25 красавiка 2024, Чацвер, 3:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вільня заблакавала электрычнасць з Беларусі

9
Вільня заблакавала электрычнасць з Беларусі

Варшава таксама цвёрда мае намер байкатаваць беларускі атам расейскага паходжання.

Менск не зможа прадаць электрычнасць Беларускай АЭС Вільні. Парламенцкая асамблея Рады Еўропы заклікала не выдаваць ліцэнзію атамнай электрастанцыі, якую будуе «Расатам» на мяжы з Літвой.

Прынамсі пакуль Беларусь не зможа рэалізаваць рэкамендацыі стрэс-тэстаў. Чарговы крок у байкатаванні БелАЭС таксама зрабіў літоўскі ўрад. Там рыхтуюць змены, якія заблакуюць шляхі для пастаўкі беларускай электраэнэргіі ў Літву, куды так хоча яе прадаваць Менск, паведамляе «Белсат».

У Вільні з вышыні птушынага палёту выразна відаць, як блізка ад літоўскай сталіцы знаходзіцца Астравецкая АЭС. На будаўніцтва атамнай электрастанцыі, якой так ганарыцца ўрад Беларусі, У Вільні глядзяць інакш.

«У нас закон, які выразна кажа, што гэтая атамная электрастанцыя - пагроза для Літоўскай нацыянальнай бяспекі, для нашага навакольнага асяроддзя і здароўя грамадства», - кажа міністр энэргетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас.

У сувязі з гэтым Літоўскае Міністэрства энэргетыкі падрыхтавала змены, дзякуючы якім энэргія з БелАЭС не зможа трапіць у Літву. Дакумент прадугледжвае нулявую прапускную здольнасць ліній электраперадачы паміж краінамі.

«Гэта другі крок. Мы паслядоўна рэалізуем сваю пазіцыю, што мы не будзем набываць энэргію, калі Астравецкая АЭС пачне працаваць», — прадаўжае Жыгімантас Вайчунас.

На змены, якія плануюць прыняць на наступным тыдні, ужо адрэагаваў афіцыйны Менск.

«Дык Ігналінская АЭС у Літве таксама на мяжы, і, калі яна працавала, ніхто не казаў пра пагрозу нацыянальнай бяспецы Беларусі», - заявіў міністр энэргетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч.

Літоўскі калега Каранкевіча мяркуе, што сітуацыі непараўнальныя. Тым больш, што эксплуатацыю рэактараў Ігналінскай АЭС спынілі яшчэ 9 гадоў таму.

«Стрэс-тэсты Ігналінскай АЭС былі цалкам скончаныя, а рэкамендацыі выкананыя. Такую ж пазіцыю мы займаем у дачыненні да Астравецкай АЭС. Усе рэкамендацыі, агучаныя летам, павінны быць цалкам выкананыя», - дадае Жыгімантас Вайчунас.

Непакой выклікае не толькі тое, што БелАЭС размяшчаецца ўсяго ў паўсотні кіламетраў ад літоўскай сталіцы. Але і тое, што аб'ект будуе расейскі «Расатам». Летась прэзідэнтка краіны Даля Грыбаўскайтэ назвала Астравецкую АЭС геапалітычным праектам Расеі, накіраваным супраць Літвы. Аднак, шэраг экспэртаў мяркуе, што будаўніцтва атамных электрастанцый за мяжой для Масквы - гэта перш за ўсё бізнэс.

«Расейская Федэрацыя мае няшмат галін прамысловасці, якія могуць экспартаваць высокія тэхналогіі. «Расатам» належыць да тых расейскіх кампаній, якія генеруюць высокія прыбыткі і прыносяць шмат грошай у бюджэт Расеі», — каментуе Павел Флэйшар з Інстытута прагназавання і міжнародных даследаванняў у Варшаве.

Акрамя Беларусі, Расея будуе АЭС яшчэ ў 8 краінах за мяжой. Напрыклад, у Турцыі, якая ўваходзіць у NATO. Яшчэ дзве краіны — Вугоршчына і Фінляндыя — у Еўразвязе, што не можа не турбаваць Аб'яднаную Еўропу.

«Брусэль адназначна будзе негатыўна ставіцца да інвестыцый, якія пачала Вугоршчына або тая ж Турцыя. З таго пункту гледжання, што гэта ўмацоўвае пазіцыю Расеі ў гэтых краінах», — прадаўжае Павел Флэйшар.

Экспэрт таксама мяркуе, што Расея можа выкарыстоўваць атамныя станцыі як інструмент ціску. Але наўрад ці як зброю ў выпадку канфлікту.

«Я мяркую, што ў Крамлі ёсць асобы, якія лагічна разважаюць пра магчымасць выкарыстання. Адзінае, яны могуць разглядаць сцэнар адключэння энэргіі ў ваколіцах АЭС, каб справакаваць падзенне эканомікі. Бо такія дзеянні выклікаюць крызіс: не працуюць банкі, тэлекамунікацыйныя сістэмы, транспарт», — дадае Флэйшар.

А таму Літва не толькі пратэстуе супраць беларускай АЭС, але і ўжывае захады, каб стаць цалкам незалежнай ад расейскай энэргіі. Пакуль краіны Балтыі працуюць у сінхронным рэжыме з постсавецкай энэргасістэмай. Але неўзабаве яны павінны сінхранізавацца з еўрапейскай сістэмай.

«Сёлета ў нас быў вялікі прагрэс. Мы дасягнулі палітычнага пагаднення паміж краінамі Балтыі, Польшчай і Еўракамісіяй, каб рухацца далей. І цяпер крок за крокам мы паслядоўна рэалізуем гэты праект, вельмі важны для бяспекі балтыйскіх краін» — распавядае міністр энэргетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас.

Акрамя таго, урад Літвы аднавіў план абароны насельніцтва ў выпадку інцыдэнту на атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Дакумент прадугледжвае эвакуацыю 6-ці тысяч жыхароў, якія знаходзяцца ў 30-кіламетровай зоне аб'екта. Прафесар Георгій Лепін, аднак, скептычна ацэньвае гэты план: «Літву няма куды перасяляць. Гэта маленькая краіна. Калі ў Беларусі нешта адбудзецца, можна людзей у тайгу куды-небудзь, у Расею адправіць, знойдуць выхад. У Літвы ж яго няма».

Адзінае выйсце - не дапусціць, каб АЭС у Астраўцы запрацавала. Урад Беларусі прадаўжае пераконваць у тым, што атамная станцыя будзе бяспечная, а энэргія — танная. Але Вільня не звяртае ўвагу на эканамічныя страты.

«Найбольшая страта - гэта пагроза нацыянальнай бяспецы. Натуральна, што мы турбуемся пра яе. Гэта наша адказнасць», - адзначае Жыгімантас Вайчунас.

Першы энэргаблок БелАЭС павінны запусціць ужо праз два гады. Але пытанне, хто будзе набываць электраэнэргію, усё яшчэ застаецца адкрытым.

На днях беларускае Міністэрства энэргетыкі заявіла, што ўсё яшчэ разлічвае на супрацоўніцтва з Польшчай. Але Варшава, як і Вільня, цвёрда мае намер байкатаваць беларускі атам расейскага паходжання.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках