25 красавiка 2024, Чацвер, 14:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта IT-шніку дуда?

Навошта IT-шніку дуда?

Некаторыя з сённяшніх дудароў паступова выходзяць на «сапраўдную» сцэну.

Ужо два гады фатаграфую гэтых дзіўных маладзёнаў, што ў сучасным горадзе чамусьці граюць на, падавалася б, зусім несучасным музычным інструменце – дудзе (калі хто не ведаў, гэта беларускі адпаведнік для рускага «волынка»). Чаму яны гэта робяць? Для каго? Навошта?

Сённяшнія музыкі не заспелі сельскіх беларускіх дудароў. Быццам бы жывая традыцыя спынілася ў 1970-х, а рух аднаўлення грання на дудзе распачаўся толькі ў 1980-я. Хаця ёсць гарадскія легенды, што да сярэдзіны 2000-х стары дудар жыў недзе ў Баранавічах у родных, але сучасныя музыкі так да яго і не даехалі.

Першае пакаленне гарадскіх дудароў, што распачыналі рух у 1980-х, – гэта мастакі і рамантыкі, вядомыя і за межамі пост-фольк асяродку: Алесь Лось, Тодар Кашкурэвіч, Алесь Жура. Цяпер яны граюць, але, падобна, што музыка – не асноўны іх занятак. Другое пакаленне кінулася ў музыку з галавой, стварала шматлікія гурты, некаторыя з іх сёння вельмі вядомыя: “Стары Ольса” (дудар Зміцер Сасноўскі), Znich (дудар Канстанцін Трамбіцкі), “Ветах” (дудар Вячаслаў Калацэй), Pawa (дудар Юрась Панкевіч), Sakramant (дудар Васіль Верабейчыкаў).

Трэцяе пакаленне, што зайграла ўжо ў канцы 2000-х ці ў 2010-х – гэта, па маіх назіраннях, ці людзі, звязаныя з новымі тэхналогіямі (IT-шнікі, інтэрнэт-дызайнеры), ці, наадварот, хлопцы (пра дзяўчат пакуль не кажу) рабочых прафесій. Яны граюць на танцавальных вечарынах, невялікіх імпрэзах, але некаторыя паступова выходзяць і на “сапраўдную” сцэну.

Прадстаўнік апошняга пакалення дудароў Мікола Столяр адказаў на некалькі пытанняў.

– Скажы, калі ласка, кім ты працуеш?

– У сферы IT, я тэставальнiк-мiдл. Гэта значыць, маю вельмi добры досвед, але ў маiм падпарадкаваннi нiкога няма.

– Як ты захапiўся граннем на дудзе?

– Гэта здарылася выпадкова. Гуляў з сябрамi па горадзе, калi яшчэ быў студэнтам. I мы натыкнулiся на афiшку Каляднага фэсту 2009 (ен праходзіў акурат у той жа дзень). Тады для мяне пачаліся медываль i фольк-метал. Выступ, як гаворыцца, зайшоў. I патрошку мяне зацягнула. Потым трапiў на Корч, там блiжэй пазнаемiўся з дудой, сярэднявечнымi i народнымi танцамi.

– Чаму дуда? Што яна табе дае?

– Я атрымлiваю задавальненне ад грання на дудзе. Мне падабаецца яе гук. Калі набыў інструмент, мае жыцце стала цiкавейшым. Разам з ею я атрымаў i атрымлiваю шэраг цiкавых падзей i знаемстваў.

– Як ты мяркуеш, якія перспектывы ў дударскага руху?

– Руху ёсць куды развiвацца. Дагэтуль шмат людзей не ведаюць пра беларускую дуду. Вельмi часта рэпетуючы на вольным паветры я адказваю на пытанні мінакоў, што гэта за iнструмент. Гранне на дудзе вельмi прываблiвае людзей. Таму я не здзiўлюся, калi ў нас у рэгiенах пачнуцца новыя фестывалi, звязаныя з дудой. Праз год цi два ўжо можа з’явiцца новае пакаленне дудароў. А дудары майго пакалення выйдуць на вышэйшую якасць выканання.

Тым часам сам Мікола акрамя грання на танцах выступае ў складзе гуртоў “Хмельны вір” і Trollwald. Апошні ўжо сёння дае канцэрт з нагоды дня народзінаў свайго лідара і вакаліста, Андруся Апановіча. Той, дарэчы, таксама дудар, экс-удзельнік гуртоў “Стары Ольса” ды Litvintroll, і сцвярджае, што вакал у яго дуду не перамог. Але гэта – зусім іншая гісторыя.

Алена Ляшкевіч, «Новы Час»

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках