атрымліваецца, штогод Беларусь лезла ў пазыкі прыблізна на 700 мільёнаў даляраў. Што пра гэта думаюць жыхары краіны?

«Я нават не ведаю, хто вінаваты ў гэтым. Напэўна, кіраўніцтва – бяруць крэдыты, якіх не могуць аддаць».

«Вельмі шмат грошай выдаткоўваюць на ўсякае глупства – на ўсякія палацы і гэтак далей».

«Невядома, куды гэтыя грошы ідуць, як яны размяркоўваюцца. Куды яны знікаюць».

«Красці менш трэба чыноўнікам!»

Сёлета афіцыйны Менск адмовіўся ад крэдытных праграмаў Міжнароднага валютнага фонду, заявіўшы пра немагчымасць выканання патрабаванняў арганізацыі, якія ўключалі ў сябе шэраг рэформаў, накіраваных на лібералізацыю эканомікі. Дык як рэжым будзе вяртаць пазыкі?

«Прыватнікаў будуць прэсаваць, якія падаткі прыдумляць. Ну і, напэўна, кожны жыхар Беларусі на сабе адчуе, што краіна набрала вельмі шмат крэдытаў, і ўзровень гэтых крэдытаў перавысіў бяспечны бар'ер, пасля якога краіна ўжо браць крэдыты не можа», – кажа Мікола Маслоўскі.

Паводле звестак спецыялістаў, якраз непразрыстасць дзяржаўнай сістэмы, жорсткае рэгуляванне эканомікі і сумнеўнае выкарыстанне грашовых сродкаў – негатыўныя чыннікі ў крэдытным рэйтынгу краіны, што можа не дазволіць рэфінансаваць ужо існыя пазыкі ў будучыні. А гэта пагражае дэфолтам.

Паводле словаў экспертаў, у 2019 годзе Беларусі трэба выплаціць 3,5 мільярда даляраў дзяржаўнай запазычанасці, у 2020 – на 200 мільёнаў больш.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках